Пасланьне Нікіфара, мітрапаліта Кіеўскага, да князя Ўладзіміра, сына Ўсевалада, унука Яраслава.
Дабраслаўлёны Бог і дабраслаўлёнае сьвятое імя славы Ягонай, дабраслаўлёнае і праслаўленае, князь мой. Дабраслаўлёны той, хто па шматлікай сваёй дабрыні і як чалавекалюбца ўдастоіў нас дайсьці да прачыстых дзён сьвятога Посту, які Ён, як творца нашага выратаваньня, дзеля духоўнага ачышчэньня душаў нашых узаконіў.
І сам пост трымаў сорак дзён для абвяшчэньня свайго ачалавечаньня, не патрабуючы посту, але нам прыклад паказваючы постам.
Калі б першы прабацька, Адам, пасьціўся ад дрэва пазнаньня і запавет Уладыкі захаваў, то другі Адам, Хрыстос Бог наш, не патрабаваў бы посту. Але праз злачынства першага, які не пасьціўся, пост трымаў Ён, каб няпослух разбурыць. Падзякуем і паклонімся трымаўшаму пост Уладыку, узаконіўшаму для нас пост і лекі дзеля здароўя душэўнага падараваўшаму!