Sunday, December 12, 2010

ЦАНІЦЕ ЧАС, БО ДНІ ПАДМАНЛІВЫЯ…

мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Не так даўно ў Пасланьні апостала Паўла мы чулі папярэджаньне і заклік цаніць час, бо дні падманлівыя... “Падманлівыя” ў тым сэнсе, што час зманлівы. Час як быццам ляжыць перад намі без межаў. Кожнае імгненьне нам здаецца, што за ім рушыць усьлед іншае імгненьне, што часу наперадзе яшчэ шмат. А разам з гэтым, Хрыстос нас ясна папярэджвае: вар'ят, хіба ты не ведаеш, што ў гэту самую ноч, на працягу якой ты разьлічваеш на адпачынак, на сон, твая душа будзе зь цябе выдрана. Сьмерць прыйдзе, канец жыцьця прыйдзе, часу прыйдзе канец... І ў іншым месцы Хрыстос кажа, што трэба дзеяць справы сьвятла, пакуль яшчэ ёсьць сьвятло, што прыйдзе час, калі сьвятла не будзе для нас, і тады наш шлях будзе цёмны... Трэба дзеяць справы сьвятла, пакуль ёсьць жыцьцё і час, — тое імгненьне, у якім мы цяпер жывём, не будучае імгненьне, якое можа ніколі не надысьці, і пакуль яшчэ кажа ў нас сумленьне, пакуль мы яшчэ можам услухоўвацца ў словы Выратавальніка, узірацца ў Ягонае аблічча і, як Ён сам сказаў, пераймаць таму прыкладу, які Ён нам даў.
У “Дзёньніку” айца Аляксандра Ельчанінава ёсьць месца, дзе ён кажа, што дабро трэба дзеяць сьпешна. У тое імгненьне, калі добрая думка бліснула ў нашай сьвядомасьці, мы павінны неадкладна прывесьці яе ў выкананьне, ператварыць думку ў справу, таму што, як ён кажа, калі прыходзіць добрая думка, калі нараджаецца добрае жаданьне ў нашым сэрцы, калі калее наша воля ад жаданьня дзеяць дабро, самай вялікай спакусай зьяўляецца думка: “Так, вядома, але не цяпер; цяпер я ж заняты іншым, цэнным, значным, патрэбным, неабходным, прыемным!” Калі толькі мы дамо сабе час адкласьці добрую справу, яна ніколі не будзе выканана, таму што парыў нашага сэрца уляжацца, воля супакоіцца, думка пацьмянее, і, можа быць, нават самая магчымасьць зьдзейсьніць гэтую справу пройдзе. Раптам мы адчулі: мне трэба наведаць вось такога чалавека, мне трэба вось такому чалавеку напісаць ці патэлефанаваць па тэлефоне ці зьдзейсьніць тую ці іншую справу, пра якую ён прасіў і якую мы адкладалі... І мы адкладзём; і праз самы кароткі час убачым, што зрабілася позна: або іншы чалавек гэта зрабіў, і тады робіцца балюча; або чалавек, якому мы павінны былі паслужыць, памёр, і тады гора наша робіцца бязвыйсьцевым: зрабілася позна, непапраўна позна ...
Яшчэ іншая спакуса бывае: “А ці павінен менавіта я гэта зрабіць? Бо гэта справа можа зрабіць хто заўгодна. Маса народу вакол, ведаючага пра гэту патрэбу, — чаму мне гэта выконваць?” А часам бывае яшчэ прасьцейшая і цынічная: “Мне занадта цяпер добра, каб адрывацца ад той радасьці, таго супакою, таго шчасьця, той справы, таго чытаньня, таго адпачынку, якому я цяпер аддаюся”. І зноў жа, у кожным з гэтых выпадкаў і ў іншых выпадках, якіх я і пералічыць цяпер не магу, мы прапускаем імгненьне — і так часта бывае позна: калі б ты гэта слова мне сказаў раней, калі б ты на імгненьне раней паклаў руку на маё плячо, калі б трошачкі раней паглядзеў мне ў вочы, я убачыў бы, што ты мяне шкадуеш, альбо разумееш, альбо не пагарджаеш, як іншыя, альбо не зрабіўся мне чужым, застаўся, як раней, маім сябрам!
Слова “позна” — вельмі страшнае слова. Мы яго ужываем лёгка, і гэта цалкам натуральна, таму што ў нашым жыцьці большай часткай тое, што не зроблена цяпер, атрымоўваецца зрабіць трохі пазьней; але ў канчатковым выніку гэта слова грозна стаіць перад намі. Ёсьць у Дастаеўскага разважаньня пра пекла, дзе ён вызначае пекла словам “позна”. Жыцьцё прайшло, час, калі ты мог адклікацца сэрцам, ахапіць і усьвядоміць розумам, волю напружыць для таго, каб зрабіць добрую справу — гэты час прайшоў. Час працы прайшоў, і зараз ты знаходзісься перад тварам вечнасьці, у якую ужо немагчыма унесьці тое, чаго ты не унёс шляхам усяго свайго зямнога жыцьця. Зрабілася позна. Гэта вельмі страшнае слова.
Ёсьць выдатнае, суцяшальнае слова ў творах Яна Лесьвічніка; мы ніяк не можам прыняць яго за дазвол не дзеяць тое дабро, да якога мы закліканы, але яно адкрывае нейкую надзею для нас. Ён кажа, што прыйдзе час, калі усё устануць перад судом Божым, і мы зь жахам убачым, што на нас павінны выканацца словы Выратавальніка: Ад слоў сваіх апраўдаесься і ад слоў сваіх засуджаны будзеш. Тое, што мы казалі, што мы прапаведавалі, у чым пераконвалі іншых, мы не выканалі. Кожнае слова праўды, якое мы прамовілі, кожнае праўдзівае слова, якое мы вымавілі, зараз устае перад намі, як бы асуджаючы нас: ты гэта ведаў, ты гэта іншым казаў — а сам? ты не дакрануўся да таго, да чаго заклікаў усіх... Але ў той момант (Ян Лесьвічнік кажа не гэтакімі словамі, больш скупа, мацнейшае, чым я умею сказаць) усе тыя, якія атрымалі праз гэтыя словы натхненьне, якія былі гэтымі словамі навучаны, якія знайшлі свой шлях у жыцьці дзякуючы сказанаму тым, хто сам не выконваў таго, што прапаведаваў, яны устануць і скажуць: “Гасподзь, прабач яму! Калі б ён не казаў, я не ведаў бы шляху, праўды, праўды і жыцьця!”
Але суцяшацца гэтым нам ніяк нельга. Аднак мы павінны памятаць, што усякі чалавек, каго мы сустрэнем на працягу нашага жыцьця, нават выпадкова, нават знаходзячыся ў мятро, у аўтобусе, на вуліцы, на каго мы паглядзелі са спагадай, зь сур'ёзнасьцю, з чысьцінёй, нават не сказаўшы ні словы, можа ў адно імгненьне атрымаць надзею і сілу жыць. Ёсьць людзі, якія праходзяць праз гады, нікім не апазнаныя, праходзяць праз гады, быццам яны ні для каго не існуюць. І раптам яны апынуліся перад тварам невядомага ім чалавека, які на іх паглядзеў з глыбінёй, для якога гэты чалавек, адхілены, забыты, няісны, існуе. І гэты пачатак новага жыцьця. Пра гэта мы павінны памятаць. Амін.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.