Tuesday, February 1, 2011

СЬВЕТЛАЙ ПАМЯЦІ БАРЫС ДАНІЛЮК

28 студзеня 2011 г., пасьля цяжкай хваробы пайшоў зь жыцьця спадар Барыс Данілюк.
Барыс Данілюк нарадзіўся 5-га красавіка 1923 года ў вёсцы Старыя Дзевяткавічы на Слонімшчыне, ў сям’і беларускага сьвятара, удзельніка Слуцкага паўстаньня Хведара Данілюка. Падчас нямецкай акупацыі, ў часе 2-й Сусьветнай вайны, працаваў у беларускіх арганізацыях у Слоніме, браў удзел у працы Другога Усебеларускага Кангрэсу. У ліпені 1944 года разам зь сям’ёй вымушаны пакінуць Беларусь перад надыходам савецкіх акупантаў. Да 1950 году жыў у францускай акупацыйнай зоне ў Нямеччыне, вучыўся на інжынэра будаўніка ў Мюнхэнскім унівэрсытэце, быў сябрам Беларускага Студэнцкага Згуртаваньня, уваходзіў у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. 
Пасьля пераезду ў ЗША, спадар Данілюк прымаў актыўны ўдел у арганізацыі беларускага царкоўнага і грамадзкага жыцьця ў Амэрыцы. На працягу доўгіх гадоў уваходзіў у Раду і Кансысторыю Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, кіраваў царкоўным хорам у Катэдральным Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага ў Нью Ёрку, з’яўляўся рэдактарам і выдаўцом часопіса “Царкоўны Пасланец”. Спадар Барыс таксама вядомы як аўтар і перакладчык шматлікіх духоўных вершаў. 
Асаблівую падтрымку і павагу заслужыў Барыс Данілюк ад новай хвалі беларускае эміграцыі, якую ён шчодра падтрымліваў і навучаў.
Дзякуй Вам за ўсё, спадару Барысе!
Няхай Гасподзь супакоіць душу Ягоную, дзе ўсе Праведнікі спачываюць. 
Вечная памяць! 
Парахвіяльная Рада Катэдральнага Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага 
Барыс Данілюк будзе пахаваны 1 лютага на Беларускім Магільніку ў Іст Брансвіку, у штаце Нью Джэрсі . Заўпакойная літургія і адпяваньне будуць адпраўленыя ў царкве Жыровіцкае Іконы Божае Маці, (9 River Road, Highland Park, NJ 08904, tel. 1-732-247-9173). Пачатак - а 10-й гадзіне раніцы.

Паводле: http://www.belapc.org/naviny---galounaa/svetlajpamacibarysdaniluk