Monday, December 13, 2010

ПАХВАЛЬНАЕ СЛОВА СЬВЯТОМУ АПОСТАЛУ АНДРЭЮ ПЕРШАПАКЛІКАНАМУ СЬВЯЦІЦЕЛЯ ЯНА ЗАЛАТАВУСНАГА

Моцная сетка Апостальскай лоўлі дзіўная памяць Андрэя і дзіўнае ўспамінаньне сеткі, якую ён ўжыў дзеля лоўлі і дзеля пакліканьня народаў да Хрыстовай веры. Бо невад, якім карысталіся гэтыя несьмяротныя памёршыя, ніколі не можа быць парваны забыцьцём. Не прыйдуць з часам у тленьне тыя прылады лоўлі, якія зроблены не чалавечым уменьнем, але Боскай мілатой. Хоць самі рыбакі і сышлі ад нас, аднак прылады, якімі яны карысталіся, ці невад, якім ахапілі самы сьвет, ніколі не прыходзілі ў тленьне. Калі яны закідваюць і выцягваюць сетку, то бываюць нябачнымі, аднак сеткі іх апынаюцца поўныя. Не кій яны узялі, які спарахнее ад часу, не льняныя ніткі, якія згніваюць ад старасьці, пагрузілі яны ў ваду. Не кручок зрабілі яны, які зьядае ржа, не ежу яны паклалі на кручок, якою маглі б улоўліваць рыб. Не на камяні яны сядзелі, да якога датыкаюцца воды, не ў лодцы, якую разьбівае хваляваньне, яны плылі. Не рыб, існасьць неразумную, яны улавілі; але як дзівосна тое мастацтва, якое яны выкарысталі, так і прылады іх былі новыя і незвычайныя. Бо замест кія яны ужываюся пропаведзь, замест лёскі ‑ памяць, замест кручка ‑ сілу, замест прынады ‑ цуды, замест камэня ‑ нябёсы, зь якіх яны робяць такую лоўлю; замест лодкі ў іх ‑ алтар, замест рыб яны улоўліваюць і саміх цароў, замест невада распаўсюджваюць Эвангельле; замест мастацтва яны прыкладаюць Боскую мілату; замест мора яны кіруюць чалавечым жыцьцём, замест сеткі яны звыклі карыстацца крыжам, як нейкім невадам.

СЬВЯТЫ ЎСЯХВАЛЬНЫ АПОСТАЛ АНДРЭЙ ПЕРШАПАКЛІКАНЫ

Памяць 30 лістапада
Андрэй з роду жыдоўскага, зь Віфсады Галілейскай, рыбак і брат Апостала Пятра. Спачатку ён быў вучням Яна Хрысьціцеля. Як толькі Папярэднік, паглядзеўшы на Ісуса, які прыйшоў, сказаў: “Вось Агнец Боскі!”, Андрэй пайшоў за Ісусам і зрабіўся Яго першым вучням. Ён названы Першапакліканым. Калі Ісус праходзіў каля мора Галілейскага, то Пятро і Андрэй лавілі рыбу. Госпад іх паклікаў за Сабой, прамовіўшы: “І кажа ім: ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей.” (Мц. 4:18–19)
Ён займае другое месца сярод Апосталаў. Хрыстос даў Апосталам уладу над нячыстымі духамі, каб Апосталы іх выганялі, каб вылечвалі ўсялякую хваробу і нямогласьць (Мц. 10:1). У ліку чатырох вучняў Госпада Андрэй ўдастоены Яго даверу слухаць Ягонае прароцтва аб будучай доле Царквы і сьвету (Мк. 13:3–5).