Saturday, April 27, 2013

КАЗАНЬ У СУБОТУ ЛАЗАРА


Слава Ісусу Хрысту!
Упадабаныя браты і сёстры!
Заканчваецца Вялікі пост, і мы стаім на парозе страсных дзён, калі набліжаецца Пасха Хрыстова - як пераможная узнагарода за устрыманьне і пакуты, пачатак вялікай надзеі, што прыносіць невымоўную радасьць. Гэтую надзею абвясьціў нам Гасподзь уваскрашэньнем Лазара, паказаўшы, што Ён мацней сьмерці - па адзіным загадзе Яго Лазар, які памёр чатыры дні таму, паўстаў жывы з труны.
Каб зразумець увесь велічны сэнс гэтага цуду Хрыста, які Ён зьдзейсьніў напярэдадні Сваіх крыжовых пакут, нам патрэбна зьвярнуцца да разуменьня самой сьмерці. Што ёсьць сьмерць? Яна увайшла ў жыцьцё чалавека ад моманту грэхападзеньня. Сама зямля зрабілася жахлівай турмою сьмерці, а усё бачнае жывое тварэньне - яе бездапаможнымі палоннымі і рабамі (Жыд. 2; 14-15). Да Увасабленьня Бога-Слова само імя сьмерці прыводзіла усіх у роспач і кідала ў адчай. Сьмерці баяліся усё. Баяліся сьмерці не толькі язычнікі, якія не ведалі таямніцы яе паходжаньня, але і юдэі, якія мелі Боскае Адкрыцьцё. Гэта было натуральна, бо сьмерць для іх непасрэдна зьвязана была з пеклам. Сьмерці баяліся – яна ў сьвядомасьці тагачасных людзей была канцом жыцьця…. Ніхто, нават найвялікшыя праведнікі і прарокі, не маглі перамагчы сьмерць. Уваскрэсеньне з мёртвых - гэта найвялікшы цуд, які можа зьдзейсьніць толькі Бог і ніхто больш.