Friday, December 17, 2010

МАЛЕБЕН ЗА БЕЛАРУСЬ ДА ЎСIХ БЕЛАРУСКIХ СЬВЯТЫХ

Сьвятар: Дабраслаўлёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Чытальнік: Амін.
Уладару нябесны, Суцяшальнік, Духу ісьціны, што ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і Жыцьцядаўца, прыйдзі і ўсяліся ў нас і ачысьці нас ад ўсяго благога і збаў, Добры, душы нашы.
Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, памілуй нас. (тройчы)
Найсьвяцейшая Тройца, зьлітуйся над намі. Госпадзе, ачысьці правіны нашы. Уладару, выбач бяспраўе наша. Сьвяты, наведай нас і аздараві немачы нашы дзеля імя Твайго.
Госпадзі памілуй. (тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Ойча наш , каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як на небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Чытальнік: Амін.
Чытальнік: Госпадзі, памілуй. (12 разоў)

Thursday, December 16, 2010

АБ ПЯЧАТКАХ, СЛОВАХ І БРАХНІ НЕКАТОРЫХ “ГРЭКА-ПРАВАСЛАЎНЫХ” ЯПІСКАПАЎ

Апошнім часам, пасьля доўгай “сьпячкі”, прачнуўся вядомы правакатар япіскап “Грэка – праваслаўнага руху” Васіль (Віктар) Касьцюк. Крыху зьмяніўшы форму сайту і сваіх ранейшых словаў, ён зноў выліў у інтэрнэт порцыю чарговай брахні.
Ягоныя маніякальныя нападкі на а. Сяргея Горбіка робяцца ўжо яўнай адзнакай псыхічнае хваробы і мусяць выклікаць толькі сьмех… Бо а.Сяргею прыпісваюцца ўсе праўдзівыя матэрыялы аб Касьцюке за апошнія гады, нават тыя, якія ніколі ім не пісаліся. Але ж, шануючы сваіх чытачоў і дасьледчыкаў беларускага праваслаўя, мусім абвяргаць гэтую брахню.
Вядома, магчыма зьмяніць пячаткі і блянкі, прыбраць ранейшыя матэрыялы зь сайту (але яны засталіся ў інтэрнэце). магчыма нават запярэчыць ўласную подпіс на дакумэнтах… Але фота, асабліва на стужцы, аніяк не падробіш: Вы, праз брахню пазбавіўшы сябе права называцца хрысьціянінам, ул. Касьцюк самі рукапакладалі а. Сяргея ў сьвятары, некалькі разоў саслужылі зь ім і прапагандавалі ягоныя пераклады!
Вось тут, на "сьцёртых" старонках сайту "Беларускага Грэка-праваслаўнага руху" (узят і стары сайт, зьнішчаны Касьцюком у канцы 2008 г.), які рэдагуе сам ул. Касьцюк, а. Сяргей называецца менавіта святаром:
http://belpat.narod.ru/index.files/Page704.htm
http://belcon.boom.ru/index.files/Page804.htm
http://belcon.boom.ru/index.files/Page692.htm
http://belpat.narod.ru/index.files/Page268.htm
http://belpat.narod.ru/index.files/Page657.htm
http://www.belpat.narod.ru/index.files/Page804.htm
http://www.belpat.narod.ru/index.files/Page268.htm


Рэдакцыя “Беларускай Аўтакефаліі”

Monday, December 13, 2010

ПАХВАЛЬНАЕ СЛОВА СЬВЯТОМУ АПОСТАЛУ АНДРЭЮ ПЕРШАПАКЛІКАНАМУ СЬВЯЦІЦЕЛЯ ЯНА ЗАЛАТАВУСНАГА

Моцная сетка Апостальскай лоўлі дзіўная памяць Андрэя і дзіўнае ўспамінаньне сеткі, якую ён ўжыў дзеля лоўлі і дзеля пакліканьня народаў да Хрыстовай веры. Бо невад, якім карысталіся гэтыя несьмяротныя памёршыя, ніколі не можа быць парваны забыцьцём. Не прыйдуць з часам у тленьне тыя прылады лоўлі, якія зроблены не чалавечым уменьнем, але Боскай мілатой. Хоць самі рыбакі і сышлі ад нас, аднак прылады, якімі яны карысталіся, ці невад, якім ахапілі самы сьвет, ніколі не прыходзілі ў тленьне. Калі яны закідваюць і выцягваюць сетку, то бываюць нябачнымі, аднак сеткі іх апынаюцца поўныя. Не кій яны узялі, які спарахнее ад часу, не льняныя ніткі, якія згніваюць ад старасьці, пагрузілі яны ў ваду. Не кручок зрабілі яны, які зьядае ржа, не ежу яны паклалі на кручок, якою маглі б улоўліваць рыб. Не на камяні яны сядзелі, да якога датыкаюцца воды, не ў лодцы, якую разьбівае хваляваньне, яны плылі. Не рыб, існасьць неразумную, яны улавілі; але як дзівосна тое мастацтва, якое яны выкарысталі, так і прылады іх былі новыя і незвычайныя. Бо замест кія яны ужываюся пропаведзь, замест лёскі ‑ памяць, замест кручка ‑ сілу, замест прынады ‑ цуды, замест камэня ‑ нябёсы, зь якіх яны робяць такую лоўлю; замест лодкі ў іх ‑ алтар, замест рыб яны улоўліваюць і саміх цароў, замест невада распаўсюджваюць Эвангельле; замест мастацтва яны прыкладаюць Боскую мілату; замест мора яны кіруюць чалавечым жыцьцём, замест сеткі яны звыклі карыстацца крыжам, як нейкім невадам.

СЬВЯТЫ ЎСЯХВАЛЬНЫ АПОСТАЛ АНДРЭЙ ПЕРШАПАКЛІКАНЫ

Памяць 30 лістапада
Андрэй з роду жыдоўскага, зь Віфсады Галілейскай, рыбак і брат Апостала Пятра. Спачатку ён быў вучням Яна Хрысьціцеля. Як толькі Папярэднік, паглядзеўшы на Ісуса, які прыйшоў, сказаў: “Вось Агнец Боскі!”, Андрэй пайшоў за Ісусам і зрабіўся Яго першым вучням. Ён названы Першапакліканым. Калі Ісус праходзіў каля мора Галілейскага, то Пятро і Андрэй лавілі рыбу. Госпад іх паклікаў за Сабой, прамовіўшы: “І кажа ім: ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей.” (Мц. 4:18–19)
Ён займае другое месца сярод Апосталаў. Хрыстос даў Апосталам уладу над нячыстымі духамі, каб Апосталы іх выганялі, каб вылечвалі ўсялякую хваробу і нямогласьць (Мц. 10:1). У ліку чатырох вучняў Госпада Андрэй ўдастоены Яго даверу слухаць Ягонае прароцтва аб будучай доле Царквы і сьвету (Мк. 13:3–5).

Sunday, December 12, 2010

СЬВЯТАРСТВА І НАРОД

архіяпіскап Апанас (Мартас)
Усякі народ, які вызнае тую ці іншую рэлігію, мае сваё вызначанае стаўленьне да сьвятарства сваёй рэлігіі. Гэта стаўленьне выпрацоўвалася стагодзьдзямі і знаходзілася ў вялікай залежнасьці ад ступені рэлігійнага настрою дадзенага народа, а таксама ад ягонага культурнага стану. Народы рэлігій каталіцкай і пратэстанцкай заўсёды ставіліся і ставяцца да свайго сьвятарства добразычліва і з павагай. Гэта мог бачыць кожны, хто жыў у краінах Заходняй Эўропы. Такое стаўленьне склалася не таму, што там сьвятарства ідэальна і беззаганна, а таму што народ выгадаваны ў павазе да духоўнага сану. Калі ж сярод гэтых народаў маецца нейкі адсотак людзей, варожа наладжаных да духавенства, тое гэта камуністы і злосныя бязбожнікі, якія складаюць малую колькасьць і ніякага уплыву на народныя масы вернікаў не маюць.

АБ БОГАСЛУЖБОВЫМ СТАТУЦЕ НАШАЕ ЦАРКВЫ

Друкуючы гэты матэрыял, “Беларуская Аўтакефалія” намагаецца адказаць на шэраг досыць частых пытаньняў, якія надыходзяць на нашу пошту. Чытаючы яго нам патрэбна памятаваць, што аж да канца ХVII стагодзьдзя Кіеўская праваслаўная мітраполія была адзінай для беларусаў ды ўкраінцаў. Таму беларускаму чытачу сьлед дадаваць “і беларускі”, калі ў тэксьце напісана “украінскі”.
Рэдакцыя “Беларускай Аўтакефаліі”

ДА ПЫТАНЬНЯ ПЕРШАКРЫНІЦ УНІЯЦКІХ БОГАСЛУЖБОВЫХ ПЕРАКЛАДАЎ АЙЦА АЛЯКСАНДРА НАДСАНА

прат. Сяргей Горбік
Гэты невялікае паведамленьне зьяўляецца пэўным вынікам досыць вялікай дыскусіі, якая разгарнулася пасьля публікацыі на сайце “Беларуская Аўтакефалія” артыкулу “Гісторыя і Праблематыка перакладаў праваслаўнага богаслужэньня на сучасную беларускую мову”, дзе дадзены невялікі аналіз перакладаў а.Аляксандра Надсана. Аніякім чынам не ўмаляючы ўклад шаноўнага а. Аляксандра ў справу перакладу богаслужбовых тэкстаў на беларускую мову і ў фармаваньне аднаго зь варыянтаў беларускае рэлігійнае тэрміналёгіі, жадаецца абагульніць і ўдакладніць некаторыя факты ў справе вызначэньня першакрыніц гэтых уніяцкіх перакладаў.

ЦАНІЦЕ ЧАС, БО ДНІ ПАДМАНЛІВЫЯ…

мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Не так даўно ў Пасланьні апостала Паўла мы чулі папярэджаньне і заклік цаніць час, бо дні падманлівыя... “Падманлівыя” ў тым сэнсе, што час зманлівы. Час як быццам ляжыць перад намі без межаў. Кожнае імгненьне нам здаецца, што за ім рушыць усьлед іншае імгненьне, што часу наперадзе яшчэ шмат. А разам з гэтым, Хрыстос нас ясна папярэджвае: вар'ят, хіба ты не ведаеш, што ў гэту самую ноч, на працягу якой ты разьлічваеш на адпачынак, на сон, твая душа будзе зь цябе выдрана. Сьмерць прыйдзе, канец жыцьця прыйдзе, часу прыйдзе канец... І ў іншым месцы Хрыстос кажа, што трэба дзеяць справы сьвятла, пакуль яшчэ ёсьць сьвятло, што прыйдзе час, калі сьвятла не будзе для нас, і тады наш шлях будзе цёмны... Трэба дзеяць справы сьвятла, пакуль ёсьць жыцьцё і час, — тое імгненьне, у якім мы цяпер жывём, не будучае імгненьне, якое можа ніколі не надысьці, і пакуль яшчэ кажа ў нас сумленьне, пакуль мы яшчэ можам услухоўвацца ў словы Выратавальніка, узірацца ў Ягонае аблічча і, як Ён сам сказаў, пераймаць таму прыкладу, які Ён нам даў.

Saturday, December 11, 2010

ТРЫ СЛОВА АБ НЯСЕНЬНІ КРЫЖА

сьвяціцель Феафан Затворнік
Слова І
“А я не хачу хваліцца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста”, кажа сьвяты Апостал Павал (Гал. 6:14). Як гэта сьв. Апостал да такога дайшоў стану, што нічым іншым хваліцца не жадаў, акрамя крыжа Хрыстова? Крыж усялякі ёсьць скруха, цесната, зьневажэньне; як жа хваліцца ім? І вось аднак жа Апостал Павел хваліцца ім; разам зь ім хваліліся вядома і усе Апосталы, а за імі і усе іншыя насіўшыя крыж. Чаму ж гэта так? Пабачылі багамудрыя мужы вялікае значэньне крыжа, высока шанавалі яго і хваліліся, што ўдастоіліся насіць яго. Яны бачылі ў ім, замест цеснаты, шырату, замест гаротнасьці саладосьць, замест зьневажэньня веліч, замест ганьбы славу, – і хваліліся ім, як хваліцца іншы пышным упрыгожваньнем і узнагародай.
О , калі б нам дараваў Гасподзь такі сэнс і разуменьне, каб зразумець і адчуць сілу крыжа і пачаць хваліцца ім!

Thursday, December 9, 2010

МАЛІТОЎНАЕ СТАЯНЬНЕ Ў ПАДТРЫМКУ БЕЛАРУСКАГА МАСТАКА АЛЕСЯ ПУШКІНА

Восьмага сьнежня 2010 года па сфабрыкаванаму абвінавачаньню быў затрыманы міліцыянтамі сустветна вядомы беларускі мастак і грамадзкі дзеяч Алесь Пушкін. Улады гатуюцца “судзіць” Алеся. Рэдакцыя парталу “Беларускае Аўтакефаліі” заклікае ўсіх сьвядомых беларусаў – нацыяналістаў; усіх, каму неабыякавыя паняцьця праўды і справядлівасьці, малітвай падтрымаць беларускага вязьня сумленьня Алеся Пушкіна.
Малітва ў падтрымку бязьвіннай ахвяры бязбожнае ўлады, слугі Боскага Алеся
Міласэрны Божа – Айцец, Сын і Дух Сьвяты, Тройца Сьвятая – усягодная хвалы і славы!
Паглядзі зь ласкаю Тваёй на слугу Твайго, Алеся, што ад бязбожнікаў у вязьніцы пакутуе. Дай яму сілаў, здароўя і цярпеньня вытрываць мучэньні, што прыносяцца на алтар Тваёй праўды ды хутка прыйдзі на дапамогу яму і вызвалі, каб ён разам зь намі вольна зьдзяйсьняў малітвы падзякі і хвалы Табе, шчодраму Богу і Творцы нашаму.
Усясьвятая Багародзіца, усемагутным заступніцтвам Тваім дапамажы мне ў гэтай малітве маёй упрасіць Сына Твайго і Бога нашага, каб Ён хутка вызваліў з палону бязбожнікаў слугу Свайго Алеся.
Усе Анёлы Госпада і ўсе сьвятыя зямлі Беларускай прасіце Бога, каб збавіў ад пакуты і вызваліў слугу Боскага Алеся. Амін.
Божа Ўсемагутны! Захавай слугу Твайго Алеся, жонку ягоную і дзяцей ягоных. Амін.