Monday, October 4, 2010

АБ БАРАЦЬБЕ ЗЬ САТАНОЙ

звышгодны Яфрэм Сірын
Нячысьцік сатана, пасьля рашучай над ім перамогі, сеўшы, сам на сябе жаліўся з плачам і казаў: “На жаль мне, беднаму! Чаму я адданы, няшчасны? Як пакінуў бітву, саступіўшы над сабой перамогу? Зрэшты, сам я зрабіўся вінаватым гэтага сораму, надоўга завязаўшы зь імі барацьбу. Пераможанаму ў першай і другой бітве належала б мне адразу раздумацца, што зь імі Хрыстос. А зараз, пагнаўшыся за перамогай над сьвятымі, павялічыў я толькі, да ганьбы сваёй, узнагароду іх і, пераможаны, адступіў у вялікім сораме, з галявой пакрытай болькамі ад маіх жа удараў. Бо паставіў я сеткі, каб іх улавіць; а яны, захапіўшы іх, разьбілі мне галаву. Узялі яны і стрэлы мае вострыя, якія кідаў я ў іх, і імі забілі мяне. Я жадаў адолець іх розным запалам, яны ж зьвярталі мяне ва уцёкі сілай крыжа. Таму справядліва цярплю я, найвялікі вар'ят, які, і, не жадаючы, даў бачыць, што праціўнікі мае добра навучаныя. Наставіцца мне належала пасьля таго, што пацярпеў я ад Хрыста, пасьля таго, як Ім зваявана уся мая сіла. Бо усё тады зрабіў я, каб раскрыжавалі Яго; і сьмерць Яго аддала мяне сьмерці. Тое ж самае зноў пацярпеў я ад пакутнікаў, адданы ганьбе, сораму і сьмеху. Я падштурхнуў цароў, прыгатаваў пакуты, каб пакутнікі, бачачы гэта, прыйшлі ў жах і зракліся Хрыста. Яны ж не толькі не жахнуліся розных пакараньняў сьмерцю, але да самай сьмерці вызнавалі Хрыста. Так і зараз, жадаючы перамагчы гэтых у змаганьні, зь вялікім сорамам адступіў я, пераможаны. Не ў сілах я вынесьці ганьбы, якой аддадзены. Хваліўся я вялікімі задумамі, а людзьмі нікчэмнымі зрынутая мая магутнасьць і усё маё валадарства. Не ведаю, нарэшце, што мне рабіць і чым апраўдаць сябе? Людзі нікчэмныя і невукі атрымалі вянок пераможны; а я, няшчасны, застаўся ў сораме, азмрочыўся, зьдзіўлены жахам, высіліліся сілы мае. Таму зусім не ведаю, што рабіць мне, беднаму, і як паступіць, уцякаючы ад гэтых мужных падзьвіжнікаў; пайду да сяброў сваіх, якія абралі бестурботнае жыцьцё, дзе не будзе мне працы і не трэба таксама хітрыкаў. Бо, у іх саміх узяўшы ланцугі, зьвяжу іх гэтымі, а зьвязаўшы іх ланцугамі, да якіх яны прыкаваныя, буду мець ужо іх у сябе пад рукой, як рабоў, заўсёды добраахвотных выканаўцаў жаданьняў маіх, каб, хоць бы ў гэтым выпадку узяўшы верх, прыйсьці мне некалькі ў сябе, і пахваліцца імі, як доблеснаму ваяру і пераможцу. Бо, хоць сваім ладам жыцьця увядуць яны сябе ў прорву, аднак жа буду цешыцца іх пагібелі, і з радасьцю павяду іх на шлях пагібелі, каб мець саўдзельнікаў у полымі незгасальным”.
Такім чынам, браты, спазнаўшы немач ворага, будзем уважлівыя да сябе, пераймаючы айцам. Калі пойдзем шляхам, якім яны ішлі, то знойдзем на ім Госпада Ісуса, Які зрабіўся нашым кіраўніком і дапамогай. А як хутка вораг убачыць, што зь намі Хрыстос, праўдзівае Сьвятло, зусім не асьмеліцца зірнуць нам у твар, таму што сьвятло, якое ў нас, асьляпляе вочы ягоныя.
Такім чынам, па сказаным раней, хрысталюбівыя браты, пасьпяшым ачысьціць сэрцы свае, каб у дапамогу сабе прыцягнуць мілату Духа; і вораг не узмоцніцца ужо супраць нас. Самі мы, неразумныя, даём яму сілу, аддаляючы сябе ад Бога адхіленьнем сьвятых запаведзяў. Засьпеўшы ж нас аголенымі ад мілаты, вораг сам вядзе нас на шлях свой. Таму малю вас і няспынна прашу: уцякаем нячысьціка, уцякаем ад яго, разарвём і ланцугі, якімі зьвязаў ён нас па нашым жа жаданьню. Зьвернемся да Хрыста, носячы добры і лёгкі цяжар Ягонае літасьці, каб, ідучы добрым шляхам запаведзяў Хрыстовых, дасягнуць нам сялібу, якую прыгатаваў Бог любячым Яго. Яму належыць гонар і пышнасьць, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў! Амін.