Слава Ісусу Хрысту!
Упадабаныя браты і сёстры!
Заканчваецца Вялікі пост, і мы
стаім на парозе страсных дзён, калі набліжаецца Пасха Хрыстова - як пераможная
узнагарода за устрыманьне і пакуты, пачатак вялікай надзеі, што прыносіць невымоўную
радасьць. Гэтую надзею абвясьціў нам Гасподзь уваскрашэньнем Лазара, паказаўшы,
што Ён мацней сьмерці - па адзіным загадзе Яго Лазар, які памёр чатыры дні
таму, паўстаў жывы з труны.
Каб зразумець увесь велічны
сэнс гэтага цуду Хрыста, які Ён зьдзейсьніў напярэдадні Сваіх крыжовых пакут,
нам патрэбна зьвярнуцца да разуменьня самой сьмерці. Што ёсьць сьмерць? Яна
увайшла ў жыцьцё чалавека ад моманту грэхападзеньня. Сама зямля зрабілася
жахлівай турмою сьмерці, а усё бачнае жывое тварэньне - яе бездапаможнымі палоннымі
і рабамі (Жыд. 2; 14-15). Да Увасабленьня Бога-Слова само імя сьмерці
прыводзіла усіх у роспач і кідала ў адчай. Сьмерці баяліся усё. Баяліся сьмерці
не толькі язычнікі, якія не ведалі таямніцы яе паходжаньня, але і юдэі, якія
мелі Боскае Адкрыцьцё. Гэта было натуральна, бо сьмерць для іх непасрэдна
зьвязана была з пеклам. Сьмерці баяліся – яна ў сьвядомасьці тагачасных людзей
была канцом жыцьця…. Ніхто, нават найвялікшыя праведнікі і прарокі, не маглі
перамагчы сьмерць. Уваскрэсеньне з мёртвых - гэта найвялікшы цуд, які можа
зьдзейсьніць толькі Бог і ніхто больш.