сьвяціцель Ян Залатавусны
1. Ян у Эфэсе Асійскім, Ян – пахвала Анёлаў і слуп сусьветны. Ян – умілаваны вучань Хрыстовы і труба Слова Боскага, слава эфэсянаў прапаведнік межаў зямлі, цымбалы багаслоўя, годна названы Багасловам, вусны херувімскія і таямніца серафімаў, і не маю сумневаў сказаць нават больш гэтага. Гэта ён – Ян – адкрыта і адважна прапаведаваў аб Тым, Якога нябесныя сілы Анёлаў праслаўляюць з трапятаньнем, гэта ён прамовіў “у пачатку было Слова” (Ян. 1:1). Дабрашчасны ты, горад эфэсянаў, бо ў табе першым прагрымеў гэты боскі гром; дабрашчасны ты, горад эфэсянаў, бо ў табе напісана такая кніга; дабрашчасны ты, бо ў табе знаходзіўся такі Ян. Ёсьць, натуральна, і іншыя Яны, як у сусьвеце, так і ў табе, але ні ў табе, ні ва ўсім сусьвеце няма іншага такога Яна. Таму і Вядучы розум чалавечы і Ведаючы таямніцы сэрцаў, адшукаўшы яго такім, якой ён ёсьць, – сьвятым і непарочным, высокім па жыцьцю, чыстым сэрцам, упрыгожаньнем цноты, дасканалым у любові, – яму, як вернаму зь верных, даручыў Маці Сваю, чыстую Галубку, Непарочную Авечку, Усячыстую Юначку, Непараўнальную сярод людзей, Вышэйшую ўсіх тварэньняў Боскіх: такой даверы ніхто іншы са сьвятых не ўдастоіўся. Дабрашчасны ты, годад эфэсянаў, што па табе хадзілі стопы такога мужа, чыстаму жыцьцю якога і самім сьлядам дзіваваліся Анёлы; дабрашчасны ты, горад эфэсянаў, што праз умілаванага Яна ты вершы ўзвысіўся над усімі іншымі гарадамі; дабрашчасны ты, горад эфэсягаў, бо ўсе царквы сусьвету зрабіліся тваімі вучнямі – бо табой навучаны багаслоўю: у пачатку было Слова. Уявім сябе, што недзе ў адным месцы гарыць сьвяцільнік, – і вось усе прыходзяць сюды, каб запаліць свае сьвяцільнікі, і дасягнуўшы гэтага, усе разыходзяцца адсюль, зь сьвяцільнікамі ў руках, не спатыкаючыся і не блукаючы; гэта самае і адбылося ў Эфэсе.