Друкуючы гэты матэрыял, “Беларуская Аўтакефалія” намагаецца адказаць на шэраг досыць частых пытаньняў, якія надыходзяць на нашу пошту. Чытаючы яго нам патрэбна памятаваць, што аж да канца ХVII стагодзьдзя Кіеўская праваслаўная мітраполія была адзінай для беларусаў ды ўкраінцаў. Таму беларускаму чытачу сьлед дадаваць “і беларускі”, калі ў тэксьце напісана “украінскі”.
Рэдакцыя “Беларускай Аўтакефаліі”
Ці можам мы, украінцы, адмаўляцца ад свайго толькі таму, што яно ёсьць агульным і нашай, і Рускай Царквы? Такога агульнага багата маюць усе Праваслаўныя Царквы. Пытаньне аб памеры ўплыву Маскоўскай Царквы на Украінскую вельмі важнае і прынцыповае, а, разам з тым, яно і пякучае, бо шмат ёсьць такіх, якія наогул наўмысна зьмешваюць Праваслаўе зь Маскоўшчынай, зьмешваюць з палітычных поглядаў, карыстаючыся сёньняшнім становішчам гэтай Царквы і гэтай справы. А між тым, больш глыбокае навуковае дасьледаваньне адразу ясна паказвае, што ўплыў Маскоўскай Царквы на Ўкраінскую не быў вялікім, і быў не ідэалягічнага, а пераважна адміністрацыйнага характару. Глядзі аб гэтым асобную працу Мітрапаліта Іларыёна: “Маскоўскі ўплыў на Ўкраінскую Царкву быў вельмі малым” (“Слова Ісьціны”, 1951 г., №45). Глядзі яшчэ “Зьвоны “на Годна” (тамсама, №34 – 35). Частка закранутых тут пытаньняў дакладна высьветлены і ў Мітрапаліта Іларыёна: “Як правіць Сьвятую Літургію. Практычныя ўказаньні сьвятарам пры богаслужэньні”, Вінніпэг, 1952 г.
Падаем кароткія адказы на асобныя пытаньні да Мітрапаліта Іларыёна (Огіенка).
– Ці магчыма спавядаць жанчын за Пасадам у Алтары?
Праваслаўная Царква наогул, яшчэ з глыбокай старажытнасьці, забараняе ўваход жанчынам да Сьвятога Алтара (44 Канон Лаодыкійскага Сабору 364 года).
– Ці паленьне сьвечак у Пакутны Чацьвер у Царкве ёсьць маскоўскім звычаем?
Паленьне сьвечак ў Пакутны Чацьвер – гэта гістарычны звычай Украінскай Царквы, які ахоплівае і дамашняе жыцьцё наша. Напрыклад: гэтай сьвечкай робяць Крыжы ў хаце, на двары, захоўваюць на ўсялякі выпадак, запальваюць у час навальніцы і г.д. І гэта па ўсёй Украіне, і са старажытных часоў.
– Ці Іканастасы ў Праваслаўнае Царкве пачалі будаваць у нас, на Ўкраіне, пад уплывам Масквы?
Іканастасы вядомыя ва Ўкраінскае Царкве яшчэ ад яе пачатку, прынесены з Грэцыі, і ўласна багатыя Іканастасы – гістарычная асаблівасьць яе, асаблівасьць, якую яны рана занесьлі і ў Масковію. Да гэтага дададзім, што і грэка–каталікі зноў пачалі ставіць іканастасы.
– Ці екценьня за здаровых і памёршых у час Літургіі ёсьць таксама маскоўскім звычаем?
Екценьня за жывых і памёршых зьмешчана ў найбольш старажытных Служэбніках, у тым ліку ў Кіеўскім і Львоўскім Служэбніках Мітрапаліта Пятра Магілы.
– Ці Велікодная Ўсяночная ў Праваслаўных павінна пачынацца ў 12 гадзіне ночы, альбо ў 5 ранку (як у каталікоў)?
Велікодная служба пачынацца “Паўночнай”, – вось гэтым і вызначаны і яе час. Так з глыбокай старажытнасьці. За Паўночнай зараз правіцца Ранішняя, аб якой старажытны Статут піша, што яна пачынаецца “у часе ранішнім”. Хрыстос уваскрэс “на сьвітанку першага дня тыдня” (Мц. 28:1; Мк. 16:2), альбо “рана ранкам” (Лк. 24:1), ці “рана ранкам, калі яшчэ цёмна было” (Ян. 20:1). Уласна ў гэты час прыйшлі Міраносіцы да Хрыстовай Магілы, а Хрыстос уваскрэс яшчэ прад тым. Велікодная Богаслужба на Ўкраіне звычайна заканчвалася пры ўзыходзе сонца.
– Ці Апостал належыць чытаць ў сярэдзіне царквы, ці на харах?
Апостал звычайна чытаюць у сярэдзіне Царквы, на месцы чытальніка. Гэта старажытны агульнаўкраінскі, праваслаўны звычай.
Пераклад зь украінскай мовы “Беларускай Аўтакефаліі”
http://uaoc.net/2009/11/15/pro-ustav/
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.