Friday, May 10, 2013

АКАФІСТ СЬВЯЦІЦЕЛЮ КІРЫЛЕ ТУРАЎСКАМУ


Кандак 1
Абраны ўгоднік Хрыстовы і Эвангельскіх запаветаў добры выканаўца, усяго Кіеўскага Праваслаўя залатавусны настаўнік, праслаўляем цябе, малітоўніка за ўсіх, хто зь вераю старана да цябе прыбягае, бо ты стаіш зь адвагаю прад Сьвятой Тройцай, малі аб нас, нягодных дзецях тваіх, каб у цьвёрдасьці Праваслаўнае веры і набожнасьці жылі і зь замілаваньням табе сьпяваем: Радуйся, Кірыла, богамудры настаўнік пакаяньня.
Ікас 1
Анёльскаму жыцьцю ад дзяцінства навучыўся ад богалюбівых бацькоў шляхетнага роду, але не любіў ні багацьця, ні славы тленнае, ні забаў сьвету гэтага, усё, як разумны, разумеў ты. Разуменьне прамудрасьці кніжнай ад добрых настаўнікаў грэцкіх успрыняў, і найбольш розум свой ад юнацтва рупліва да вывучэньня Боскага Пісаньня і сьвятых скіраваў, а малітву, адзіноту і пост палюбіў ты, Кірыла. Цяпер і нас да набожнасьці гэтым уздымі, удзячна сьпяваючых табе:
Радуйся, горада Турава лаза цудоўная, што прынесла плод добры; радуйся, бо Адзінага Госпада й запаветы Ягоныя ад юнацтва ты палюбіў.
Радуйся, бо набожных бацькоў сваіх руплівасьцю да навукі парадаваў; радуйся, бо ад настаўнікаў, вядомых грэкаў, розум кніжны ты прыняў.
Радуйся, бо паказаў вялікія посьпехі ў кніжнае мудрасьці і набожнасьці; радуйся, бо ад Сьвятога Пісаньня прамудрасьць Боскую атрымаў.
Радуйся, бо творамі Яна Залатавуснага ды сьвятых айцоў Бізантыі розум свой сілкаваў; радуйся, бо цноту, сьціпласьць і пакору ад юнацтва захаваў і праз усё жыцьцё свае пранёс.
Радуйся, Кірыла, богамудры настаўнік пакаяньня.