Saturday, March 13, 2010

АФІЦЫЙНА: ВІНШАВАНЬНЕ СЬВЯЦЕЙШАМУ МЯФОДЗІЮ, МІТРАПАЛІТУ КІЕЎСКАМУ І ЎСЁЙ УКРАІНЫ АД АРХІРЭЙСКАГА СЫНОДУ БАПЦ.

Кіраўніку Украінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы Сьвяцейшаму Мяфодзію, мітрапаліту Кіеўскаму і ўсёй Украіны.

Ваша Сьвятасьць!

Архірэйскі Сынод Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, сьвятары і вернікі ад усяго сэрца віншуюць Вас зь днём нараджэньня!

Ваша самаахвярнае служэньне Царкве Хрыстовай і Ўкраінскаму Праваслаўю даўно зьяўляецца ўзорам архірэйскага служэньня. Таму сёньня пажынаеце добрыя плады сваёй цяжкай архіпастырскае працы на пасадзе Кіраўніка УАПЦ. Мы спадзяемся, што хутка пабачым нашых украінскіх праваслаўных братоў у поўнае эўхарыстычнае адзінстве з паўнатой Сусьветнага Праваслаўя. Заўсёды ўзносім за гэта нашы малітвы.

Жадаем Вам добрага здароўя, мужнасьці і цярпеньня ў вашым нялёгкім жыцьці і служэньні!

Шматлікія і добрыя гады Вам, Сьвяцейшы ўладыка Мяфодзій!

Ваш брат у Хрысьце,

+Ёван.

НАШЫ ВІНШАВАНЬНЯ КІРАЎНІКУ УКРАІНСКАЕ АЎТАКЕФАЛЬНАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЫ СЬВЯЦЕЙШАМУ МЯФОДЗІЮ, МІТРАПАЛІТУ КІЕЎСКАМУ І ЎСЁЙ УКРАІНЫ.

11 сакавіка сьвяткуе свой 61 дзень нараджэньня Кіраўнік Украінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы Сьвяцейшы Мяфодзій, мітрапаліт Кіеўскі і ўсёй Украіны.

Вышэйшую духоўную адукацыю атрымаў у Маскоўскай духоўнай сэмінарыі і акадэміі ў Загорску. Сьвятарская хіратонія адбылася ў 1981 г., а архірэйская – у 1995 г. У цяжкія часы расколу, 1 сакавіка 2000 г. уладыка прыняў на сябе цяжкі крыж: ён быў абраны захавальнікам Патрыяршага пасаду Кіеўскай Царквы, а 14 верасьня 2000 г. – абраны Кіраўніком Украінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.

Шмат гадоў, у надзвычайна цяжкіх і патрабуючы поўнае самаахвярнасьці ўмовах, Сьвяцейшы ўладыка плённа працуе на ніве Хрыстовай. І Гасподзь не пакінуў яго: яшчэ ніколі пасьля філарэтаўскага расколу ЎАПЦ не мела такога станоўчага, яскравага і дынамічнага разьвіцьця: як ў кірунку духоўнае дасканаласьці, так і бачнага ўзрастаньня цела царкоўнага. Менавіта дзякуючы руплівай працы Сьвяцейшага Мяфодзія, апошнім часам УАПЦ атрымала рэальную надзею на кананічнае вызнаньне і далучэньне да паўнаты Сусьветнага Праваслаўя.

“Беларуская Аўтакефалія” шчыра вітае Сьвяцейшага Мяфодзія. Мы молімся, каб Гасподзь даў яму здароўя, сіл і шмат гадоў плённай працы на карысьць Царквы Хрыстовай і Ўкраінскага Праваслаўя.

Шмат гадоў Вам, Сьвяцейшы Ўладыка!