Sunday, July 26, 2009

ВОЛЬНЫ ЛІСТ КІРАЎНІКА УАПЦ МІТРАПАЛІТА МЯФОДЗІЯ ПАТРЫЯРХУ УПЦ КІЕЎСКАГА ПАТРЫЯРХАТУ ФІЛАРЭТУ

Зьвярнуцца да Вас з гэтым лістом мяне прымусіла публікацыя ў часопісе “Український Тиждень” (нумар №10 (71) ад 13.03.2009 г.), дзе Вы ў першыню за апошні час публічна пракамэнтавалі зьмест перамоў УПЦ КП з Усяленскім Патрыярхатам летам мінуўшага году. Украінская Аўтакефальная Праваслаўная Царква жыцьцёва зацікаўлена ў аб’яднаньні ўкраінскага праваслаўя на падмурку поўнай кананічнае незалежнасьці (аўтакефаліі) і робіць усё да яе залежнае, каб гэтае аб’яднаньне адбылося.

Аднак, абапіраючыся на пазыцыю нашых папярэднікаў – дабрашчаснай памяці Сьвяцейшых Патрыярхаў Мсьціслава, Уладзіміра і Зьміцера, мы лічым, што мэтай аб’яднаньня мусіць быць не толькі фактычная аўтакефалізацыя Ўкраінскае Царквы, а і ўваход яе да супрычасьця з сусьветным праваслаўем. Згода Яго сьвятасьці сьвяцейшага Патрыярха Варфаламея наведаць Украіну з нагоды сьвяткаваньня 1020 угодкаў хросту Кіеўскае Русі напоўніла нас і мільёны нашых суайчыньнікаў надзеяй на тое, што канчатковае стварэньне кананічна прызнанай Адзінай Памеснае Праваслаўнае Царквы можа адбыцца ўжо пры нашым жыцьці.

Мы спадзяваліся, што візыт Сусьветнага Патрыярха адчыніць герархіі нашых Цэркваў персьпэктыву кананічнага вызнаньня ў блізкай будучыні. Спадзяваліся, што зважаючы на канструктыўную пазыцыю аўтакефальнага руху ва Ўкраіне, Сьвяцейшы Патрыярх Варфаламей па бацькоўскі прапануе нам мадэль пераадоленьня кананічнае крызы. Аднак, не з віны Ўкраінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, перамовы з прадстаўнікамі Сусьветнае Патрыярхіі былі зарваныя, а царкоўны рух за аўтакефалію ва Ўкраіне зазнаў маштабнае паражэньне.

Маючы клопат аб інтарэсах незалежнага ўкраінскага праваслаўя, мы лічылі і лічым некарысным публічна выказваць вядомыя нам факты аб зьмесьце перамоў з прадстаўнікамі Усяленскага патрыярхату. Ваша і інтэрв’ю “Українському Тижню” зьмяніла становішча, і сёньня мы вымушаны публічна пракамэнтаваць тыя факты, што ўжо апублікаваны Вамі. Напрыклад, як Вы сьцьвярджаеце ў дадзеным інтэв’ю, прадстаўнікі Сусьветнага Патрыярхату прапанавалі ЎПЦ КП наступныя ўмовы выхаду з кананічнай ізаляванасьці:

· часовая адмова ад статусу Патрыярхату;

  • уваходжаньне да юрысдыкцыі Сусьветнага Патрыярхату з мэтай атрыманьня Томасу аб аўтакефаліі ў будучыні;

· Фармаваньне кананічных кіруючых ворганаў Украінскае Царквы ў юрысдыкцыі Сусьветнага Патрыярхату з дабраслаўленьня Сусьветнага Патрыярха (у прыватнасьці, абраньне Кіраўніка Царквы актам Сусьветнага Патрыярха з трох альтэрнатыўных кандыдатур, які высоўвае ўкраінскі япіскапат).

Крытыкуючы гэтыя, агучаныя прадстаўнікамі Канстанцінопаля, умовы, Вы трапна заўважылі, што прапанаваныя зараз Украінскае Царкве кананічныя права пад амафорам Сусьветнага Патрыярха значна саступаюць тым правам, якімі Кіеўская Мітраполія гістарычна карысталася ў складзе Сусьветнага Патрыярхату і сукупнасьці кананічных правоў сучаснае ЎПЦ у складзе Маскоўскага Патрыярхату. Мы таксама згодны з Вамі ў тым, што прапанаваная Канстанцінопалем мадэль пераадоленьня крызы (прынамсі, у той форме, як яе апісана ў Вашым інтэрв’ю) не ёсьць аптымальнай і не можа разглядацца намі як канчатковая мадэль кананічнай арганізацыі.

Аднак, як добра памятаюць тыя, хто знаходзіўся разам з Вамі ў Канстанцінопале напярэдадні візыту Сусьветнага Патрыярха, тады гэтыя ўмовы не выклікалі ў Вас пратэсту.

Таму Ваша пазіцыя сёньня здаецца нам неканструктыўнай і такой, якая абумоўлена выключна асабістымі інтарэсамі. Бо дадзеную мадэль было прапанавана толькі ў якасьці пераходнай да канчатковай кананічнай незалежнасьці Ўкраінскае Царквы – выданьня Томасу аб аўтакефаліі. Нагадаю Вам і іншы факт, а менавіта тое, што дамоўленасьці выразна вызначалі крытэрый, згодна якога ў будучыні аналізавалася гатоўнасьць Украінскае Царквы ў складзе Сусьветнага Патрыярхату да поўнай кананічнай незалежнасьці (аўтакефаліі) – а менавіта, знаходжаньне ў гэтай юрысдыкцыі больш 5 тысяч праваслаўных парахфій ва Ўкраіне.

Паколькі наша Царква таксама брала чынны ўдзел у перамоўным працэсе, з адказнасьцю заяўляем, што, на нашу думку, у ходзе перамоў украінскі бок меў рэальную магчымасьць значна аптымізаваць мадэль кананічнае легітымізацыі УПЦ КП і ЎАПЦ. Аднак дзеля гэтага ўкраінскі бок таксама меўся пайсьці на сустрэчу Канстанцінопалю, а менавіта выканаць галоўную ўмову прадстаўнікоў Сусьветнага Патрыярхату, а менавіта пагадзіцца, што Кіраўнік Украінскае Царквы ў складзе Сусьветнага Патрыярхату абіраўся Сусьветным Патрыярхам з трох прапанаваным украінскім япіскапатам кандыдатур.

Дазволю сябе нагадаць Вам, што прад візытам ва Ўкраіну Сусьветнага Патрыярха ў УПЦ КП з Вашага дабраслаўленьня быў скліканы Архірэйскі Сабор (18.07.08), які надаў Вам права весьці перамовы адносна легітымізацыі герархіі шляхам уваходжаньня Царквы ў склад Сусьветнага Патрыярхату. Гэты Сабор не залучыў япіскапат альбо Сьвяцейшы Сынод УПЦ КП да перамоўнага працэсу альбо выпрацаваньня мадэлі падобнай легітымізацыі. Ён толькі надаў Вам мандат на вядзеньне перамоў. Аднак, надаўшы Вам мандат даверу, япіскапат УПЦ КП спадзяваўся, што Вы выкарыстаеце яго не дзеля абароны ўласных інтарэсаў, а дзеля вядзеньня перамоў у інтарэсах усёй Царквы.

На жаль, гэтага не адбылося. Вы згадзіліся на ўваход УПЦ КП у склад Сусьветнага Патрыярхату, значыцца на часовую адмову ад аўтакефаліі і патрыяршага сану Кіраўніка Царквы. Аднак, калі Вы дазналіся, што абраньне Кіраўніка Ўкраінскае Царквы адбудзецца на альтэрнатыўных умовах, і ў Вас няма стопрацэнтнае гарантыі абраньня на гэтую пасаду, перамовы былі фактычна сарваны.

Чаму менавіта Вы катэгарычна не згаджаліся з гэтай умовай? Бо прынцыповым пытаньнем не ёсьць працэдура абраньня Кіраўніка, а зьмена статусу Царквы (з якой Вы, уласна, згадзіліся). Што датычыцца абраньня Кіраўніка з трох кандыдатур, то хіба кожная з кандыдатур не мела б высоўвацца ўкраінскім япіскапатам? Дазволю сябе нагадаць Вам, Уладыка, што дзеля аблягчэньня працэсу аб’яднаньня пад амафорам Сусьветнага Патрыярха, Украінская Аўтакефальная Праваслаўная Царква згадзілася ўстрымацца ад прапанаваньня ўласных кандыдатур. Мы запэўнівалі Вас, што гатовыя на будучых выбарах Кіраўніка зьяднанае Царквы не прапанаваць: а ні кандыдатуру Кіраўніка ЎАПЦ Мітрапаліта Мяфодзія, а ні любой іншай кандыдатуры ад УАПЦ

Такім чынам УПЦ КП мела магчымасьць вылучыць на пасаду Кіраўніка кандыдатуру патрыярха Філарэта і яшчэ двух кандыдатаў з ліку япіскапату УПЦ КП. Аднак, нават гэты варыянт, які цалкам адпавядаў інтарэсам УПЦ КП, быў адкінуты Вамі. Няўжо з ліку япіскапату сучаснае ЎПЦ КП няма ніводнае годнае кандыдатуры, апрача Вас? Няўжо Кіеўскі Патрыярхат існуе толькі дзякуючы Вам? Няўжо за дзесяцігодзьдзя сваёй працы па пабудове УПЦ КП Вы не знайшлі, прынамсі не выхавалі двух годных япіскапаў, якія б былі здольныя працягваць Вашу царкоўную справу?

На жаль, лёгіка Вашых паводзінаў нам цалкам зразумела. Вы проста не жадаеце паступацца сваёй уладай і пасадай. У працэдуры абраньня Кіраўніка Вы пабачылі патэнцыйную пагрозу ўласнай уладзе ў УПЦ КП, якая на сёньня фактычна ёсьць неабмежаванаю. Такім чынам, маючы клопат аб уласнае ўладзе ў Царкве, Вы цалкам перакрэсьлілі магчымасьць кананічнае легітымізацыі й атрыманьня кананічнае аўтакефаліі для Ўкраінскае Царквы ў блізкай гістарычнай будучыне. Свае індывідуальныя інтарэсы Вы паставілі вышэй чым агульнацаркоўныя. Сваю ўласную ўладу атаясамляеце з адзінай магчымасьцю і карысьцю для Ўкраінскае Царквы.

Аднак, ці магчыма Вашу пазіцыю лічыць канструктыўнай? Па чалавечы мы цудоўна разумеем Ваша нежаданьне паступацца ўладай у УПЦ КП, дзе Вы сапраўды ёсьць найбольш дасьведчаным царкоўным адміністратарам. Аднак, ці Вам не здаецца, што атрыманьне кананічнага вызнаньня з боку Канстанцінопаля і супрычасьце з сусьветным праваслаўем зьяўляецца сёньня для УПЦ КП і ЎАПЦ значна большым, чым нашы з Вамі асабістыя інтарэсы.

Наша з Вамі ўлада ў Царкве – не абсалютная і мае часовы характар. І раней ці пазьней, з сваёй уласнай волі, альбо з волі Божай, нам з Вамі давядзецца адысьці ад кіраўніцтва тымі царкоўнымі юрысдыкцыямі, якія мы сёньня ўзначальваем. Таму, ці не варта разам падумаць аб тым, каб дапамагці аўтакефальнаму руху ва Ўкраіне выйсьці з кананічнай крызы, адмовіўшыся ад уласнага кіруючага становішча ў Царкве.

Паспрабуем рэальна ацэніць становішча, у якім мы апынуліся пасьля самаабвяшчэньня аўтакефаліі. З аднаго боку, аўтакефальнаму руху за гэты час атрымалася значна ўзмацніць сваё становішча. Было пабудавана сотні новых храмаў, заснаваны і дзейнічаюць духоўныя школы, выхавана новае пакаленьне сьвятарства, і, як сьведчаць сацыялягічныя апытаньні, у народзе набыла значнай падтрымкі ідэя поўнасьцю незалежнай Ўкраінскай Царквы.

Адначасна, не магчыма не заўважаць і небясьпечных для аўтакефальнага руху тэндэнцый. Мы знаходзімся ў кананічнае ізаляцыі – Памесныя Праваслаўныя Царквы пакуль утрымліваюцца ад еўхарыстычных адносін з клірыкамі ЎПЦ КП і ЎАПЦ. Кананічная дысцыпліна і адукацыйны ўзровень нашага сьвятарства часта пакідае жадаць лепшага. Маргінальнымі лідэрамі з ліку былых клірыкаў нашых Цэркваў засноўваюцца асобныя псэўдацаркоўныя структуры, дзе ёсьць яўныя адыходы ад праваслаўнай традыцыі. Сотні тысяч вернікаў УПЦ КП і УАПЦ, якія жывуць сёньня па-за межамі Ўкраіны, з сумам дазнаюцца, што Таямніцы, якія яны прынялі ў нашых Цэрквах, на сёньня не прызнаюцца ў іншых Памесных Цэрквах. Зрэшты, і гэта галоўнае, хоць пасьля абвяшчэньня Кіеўскага Патрыярхату прайшло 18 гадоў, большасьць праваслаўных грамад Украіны сёньня знаходзяцца ва Ўкраінскай Праваслаўнае Царкве пад амафорам Сьвяцейшага Мітрапаліта Ўладзіміра, тлумачачы гэта тым, што (у адрозьненьні ад УПЦ КП і ЎАПЦ) гэта Царква мае кананічнае вызнаньне сусьветнага праваслаўя.

Мы згодны пагодзіцца з Вамі, што прапанаваныя УПЦ КП Канстанцінопалем умовы былі досыць жорсткімі. Аднак мы таксама разумеем і канстанцінопальскі бок, які жадае не толькі надаць УПЦ КП і ЎАПЦ кананічную легітымнасьць, але і стварыць інструмэнты кананічнага кантролю, што дазволіла б кананічна спарадкаваць царкоўнае жыцьцё ва Ўкраіне і спыніць працэсы руйнацыі ва Ўкраінскім праваслаўі – кананічны нігілізм і анархію, палітызацыю царкоўнага жыцьця, этнафілітычную ідэалёгію.

Украінская Аўтакефальная Праваслаўная Царква ніколі не здрадзіць той ідэал, за які маліліся і змагаліся нашы гістарычныя папярэднікі. Поўная кананічная аўтакефалія была, ёсьць і застаецца канчатковай мэтай нашага руху, бо мы лічым, што з агляду на сваё апостальскае паходжаньне, старажытную гісторыю і вагу ў праваслаўным сьвеце, Украінская Царква заслугоўвае мець уласную Памесную Царкву з патрыяршай годнасьцю.

Аднак, мы прагнем, каб ва Ўкраіне была створана не толькі адзіная і фактычна незалежная Памесная Царква, але і тое, каб гэта Царква сьвята шанавала праваслаўную традыцыю і знаходзілася ў еўхарыстычных зносінах з ўсім праваслаўным сьветам. А гэтага ніколі не адбудзецца, пакуль абвешчаную намі аўтакефалію і Кіеўскі Патрыярхат не будзе прызнаны Сусьветным Патрыярхатам, а таксама ўсёй паўнатой Праваслаўнай Царквы.

Сьвятыя каноны Праваслаўнае Царквы не сьведчаць аб тым, якім менавіта чынам маецца абвяшчацца і ўзгадняцца з сусьветным праваслаўем аўтакефальны статус мясцовай Царквы. Таму шмат новых аўтакефальных Цэркваў, уключаючы Расейскую, ствараліся шляхам самаабвяшчэньня аўтакефаліі.

Аднак, мы мусім усьведамляць, што адсутнасьць еўхарыстычных зносінаў з сусьветным праваслаўным япіскапатам – ёсьць анамаліяй для Царквы, а трывалая кананічная ізаляцыя можа прывесьці да трагічных наступстваў, калі штучна ізаляванае ад сусьветнага праваслаўя царкоўнае цела будзе разьвівацца асобна ад паўнаты Царквы і за ўласнымі законамі. Гісторыя асобных царкоўных структураў у дыяспары і Ўкраіне ўжо засьведчыла, што такая неправаслаўная трансфармацыя ізаляваных ад сусьветнага праваслаўя царкоўных целаў магчыма. Аб гэтым таксама сьведчыць гісторыя кіруемай Вамі УПЦ КП, якая яшчэ ў 1999 г. прапанавала ідэю стварэньня “другой паралельнай сям’і праваслаўных Цэркваў”, увайшоўшы ў еўхарыстычныя адносіны з некананічнымі і альтэрнатыўнымі адносна законных Памесных Цэркваў царкоўнымі групамі па-за межамі Ўкраіны, у прыватнасьці з “альтэрнатыўнай” Балгарскай Царквой.

Для Ўкраінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы імпэратывам ёсьць ня толькі аўтакефальны і патрыяршы статус Украінскай Царквы, але і яе праваслаўнасьць, а менавіта дакладнае прытрымліваньне сьвятога сьвятаайцоўскага веравучэньня і кананічнае традыцыі Праваслаўя. А таму, мы рабілі і будзем рабіць далей, усё ад нас залежнае, каб Украінская Царква атрымала ў найблізкай будучыні магчымасьць супрычасьця з сусьветным праваслаўем.

Украінская Царква не мае сёньня права на памылку. Не маем такога права і мы з Вамі як герархі, ад якіх пэўнай мерай залежыць сучасны стан і будучая доля ўкраінскага праваслаўя. Таму мы яшчэ раз зьвяртаемся да Вас з просьбай адказна паставіцца да выклікаў часу і зрабіць усё магчымае для таго, каб незалежная Ўкраінская Праваслаўная Царква не патрапіла ў трывалую кананічную ізаляцыю. Упэўнены, што праваслаўная Ўкраіна і гісторыя годна ацэніць Ваш крок, калі Вы, дзеля міру, еднасьці і кананічнае легітымізацыі Ўкраінскае Царквы, пагадзіцеся на тое, каб яе кіраўніком зрабілася новая асоба. Асоба, якая б здолела зрабіцца сымбалем царкоўнае еднасьці і новай кананічна ўзгодненай лініі царкоўнага будаўніцтва ва Ўкраіне.

Уладыка! Шмат украінцаў успрымаюць Вас як “сучаснага Майсея”. Адна, падобнае стаўленьне да Вас часткі ўкраінскае грамады – гэта яшчэ не апошняя гістарычная ацэнка Вашай ролі ў найноўшай царкоўнай гісторыі. Гэта, хутчэй, сьведчаньне тых спадзяваньняў, які пакладае на Вас частка ўкраінскае грамады. Іншымі словамі, гэта маральны абавязак, які пакладае на Вас вялікую адказнасьць.

Прабачце, але мне згадваюцца падзеі таго дня, калі Сьвяцейшы Патрыярх Варфаламей пакідаў Украіну. Тады ў Сакратарыяце, Вы выглядалі як чалавек, які згубіў грунт пад нагамі: пабялеўшы, стомлены твар, аніякі, разгублены погляд, струмені поту, якія цяклі з аблічча, нейкая змораная жыцьцём постаць… Згадваюцца мне і вашы словы:

– “А дзе гарантыя, што мяне абяруць Кіраўніком?!”

Да Вас падышоў чалавек, якога ведаюць і шануюць ва ўсёй Украіне, чалавек, імя якога павязана з адраджэньнем украінскай дзяржаўнасьці.

– “Ваша Сьвятасьць! Вы хоць бы раз падумалі аб дзяржаве, аб маладым сьвятарстве, якое не прызнаецца ў сьвеце, – што з ім будзе пасьля Вас?”

Не маючы што прамовіць у адказ, Вы толькі паўтаралі:

“Я – патрыярх… Уладыка Варфаламей мусіў з мной сустрэцца…”

І пачулі наступную горкую праўду:

“Які Вы патрыярх? Хто Вас прызнае? Прэзыдэнт жадае Вам дапамагці, жадае каб Вас вызнаў сьвет, а Вы не дазваляеце гэта зрабіць!”

Магчыма было б распавесьці і аб іншыя абставіны таго дня, аднак, мы не лічым патрэбным гэта рабіць публічна. Сутнасьць не ў гэтых драбніцах, а ў тым, што ў той час Вы, Уладыка, на жаль, выявілі слабасьць духу і не адшукалі ў сябе мужнасьці адмовіцца ад пасады і ўласных паўнамоцтваў, наносячы гэтым здрадніцкі ўдар і па Прэзыдэнту, і па ўсім патрыятычным сілам краіны.

Мне сумна гэта пісаць, Уладыка, але такія паводзіны не годны Кіраўніка. Кіраўнік Царквы не мае права атаясамляць свае індывідуальныя інтарэсы з агульнацаркоўнымі. Так, Вы абраны Памесным Саборам УПЦ КП на пасаду Патрыярха Кіеўскага. Аднак гэты Ваш высокі сан не прызнаецца сёньня ані Памеснымі Праваслаўнымі Цэрквамі, ані большасьцю праваслаўных хрысьціянаў Украіны, у тым ліку Ўкраінскай Праваслаўнай і Ўкраінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Цэрквамі.

Мы не жадаем быць Вашым судзьдзёй. Кожны з нас мае толькі аднаго судзьдзю – Госпада, міласэрнасьць Якога да грэшнікаў дзіўнае і невымоўна. Аднак, я лічу магчымым і маральна апраўданым яшчэ раз зьвярнуцца да Вас з брацкай парадай. Не верце спакушальным словам залежных ад Вас герархаў, што быццам без Вас, у якасьці кіраўніка Царквы, Кіеўскі Патрыярхат чакае раскол і стагнацыя. Кожнага з нас магчыма замяніць. І кожнага з нас, царкоўных герархаў, раней ці пазьней заменіць іншая асоба, якая зойме наша месца пасьля нас.

Гэта – закон жыцьця. І супярэчыць гэтаму закону не варта, паколькі, дзеючы падобным чынам, мы здольны нашкодзіць не толькі свайму духоўнаму здароўю, але і нашым Цэрквам. Знайдзіце мужнасьць для шляхетнага ўчынку. Скарыцеся на волю Боскую і пагадзіцеся на тое, каб Украінскую Царкву ўзначаліла іншая асоба, якая б не стаяла перашкодай на шляху паразуменьня з сусьветным праваслаўем.

Паверце, такі крок не прынізіць Вашай годнасьці. Наадварот, ён зьніме з Вас пэўныя падазрэньні, сьведчачы, што тое, што Вы зрабілі, уключна з кананічнымі памылкамі у часе барацьбы за аўтакефалію – рабілася не для таго, каб здабыць неабмежаваную ўладу ў Царкве, а для добрай карысьці ўкраінскага праваслаўя.

Памятаем, Бог працівіцца гордым, а пакорным дае дабрыню (Як. 4:6). Будзем пакорнымі, падзелім з Хрыстом Яго зямное паражэньне і прыніжэньня, каб увайсьці да Яго нябеснай перамогі і суцешыцца з Ім у Царстве Божым, дзе “шмат хто х першых зробяцца апошнімі, а апошнія першымі” (Мц. 19:30)

З малітоўным пажаданьнем выратаваньня і сьцьверджаньня ў Госпадзе

+ Мітрапаліт Мяфодзій

Кіраўнік Ўкраінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.