Разважаньне пра час і часовым. Гасподзь, сілаю Сваёю носячы сусьвет, носіць нас. У сапраўдную хвіліну Бог трымае нас у правіцы Сваёй над безданьню нікчэмнасьці. Будзем жа захоўваць сябе ў чысьціні. Будучае наша ў руках Божых
сьвяціцель Феафан Затворнік
Вось і яшчэ прайшоў адзін год — і ў шэраг мінаючых гадоў уступае новы год, каб мінуць падобна усім іншым. Бесьперастанку прыкладаецца дзень да дня, месяц да месяца, год да года, — і множаньне часу скарачае час. Бесьперапынна і хутка цячэ рэчка часу і сьпяшаецца да рысы, за якою не будзе больш часу. Але і мы не на беразе гэтай рэчкі стаім, каб быць толькі гледачамі яе плыні. Не, але па ёй, ці разам зь ёю і ў ёй вабімся і самі тым жа шляхам часавых зьмен да свайго канца. Таму думка пра час не чужая нам; яна дакранаецца вельмі істотнай рысы ў нашым жыцьці часавым і калі ва усякі час можа займаць нас, то тым больш непазьбежна павінна заняць цяпер, калі за тым і зьбіраемся ў храмы, каб маліць Гасподзь Усётрымаючы пра асьвячэньне і дабраслаўленьне новага году.
Жывячы ў часе, мы шматлікае ведаем аб часе: ведаем, што час хуткаплынны, што яго трэба шанаваць, што згубленага часу варочаць ужо нельга, што тэрмін дадзенага нам часу кароткі, а тое, што павінна быць зьдзейсьнена ў працяг ягоны, мае вечны кошт, што час толькі на час і з часам усё павінна саступіць месца сваё вечнасьці. Але што ёсьць само часавае? Як бывае тое, што ў часе? Бесьперастанна крочаць зьмены прад вачамі нашымі, і зь вуснаў нашых увесь час чуецца: цяпер, учора, заўтра; але як стаіць тое, што ёсьць цяпер, ці гэта гадзіна? Куды дзявалася тое, што было учора ці за гадзіну? Адкуль прыйдзе тое, што будзе заўтра ці праз гадзіну?