Friday, June 18, 2010

ПЕРАНЯСЕНЬНЯ МОШЧАЎ ЗВЫШГОДНАГА КНЯЗЯ ІГАРА ЧАРНІГАЎСКАГА, ВЯЛІКАГА КНЯЗЯ КІЕЎСКАГА

5 чэрвеня

Вялікі князь Кіеўскі Ігар Вольгавіч, у сьвятым хросьце Георгій, у 1146 году быў разгромлены і узяты ў палон князем Ізяславам і замкнёны ў адным зь манастыроў Пераслаўля Руськага або Паўднёвага (цяпер Пераяслаў—Хмяльніцкі). Удалечыні ад мітусьні сьвету гэтага, цяжка хворы, ён стаў раскайвацца ў сваіх грахах і прасіў дазволіць яму пастрыгчыся ў манахі. 5 студзеня 1147 г. япіскап Пераслаўскі Яўхім пастрыг яго ў манаства зь імем Гаўрыіл. Неўзабаве ён акрыяў і быў пераведзены ў Кіеўскі манастыр сьвятога Фёдара, дзе прыняў схіму зь імем Ігнат і цалкам аддаўся манаскім подзьвігам.

Але дух братазабойчай нянавісьці бушаваў над Кіевам. Чарнігаўскія князі, стрыечныя браты Ігара, задумалі спакусіць Ізяслава Кіеўскага на сумесны паход — з тым, каб захапіць яго або забіць. Змова адкрыўся, калі князь быў ужо на шляху да Чарнігава. Абураныя кіяўляне, пазнаўшы аб злым задуму чарнігаўцаў, абрынулі помсту на ні ў чым невінаватага князя—схімніка. 19 верасьня 1147 г. сьвяты Ігар быў па—зьверску забіты.

Госпад уславіў пакутніка цудамі. Па блаславеньні мітрапаліта Клімэнта Смалячыча, ігумен манастыра сьв. Фёдара Ананія здзейсьніў пахаваньне пакутніка ў храме Кіеўскага Сіманаўскага манастыра. 5 чэрвеня 1150 г., калі кіеўскі пасад быў заняты Юрыем Доўгарукім, яго саюзьнік, князь Чарнігаўскі Сьвятаслаў Вольгавіч, родны брат забітага Ігара, урачыста перанёс сьвятыя мошчы князя Ігара на радзіму, у Чарнігаў, дзе яны былі пакладзеныя ў раку “з палацам” у катэдральным саборы Хрыста Збаўцы. Тады жа было усталявана сьвята памяці сьвятога.