прат. Сяргей Горбік
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Сабраліся мы сёньня малітвай ушанаваць нашых беларускіх герояў. Дзевяноста гадоў таму яны “пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына”. Але ці паміраць яны пайшлі? Ці было іх змаганьня, як кажуць малаверы і нашы ворагі, “бязглуздым”, бо было іх “жменя”? Чаму мы памінаем “пераможаных”? Чаму і сёньня, нягледзячы на ўсе выселкі бязбожнае камуністычнае ўлады ды “дабразычліўцаў” зь Усходу і Захаду, памяць аб іх жыве?
Ды таму, браты і сёстры, што пайшлі яны не паміраць, а перамагаць! Пайшлі зь малітвай, верай, ахвярнасьцю. Пайшлі па неўміручаму і сьвятому шляху Госпада нашага Ісуса Хрыста. Бо сказаў Гасподзь: “Няма большае за тую любоў, як калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх” (Ян. 15:13). І яны пайшлі ахвярна... Пайшлі за кожнага зь нас, сёньняшніх, тады яшчэ ненароджаных… Пайшлі… не думаючы аб сваім лёсе і нейкіх тленных узнагародах зямных, пайшлі не азіраючыся, бо “ніхто, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надзейны для Царства Божага.” (Лк. 9:62).