Sunday, December 12, 2010

ДА ПЫТАНЬНЯ ПЕРШАКРЫНІЦ УНІЯЦКІХ БОГАСЛУЖБОВЫХ ПЕРАКЛАДАЎ АЙЦА АЛЯКСАНДРА НАДСАНА

прат. Сяргей Горбік
Гэты невялікае паведамленьне зьяўляецца пэўным вынікам досыць вялікай дыскусіі, якая разгарнулася пасьля публікацыі на сайце “Беларуская Аўтакефалія” артыкулу “Гісторыя і Праблематыка перакладаў праваслаўнага богаслужэньня на сучасную беларускую мову”, дзе дадзены невялікі аналіз перакладаў а.Аляксандра Надсана. Аніякім чынам не ўмаляючы ўклад шаноўнага а. Аляксандра ў справу перакладу богаслужбовых тэкстаў на беларускую мову і ў фармаваньне аднаго зь варыянтаў беларускае рэлігійнае тэрміналёгіі, жадаецца абагульніць і ўдакладніць некаторыя факты ў справе вызначэньня першакрыніц гэтых уніяцкіх перакладаў.
Трэба адзначыць, што а ні сам айцец Аляксандр, а ні ягоныя прыхільнікі ніколі не ўдакладнялі першакрыніцу (альбо асноўную крыніцу) ягоных перакладаў. Гучалі агульныя словы аб яе “старажытнабеларускім” і “грэцкім” паходжаньні. Але для кожнага абазнанага ў гісторыі фармаваньня праваслаўнага (усходняга) богаслужэньня зразумела, што гэта досыць агульныя дадзеныя і ўключаюць у сябе шмат розных варыянтаў і традыцый. Асабліва гэта датычыцца беларускай уніяцкай традыцыі, якая за два стагодзьдзя мела некалькі варыянтаў богаслужэньня[1]. Таму, для вызначэньня першакрыніцы перакладаў, нам давялося правесьці невялікае гістарычнае дасьледаваньне.
Як вядома, Каталіцкая Царква досыць цэнтралізаваная структура і кожная царкоўная справа кіруецца альбо курыруецца адпаведнай кангрэгацыяй. У дачыненьні Ўсходняга абраду – гэта Кангрэгацыя Усходніх Цэркваў. Менавіта ў падпарадкаваньні апошняй знаходзіўся невялікі беларускі ўніяцкі асяродак у Вялікабрытаніі.
У працэсе дасьледаваньня выявіліся наступныя факты, якія чамусьці не вельмі пашыраюцца беларускімі ўніятамі: Кангрэгацыя Усходніх Цэркваў, у 1933 г., зьвярнулася да усіх япіскапаў Усходніх Цэркваў каб яны дасылалі свае прапановы па абрадавым і літургічным пытаньням. Дзесятага студзеня 1938 г., дзеля падрыхтоўкі тыповага Служэбніка, была створана Літургічная камісія пад кіраўніцтвам Сакратара Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў кардынала Яўгена Тысэрана. Асаблівасьцю працы гэтай камісіі была адсутнасьць не толькі беларускіх прадстаўнікоў (аб іх і мовы не было)[2], а і прадстаўнікоў Украінскай Каталіцкай Царквы (зараз – Украінская Грэка-Каталіцкая Царква). Асноўнымі экспэртамі славянскіх тэкстаў выступалі прыхільнікі т.зв. “рускасьці” – рускія каталікі. Вынікам працы ватыканскай камісіі было прыняцьце ў 1942 г. Служэбніка з тэкстам трох бізантыйска–славянскіх літургій (сьв. Яна Залатавуснага, сьв. Базыля Вялікага і Наперад Асьвячоных Дароў), а ў 1944 г. – “Статут Вячэрняй, Ранішняй і Боскай Літургіі”[3]. Гэтыя тэксты, паводле даступных нам крыніц, існавалі ў трох мовах: лацінскай, грэцкай і царкоўнаславянскай.
Поўны Служэбнік на царкоўнаславянскае мове, падрыхтаваны ватыканскае камісіяй, пабачыў сьвет у 1952 г.[4], а ў далейшым пабачыў сьвет: Трэбнік[5]; Трыёдзь Посная і Каляровая (1956); Малітоўны Псалтыр (1957) ды іншыя богаслужбовыя кнігі Ўсходняга абраду. Апошнім выданьнем гэтай сэрыі ёсьць “Служэбнік Сьвяціцеляў”, выдадзены ў 1973 г.[6]
Менавіта параўнаньне прыведзеных вышэй выданьняў з перакладамі а. Аляксандра Надсана, як выдадзеных[7], так і зьмешчаных на рэсурсе http://chasaslovec.info/, і дае магчымасьць зрабіць выснову: Менавіта рымскія выданьні зрабіліся асноўнае першакрыніцай перакладаў а. Аляксандра Надсана. Больш таго, у большасьці выпадкаў мы наогул бачым фактычна падрадковы пераклад зь царкоўнаславянскай (грэцкай, лацінскай) мовы ватыканскіх выданьняў на беларускую мову.
Беларусізацыя рымскага тэксту назіраецца ў расшырэньні формы прашэньняў пры выманьні часьціц на праскамідыі; у некаторых екценьнях і форме водпуску. У дадзеныя фрагмэнты дададзены згадкі аб беларускіх сьвятых, што, у прынцыпе, дапускае рымская форма, якая пададзена вельмі коратка – згадваюцца толькі агульнашанаваныя сьвятыя[8].
Супярэчыць сьцьверджаньням прыхільнікаў а.Аляксандра аб ўнясеньні ім у свае літургічныя пераклады такой адметнасьць беларускай (ды і наогул Кіеўскай) традыцыі як адсутнасьць трапара трэцяй гадзіны (Госпадзі, калі Усясьвятога Твайго Духа ў трэцьцю гадзіну:) ў тэксьце літургій Яна Залатавуснага і Васіля Вялікага, бо гэты трапар адсутнічае і ў рымскім выданьні.
А што ж адносна “грэцкіх” тэкстаў?
Як пісалася вышэй, першапачатковы вынік працы Ватыканскай камісіі быў выкладзены на лацінскай і грэцкай мове. Менавіта з гэтых моваў рабіліся пераклады на іншыя мовы, у тым ліку – царкоўнаславянскую. Таму цалкам магчыма, што ў час зьдзяйсьненьня перакладу на беларускую мову, а. Аляксандр карыстаўся не толькі царкоўнаславянскім, а і лацінскім ды грэцкім тэкстамі богаслужбы. У гэтым сэнсе выкарыстаньне “грэцкіх” тэкстаў цалкам верагодна.
Такім чынам магчыма зрабіць вынік: Першакрыніцай і асноўным падмуркам беларускіх перакладаў богаслужбовых тэкстаў, зьдзейсьненых айцом Аляксандрам Надсанам, зьяўляюцца рымскія выданьні – вынік працы Літургічнае камісіі пад кіраўніцтвам Сакратара Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў кардынала Яўгена Тысэрана, а не старажытнабеларускія і бізантыйскія грэцкія тэксты.


[1] Гл., як прыклад: Служебник... Вильно, 1583 г.; Книга Служебник... Вильно, 1617 г.; ЛЕITOYPГІКОN... Лавре Супраслкой, 16931695 г.; Служебник... Супрасль, 1758 г.
[2] Надсан Аляксандар, а. Magis amica veritas // газэта Наша Ніва., 1999 г., №06
[3] Ordo Celebrationis Vesperarum, Matutini et Divinae Liturgiae iuxta recensionem Ruthenorum. Romae, 1954
[4] ЛЇТУРГЇКОНЬ СІЄТЬ СЛУЖЕБНИКЪ. Римъ, 1952.
[5] Трєбникъ, Римъ, 1952
[6] Архієратыконъ или Служєбникъ Святитєльскиъ. Рим, 1973.
[7] Службоўнік. Менск, 2004; Госпаду памолімся. малітоўнік, Полацк, 2002 ды інш.
[8] ЛЇТУРГЇКОНЬ СІЄТЬ СЛУЖЕБНИКЪ. Римъ, 1952. б. 178 – 180; б. 295 – 311.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.