Wednesday, January 11, 2012

Бог з намі

(Мацьв. 1:18-24)
а. Канстанцін Бандарук
Тайна Нараджэньня Хрыстовага заключаецца ў тым, што Бог у Хрысьце Ісусе стаўся Эмануілам — “Богам з намі”. З “найвышэйшага Бога” стаўся Богам блізкім, Богам накіраваным на чалавека і пад гэтым новым імем будзе адгэтуль ведамы. Што гэта азначае? Бог быў з чалавекам заўсёды, ад самага стварэньня, аднак быў гэта дыялёг на адлегласьць, праз пасрэдніцтва прарокаў. Бога і чалавека аб’ядноўваў саюз цяжкі і неканчатковы. У Хрысьце Бог увайшоў паміж людзей, стаўся адным з нас, каб збавіць нас апынуўшыся ў нашай сытуацыі, удзельнічаючы ў нашай гісторыі. “Саюз” стаўся “новым і вечным”, бо абодва бакі — Бог і чалавек — сталіся “адной асобай”, адной і неразьдзельнай Істотай: Ісусам Хрыстом.