Thursday, November 4, 2010

ДА ПЫТАНЬНЯ АГІЯГРАФІІ КІЕЎСКАЙ ЦАРКВЫ ІХ – ХІІІ СТ.СТ.

прат. Сяргей Горбік
У рэчышчы вывучэньня гісторыі і традыцыі Кіеўскае Праваслаўнае Царквы натуральна выклікае цікаўнасьць і пытаньне ушанаваньня яе “уласных” сьвятых. На наш погляд, ня гледзячы на багатую літаратуру па агіяграфіі Кіеўскай Царквы, застаецца яшчэ шмат ня высьветленых пытаньняў.
Асноўнай праблемай вывучэньня першаснага пэрыяд кананізацыі сьвятых Кіеўскай Царквы (практычна – да ХVІ ст.) – гэта праблема першакрыніц. У летапісах і хроніках практычна няма апісаньня працэсаў кананізацыі. Няма і канкрэтнага вызначэньня саміх крытэрыяў кананізацыі. Заўважым, мітрапаліт Іларыён (Огіенка) сьцьвярджае: “нетліньня тіла для канонізації в давній Українській Церкви не вимогалося, — вимогалося нетліньня мощів, а “мощі” – це кості (мощь – міц, сила)1. Гэта пацьвярджаюць і працы сучасных праваслаўных дасьледчыкаў. Так, па словах праваслаўнага ігумена Андраніка (Трубачова), працэс кананізацыі ў XI—XVII ст. адразьняўся ад сучаснага ў бок спрошчаньня, шматлікія пісмовыя акты кананізацыі XI—XVII ст кепска захаваліся альбо напрач адсутнічают2. Кананічная структура Кіеўскай Царквы не вымагала вызнаньня кананізацыі Канстантынопальскім патрыярхам. Менавіта таму сучасны украінскі дасьледчык а. А. Дублянскі сьцьвярджае: “Канонізація українських сьвятих княжої доби, а також і пізніших, переводили Київські митрополити, за винятком тих сьвятих, що були канонізовані не нашою Церквою3. Кананізацыя адбывалася хуткім часам пасьля сьмерці, а асабліва – у выпадку пакутніцтва (прыкладам ёсьць кананізацыя сьв. Барыса і Глеба). Факт досыць “хуткай” пасьмяротнай кананізацыі пацьвярджае і практыка Канстантынопальскай Царквы. Так, разглядаючы зьяўленьне ў агульнацаркоўных месяцасловах памінаньня канстантынопальскіх сьвятых і патрыярхаў, варта яшчэ раз узгадаць Звг. Афанасія Афонскага (каля 1004 г.) і яго прысутнасьць у грузінскім Вялікім Сінаксары Рыгора Мтацміндзелі (1065 г.).