Пытаньне разьвіцьця і выкарыстаньня беларускае
мовы ў Польскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царкве (далей – ПАПЦ) міжваеннага
часу застаецца адным зь найменей дасьледаваным у гісторыі Беларусі. Да сёньня
дасьледчыкі, з розных канфэсійных ды палітычных меркаваньняў, спрабуюць
абыйсьці гэтую тэму маўчаньнем або абмяжоўваюцца некалькімі сказамі ў сваіх
навуковых працах. Дадзены артыкул–паведамленьне, зьяўляецца спробай выкласьці
некаторыя факты ды зацікавіць беларускіх дасьледчыкаў дадзенае тэмай.
Пачаткам афіцыйнага дазволу выкарыстаньня
беларускае мовы ў ПАПЦ, на наш погляд, мусім лічыць Сьвяшчэнны Архірэйскі Сынод
ПАПЦ, які адбыўся 3 верасьня 1924 г. у Варшаве. Менавіта ў пастанове гэтага
Сыноду сказана наступнае: “У дадатак да
пастановаў Сьвятога Сыноду ад дня 16 чэрвеня і 14 сьнежня 1922 г. і ў
разьвіцьцё іх — 1. дазволіць ужываньня ўкраінскай, беларускай, польскай і
чэскай моваў у тых богаслужбовых чынах, тэкст якіх атрымаў багаслаўленьня вышэйшай Царкоўнай уладай і ў тых парахфіях,
дзе таго зажадаюць парахфіяне і дзе гэта магчыма па мясцовым умовам…”. Разам з тым, нягледзячы
на фармальны дазвол, гэтая пастанова заставалася досыць тэарэтычнаю, ва ўсякім
разе для беларусаў, бо на той час практычна не было не толькі перакладаў чыноў
богаслужбы, але нават перакладу Эвангельля і Псалтыра.
Менавіта
для ўніфікацыі перакладаў богаслужэбнае літаратуры на нацыянальных мовах,
Сьвяшчэнны Архірэйскі Сынод ПАПЦ у красавіку 1927 г. вырашае выдаць “афіцыйныя
Богаслужбовыя Эвангельля на польскай, чэскай, украінскай і беларускае мовах” (Журнал
Сьвяшчэннага сыноду ПАПЦ ад 20 красавіка 1927 г.).