Thursday, March 17, 2011

ЧАС ПОСТУ – ГЭТА ЧАС НАШАГА ДУХОЎНАГА АБНАЎЛЕНЬНЯ…

Для хрысьціян Усходняга абраду, праваслаўных і грэка–каталікоў, пачалася Сьвятая Чатырохдзесятніца – Вялікі Пост. Яму папярэднічалі некалькі падрыхтоўчых тыдняў, і яшчэ адзін – Пакутны тыдзень увянчае яго заканчэньне прад Вялікаднём. Па праваслаўным вераваньням час посту – гэта асаблівы час для духоўнага станаўленьня хрысьціяніна. Да размовы аб сэнсе і сутнасьці посту мы запрасілі пратаярэя Яўгена Заплетнюка, Кіраўніка Місіянэрскага аддзелу Патрыярхіі Ўкраінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, кандыдата багаслоўя, вядомага публіцыста і рэлігійнага дзеяча.
– Ойча Яўген, што ж такое пост і чым уласна Вялікі пост адрозьніваецца ад усіх іншых?
Для кожнага праваслаўнага хрысьціяніна, пост – гэта, у першую чаргу, час унутранага абнаўленьня ў Хрысьці. Час посту – гэта час, калі ў адпаведныя дні, тыдні, альбо нават месяцы, Царква заклікае сваіх вернікаў зьмясьціць акцэнты ўласных каштоўнасьцяў, перанесьці ўвагу зь цела на дух. Мы зь вамі вывучаючы гісторыю і сучаснае жыцьцё людзей вельмі лёгка можам прыйсьці да выніку, што чалавецтва заўсёды жыло, жыве, і дакладна яшчэ будзе жыць у будучыні, робячы цэнтрам усяго свайго сьветапогляду ўласнае целе, ягоны дабрабыт, камфорт і выгоды.