Thursday, July 1, 2010

ЯК СЬВЯТАЯ ПРАВАСЛАЎНАЯ ЦАРКВА ШАНАВАЛА І ШАНУЕ МАЦІ БОСКУЮ (працяг)

сьвяціцель Іаан (Максімовіч)

ерась несторыя, абвясьціўшая Багародзіцу толькі маці Хрыста, і ІІІ Сусьветны сабор

Калі мусілі замоўкнуць тыя, хто меў дзёрзкасьць казаць супраць сьвятасьці і цноты Ўсясьвятой Дзевы Марыі, тады была зроблена спроба разбурыць шанаваньне Яе як Маці Боскай. У V стагодзьдзі Канстантынопальскі архіяпіскап Несторы пачаў прапаведаваць, што ад Марыі нарадзіўся толькі чалавек Ісус, у якога ўсялілася Боскасьць і жыла ў Ім, як у храме. Ён з пачатку дазволіў свайму прэсьвітэру Анастасію, а потым і сам пачаў, вольна навучаць у царкве, што Марыю нельга называць Багародзіцай, таму што Яна не нарадзіла Богачалавека. Ён лічыў зьняважлівым для сябе пакланяцца Немаўляці, што абвіта пялёнкамі і ляжыць у ясьлях.

Падобныя пропаведзі выклікалі агульнае замяшаньне і неспакой за чысьціню веры найперш у Канстантынопалі, а потым і ва ўсіх іншых месцах, куды дайшлі чуткі аб новым вучэньні. Сьвяты Прокл, вучань Яна Залатавуста, быўшы япіскапам Кізыческім, а ў далейшым архіяпіскапам Канстантынопалю, у прысутнасьці Несторыя прамовіў у царкве казаньне, у якім спавядаў Сына Божага, што нарадзіўся плоцьцю ад Дзевы, якая сапраўды ёсьць Багародзіца, бо ўжо ва ўлоньні Ўсячыстай, у час зачацьця, Боскасьць зьядналася зь зачатым ад Сьвятога Духа Немаўлём, Які хоць толькі Сваёй чалавечай прыродай нарадзіўся ад Дзевы Марыі, але нарадзіўся ўжо сапраўды Богам і сапраўды чалавекам.

Несторы быў упарты і не згаджаўся зьмяніць сваё вучэньне, кажучы, што патрэбна адрозьніваць Ісуса і Сына Божага, што Марыю патрэбна называць не Багародзіцай, а толькі маці Хрыста, таму што Ісус, нарадзіўшыся ад Марыі, быў толькі чалавекам – Хрыстом (што значыцца Месія, памазанік), падобны на ранейшых памазанікаў Божых – прарокаў, толькі перабольшваючы іх шчыльнасьцю зносін з Богам. Такім чынам, вучэньне Несторыя зьяўлялася адмаўленьнем усёй годнасьці Боскай, бо калі ад Марыі нарадзіўся толькі чалавек, то не Бог пацярпеў за нас, а чалавек.

Сьвяты Кірыла, архіяпіскап Александрыі, даведаўшыся ад вучэньні Несторыя і царкоўных хваляваньнях, выкліканых ім у Канстантынопалі, напісаў ліст Несторыю, у каторым пераконваў яго трымацца той навукі, якую Царква спавядала ад свайго заснаваньня, і не ўводзіць у яго нічога новага. Апрача гэтага, сьв. Кірыла пісаў канстантынопальскаму кліру і народу, каб былі цьвёрдыя ў праваслаўнае веры і не баяліся ганеньняў з боку Несторыя на тых, хто не быў згодны зь ім. Паведаміў сьв. Кірыла аб усім і ў Рым, сьв. Папе Келесьціну, які са сваім статкам быў тады цьвёрды ў Праваслаўі.

Сьв. Келесьцін са свайго боку напісаў Несторыю і заклікаў яго прапаведаваць праваслаўную, а не сваю ўласную верую Несторы пакідаўся глухім да ўсіх перакананьняў і адказваў, што тон, што ён прапаведуе, і ёсьць праваслаўная вера, а ягоныя праціўнікі – ерэтыкі. Сьв. Кірыла яшчэ пісаў Несторыю і склаў 12 анафэмаў, гэта значыцца выклаў у 12 пунктах галоўныя адрозьненьня праваслаўнага вучэньня ад таго, што прапаведаваў Несторы, вызнаўшы адлучаным ад Царквы любога, які адмаўляў хоць адзін зь складзеных ім пунктаў.

Несторы адпрэчыў цалкам усё, выкладзенае сьв. Кірылам, і напісаў свой выклад вучэньня, якое ён прапаведаваў, таксама ў 12 пунктах, аддаючы анафэме, гэта значыцца адлучэньню ад Царквы, кожнага, хто іх не прыме. Небясьпека чысьціні веры ўсё пабольшвала. Сьв. Кірыла напісаў лісты Цару Феадосію Малому, тады цараваўшаму, ягонай жонцы Еўдакіі і сястры Пульхэрыі, просячы іх таксама паклапаціцца аб царкоўных справах і спыніць ерась.

Вырашана было склікаць Сусьветны Сабор, на якім герархі, сабраныя з розных канцоў сусьвету, вырашылі б, праваслаўная лі вера, якую прапаведуе Нестроры. Месцам Сабору, быўшага ІІІ Сусьветным, быў імі абраны горад Эфэс, у якім некалі жыла Ўсясьвятая Дзева Марыя зь апосталам Янам Багасловам. Сьв. Кірыла сабраў сваіх братоў–япіскапаў у Эгіпце і разам зь імі на караблях паехаў у Эфэс.

Зь Атыёхіі сухім шляхам паехалі Ян, архіяпіскап Антыёхіі зь усходнімі япіскапамі. Рымскі япіскап сьв. Келесцін не мог сам ехаць і папрасіў сьв. Кірылу абараняць праваслаўную веру, а апрача гэтага яшчэ ад сябе паслаў двух япіскапаў і прэсьвітэра Рымскае Царквы Філіпа, якім таксама даў указаньні, што патрэбна казаць. У Эфэс прыбыў таксама Несторы і япіскапы Канстантынопальскае акругі, япіскапы Палестыны, Малой Азіі і Кіпру.

У дзесятыя календы ліпеня па рымскаму календару, гэта значыцца 22 чэрвеня 431 года, у Эфэскае царкве Дзевы Марыі сабраліся япіскапа на чале зь Александрыйскім япіскапам Кірылам і Эфэскім япііскапам Мемнанам і занялі свае месцы. У сярэдзіне было пакладзена Эвангельля, як знак нябачнага кіраваньня Сусьветным Саборам самім Хрыстом. З пачатку прачыталі Сымбаль веры, складзены на І і ІІ Сусьветных Саборах, потым дастаўленую прадстаўніком Цароў Феадосія і Валентына, імпэратараў Усходняй і Заходняй частак Імпэрыі, Царскую грамату Сабору.

Выслухаўшы Царскую грамату, прыступілі да чытаньня дакумэнтаў і прачыталі, напісаныя прад Саборам, пасланьня Кірылы і Келесьціна Несторыю і адказы Несторыя. Сабор вуснамі сваіх сяброў вызнаў вучэньне Несторыя ганебным і асудзіў яго, прызнаўшы Несторыя пазбаўленым катэдры і сьвятарства. Было складзена аб гэтым пастанова, падпісанае каля 160 удзельнікамі сабору, а паколькі некаторыя зь іх прадстаўлялі і іншых япіскапаў, якія не мелі магчымасьці асабіста прыбыць на сабор, то пастанова сабору зьявілася рашэньнем звыш 200 япіскапаў, што мелі катэдры ў розных баках тагачаснае Царквы, прычым яны сьведчылі, што вызнаюць тую веру, якая ад веку спавядалася ў іх месцах.

Такім чынам, пастанова Сабору было голасам Сусьветнае Царквы, якая зь выразнасьцю выказала сваю веру, што Хрыстос, народжаны ад Дзевы, ёсьць праўдзівы Бог зрабіўшыся чалавекам, а паколькі Марыя нарадзіла дасканалага чалавека, быўшага ў той жа час дасканалым Богам, Яна справядліва павінна шанавацца як Багародзіцаю.

Пасьля заканчэньня паседжаньня пастанова яго было неадкладна паведамлена чакаючаму яе народу. Увесь Эфэс узрадаваўся пазнаўшы, што абаранілі шанаваньне Сьвятой Дзевы, асабліва шанаванай у гэтым горадзе, жыхаркай якога Яна была падчас зямнога жыцьця, і заступніцай пасьля пераходу ў вечнасьць. Народ захоплена прывітаў Айцоў, вечарам павяртаўшыхся да сабе пасьля паседжаньня, суправаджаў іх да дому зь запаленымі паходнямі і кадзіў на вуліцах духмяным водарам. Усюды чулася радаснае вітаньне, услаўленьне Сапраўды Дзевы і усхваленьне Айцоў, якія абаранілі Яе імя ад ерэтыкоў. Пастанова Сабора была распаўсюджана на вуліцах Эфэсу.

Сабор меў яшчэ 5 паседжаньняў: 10 і 11 чэрвеня, 16, 17 і 22 ліпеня і 31 жніўня. На іх у 6—ці правілах былі выкладзеныя меры уздзеяньня супраць тых, хто адважыцца распаўсюджваць вучэньне Несторыя і адкідаць пастановы Сабору ў Эфэсу.

Па скарзе Кіпрскіх япіскапаў на дамаганьні Антыёхійскага япіскапа, Сабор вызначыў, каб Кіпрская Царква захоўвала сваю незалежнасьць у царкоўным кіраваньні, якую мела ад апосталаў, і наогул ніхто зь япіскапаў не падпарадкоўваў бы сябе вобласьцяў, якія былі незалежныя ад яго раней, “каб пад выглядам сьвятарства не ўкралася ганарлівасьць зямной улады, і каб мы не згубілі, згубіўшы па крыху, той свабоды, якую дараваў нам Сваёй Крывёй Гасподзь наш Ісус Хрыстос, Вызваліцель усіх людзей”.

Сабор таксама пацьвердзіў асуджэньне ерасі Пелагія, вучыўшай, што чалавек здольны выратавацца ўласнымі сіламі, без неабходнасьці мець Боскую мілату, вырашыў некаторыя справы царкоўнага кіраваньня і зьвярнуўся з пасланьнем да япіскапаў, якія небылі прысутны на Саборы, паведамляючы свае пастановы і заклікаючы ўсіх стаяць на абароне праваслаўнае веры і царкоўнага міру. Пры гэтым Сабор вызнаў, што вучэньне Сусьветнае Праваслаўнае Царквы дастаткова поўнае і ясна выкладзена ў Нікее–Канстантынопальскі Сымбале веры, таму і ён (Сабор) не складаў новага Сымбаля веры і забараніў у будучым “складаць іншую веру”, гэта значыцца складаць іншыя сымбалі веры альбо рабіць зьмены ў Сымбалі, зацьверджаным на ІІ Сусьветным Саборы.

Апошняе было парушана праз некалькі стагодзьдзяў заходнімі хрысьціянамі, калі на пачатку ў асобных месцах, а потым і ва ўсёй Рымскае Царкве быў зроблены ў Сымбаль дадатак, што Дух Сьвяты сыходзіць “і ад Сына”, гэты дадатак адабраюць з ХІ стагодзьдзя Рымскія папы, хоць да гэтага часу іх папярэднікі, пачынаючы са сьв. Келесьціна, цьвёрда трымаліся рашэньня Сабору ў Эфэсе, быўшага ІІІ Сусьветным Саборам і выконвалі яго.

Так усталяваўся ў Царкве мір, парушаны Нясторыям. Была абароненая праўдзівая Вера, і выкрытае ілжэвучэньне.

Сабор у Эфэсе па справядлівасьці лічыцца Сусьветным, разам з папярэднімі Нікейскім і Канстантынопальскім.

На ім прысутнічалі прадстаўнікі ўсёй Царквы, ягоныя рашэньні былі прыняты ўсёй Царквой “ад канца да канца сусьвету”, на ім было спавяданае тое вучэньне, якое ўтрымлівалася Царквой ад часоў апостальскіх. Сабор не стварыў новага вучэньня, але голасна засьведчыў ісьціну, якую спрабавалі замяніць вымыслам; ён дакладна выклаў спавяданьне Боскасьці Хрыста, народжанага ад Дзевы. Вераваньне Царквы і яе думка па закранутаму пытаньню былі цяпер так зразумела выкладзены, што ніхто больш ня мог прыпісаць Царкве свае ілжывыя домыслы. Маглі ўздымацца ў далейшым іншыя пытаньні, патрабуючыя рашэньня ўсёй Царквы, але не аб тым, быў лі Ісус Хрыстом Богам.

Наступныя Саборы грунтаваліся ў сваіх рашэньнях на пастановах, ім папярэднічаўшых, не складалі новага Сымбаля веры і толькі тлумачылі яго. На ІІІ Сусьветным Саборы цьвёрда і зразумела спавяданае вучэньне Царквы аб Боскай Маці. Раней сьвятымі айцамі былі выкрыты ілгаўшыя на годнае цнатлівае жыцьцё Дзевы Марыі, а цяпер аб прымяншаючых Яе годнасьць абвяшчалася: “Хто не спавядае Эмануіла праўдзівым Богам і праз гэта Сьвятую Дзеву Багародзіцай, таму што Яна ў плоці нарадзіла Слова, існае ад Бога Айца, што зрабілася плоцьцю ды будзе анафэма” (адлучэньне ад Царквы – 1 анафэма сьв. Кірылы Александрыйскага).

Спроба іконазмагароў зьменшыць славу Царыцы Нябеснай і іх ганьба

Пасьля ІІІ Сусьветнага Сабору яшчэ больш пачалі зьвяртацца хрысьціяне, як ў Канстантынопалі, так і ў іншых месцах, да дапамогі Боскай Маці, і іх надзеі на Яе дапамогу не апынуліся дарэмнымі. Яна выяўляла Сваю дапамогу шматлікім хворым, бездапаможным і бядотным. Яна шматразова была абаронцай Канстантынопалю ад ворагаў зьнешніх, аднойчы нават паказала бачным вобразам звышгоднаму Андрэю юродзіваму Свой дзіўны Покрыў над народам, што маліўся ноччу ў Улахернскае царкве.

Царыца Нябесная давала перамогу Бізантыйскім Імпэратарам у бітвах, таму тыя мелі звычай браць зь сабой у паходы Яе абраз Адзігітрыі. Яна ўмацоўвала падзьвіжнікаў і рупліўцаў хрысьціянскага жыцьця ў іх змаганьні зь запаламі і слабасьцю чалавечай. Яна адукоўвала і скіроўвала айцоў і настаўнікаў Царквы, у тым ліку і самога сьв. Кірылу Александрыйскага, калі ён хістаўся ў вызнаньні невінаватасьці і сьвятасьці Яна Залатавуснага.

Усячыстая Дзева ўкладала сьпевы ў вусны складальнікаў царкоўных сьпеваў, часам робячы знакамітымі сьпевакамі няздатных і не меючых сьпеўнага таленту, але набожных працаўнікоў, як, напрыклад, сьв. Рамана Салодкасьпеўца. Таму ці дзіўна, што хрысьціяне намагаліся праславіць імя Сваёй няспыннай Абаронцы. У Яе гонар усталёўваліся сьвята, Ёй прысьвячаліся дзівосныя сьпевы, Яе выявы шанаваліся.

Злаба “князя гэтага сьвету” узброіла “сыноў адступніцтва” яшчэ раз узьняцца на бой супраць Эмануіла і Ягонай Маці ў тым жа Канстантынопалі, лічыўшым цяпер, як і раней Эфэс, Боскую Маці сваёй Абаронцай. Не маючы дзёрзкасьці напачатку адкрыта казаць супраць Абранай Ваяводы, жадалі зьменшыць Яе праслаўленьне тым, што забаранілі шанаваць іконы Хрыста і Ягоных сьвятых, называючы гэта “пакланеньнем ідалам”. Боская Маці і тут ўмацавала змагароў за набожнасьць у барацьбе за шанаваньне ікон, паказаўшы шматлікія знакі ад Сваіх ікон і вылечыўшы адсечаную руку пісаўшага ў абарону ікон Яна Дамаскіна.

Прасьледаваньне шануючых іконы і сьвятых закончылася зноў перамогай і сьвятам Праваслаўя, бо шанаваньне, што аддаецца іконам, уздымаецца да выяўленых на іх; сьвятыя ж, дагадзіўшыя Богу, шануюцца як сябры Бога, дзеля мілаты Божай, што ўсялілася ў іх згодна словам псальмы “мне ж шмат годнасьці быць сябрам Тваім”. Асаблівым чынам на небе і на зямлі праслаўлена Ўсячыстая Боская Маці, нават у дні зьнявагі ікон выявіўшая праз іх настолькі дзівосныя цуды, што і зараз мы зь замілаваньнем згадваем аб іх. Песьня “Аб Табе радуецца, Дабрадатная, усялякае стварэньне” і абраз “Траеручніца” нагадваюць аб вылячэньні Яна Дамаскіна прад гэтай іконай, выява Іверскае іконы Боскай Маці – аб дзіўным выратаваньні ад ворагаў гэтага абраза, кінутага ў мора ўдавой, няздольнай выратаваць яе.

Ніякія ганеньні на шануючых Боскую Маці, і ўсё, што зьвязана з памяцьцю аб Ёй, не здолелі зьменшыць любоў хрысьціян да сваёй Абаронцы. Усталявалася правіла, што кожны шэраг богаслужбовых песьняў канчаецца песьняй альбо вершам ў гонар Боскай Маці (так званым Багародзічным). Шмат разоў на год хрысьціяне ў розных канцах сусьвету зьбіраюцца, як і раней зьбіраліся, у храме, каб ўшанаваць Як, падзякаваць за аказаныя даброты і папрасіць міласьці.

Але вораг хрысьціян сатана, які “як леў рыкаючы ходзіць, шукаючы, каго праглынуць” (1 Пят. 5:8), ці мог застацца абыякавым гледачом славы Усячыстай? Ці мог ён вызнаць сябе пераможаным і спыніць барацьбу зь ісьцінай праз людзей, выконваючых ягоную волю? І вось, калі ўвесь сусьвет напоўніўся дабравесьцем Хрыстовай веры, калі ўсюды заклікалася імя Ўсясьвятой, зямля напоўнілася храмамі, дамы хрысьціян упрыгожвалі Яе іконамі, Ёй прысьвечанымі, тады зьявілася і пачало распаўсюджвацца новае ілжэвучэньне аб Боскай Маці. Гэтае ілжэвучэньне тым небясьпечна, што шмат хто няздольны адразу зразумець, наколькі яно разбурае праўдзівае шанаваньне Боскай Маці.

“Руплівасьць Божая, ды не па розуму” (Рым. 10:2)

Скажэньне лацінянамі ў новым выдуманым догмаце "Бязгрэшнага зачацьця" праўдзівага шанаваньня Усясьвятой Багародзіцы і Заўсёды Дзевы Марыі

Калі выкрыты былі ўсе адмаўляючыя добрае і годнае жыцьцё Ўсясьвятой Дзевы, адмаўляючыя Яе Сапраўднае Дзявоцтва, адмаўляючыя Яе годнасьць Боскай Маці, ганіўшыя Яе іконы – тады, калі слава Багародзіцы асьвяціла ўвесь сусьвет, тады зьявілася вучэньне, быццам узьвялічваючае высока Дзеву Марыю, а ў сапраўднасьці адкідаючае ўсе яе дабрадзейнасьці.

Гэта вучэньне называецца вучэньнем аб бязгрэшным зачацьці Дзевы Марыі, а прынялі яго пасьлядоўнікі рымскага папскага пасаду. Яно складаецца з таго, што “Усядабраслаўлёная Дзева Марыя ў першае імгненьне Свайго зачацьця, па асаблівай дабрыні Ўсямагутнага Бога і асаблівай перавазе, дзеля будучых заслуг Ісуса Хрыста, Выратавальніка роду чалавечага, была захавана вольнай ад усялякага бруду першароднай правіны” (Була папы Пія ІХ аб новым догмаце). Іншымі словамі, Боская Маці, у сам час зачацьця была захавана ад першароднага граху і мілатой Божай была пастаўлена ў стан немагчымасьці мець асабістыя грахі.

Хрысьціяне не чулі аб гэтым да ІХ стагодзьдзя, калі ўпершыню Карвейскі абат Пасхазі Радберт выказаў меркаваньне, што Сьвятая Дзева была зачатая без першароднага граху. Пачынаючы ад ХІІ стагодзьдзя гэтая думка распаўсюджваецца сярод сьвятарства і вернікаў Заходняе Царквы, што на той час ужо аддзялілася ад Сусьветнае Царквы, і праз гэта пазбавілася мілаты Сьвятога Духа.

Разам з тым, і далёка не ўсе сябры Рымскае Царквы згаджаліся зь новым вучэньнем. Падзяліліся ў меркаваньнях нават знакамітыя багасловы Захаду, так бы мовіць, слупы лацінскае царквы. Тамаш Аквінат і Бернард Клервоскі рашуча адмаўлялі яго, у той час як Дунс Скот яго абараняў. Ад настаўнікаў падзел перайшоў да іх вучняў: лацінскія манахі дамініканцы, за сваім настаўнікам Тамашам Аквінатам, прапаведавалі супраць вучэньня аб бязгрэшным зачацьці, а пасьлядоўнікі Дунса Скота – францысканцы спрабавалі яго паўсюды насадзіць. Барацьба паміж гэтымі двума плынямі працягвалася ў працяг некалькіх стагодзьдзяў. І на адным, і на другім боку былі асабістасьці, што лічыліся сярод каталікоў найвялікшымі аўтарытэтамі.

Не дапамагло вырашэньню пытаньня і тое, што некаторыя паведамлялі, што мелі аб гэтым адкрыцьцё звыш. Знакамітая ў XIV стагодзьдзі сярод каталікоў манашка Брыгіта ў сваіх запісках паведамляла аб зьяўленьні ёй Багародзіцы, Якая Сама ёй сказала, што Яна зачатая бязгрэшна, без першароднага граху; а яшчэ больш знакамітая яе сучасьніца Кацярына Сіёнская сьцьвярджала, што ў зачацьці Сьвятая Дзева была датычная першароднага граху, адкрыцьцё ж яна атрымлівае ад Самога Хрыста (Прат. Ал. Лебядзеў. Разнастайнасьці ў вучэньні аб Усясьвятой Багародзіцы Царквы Ўсходняе і Заходняе).

Такім чынам, ні на падставе багаслоўскіх твораў, ні на падставе дзівосных зьяў, узаемна супярэчлівых, лацінскія вернікі доўгі час не здольныя былі разабрацца: дзе ж праўда. Рымскія папы да Сікста IV (канец ХV стагодзьдзя) пакідаліся ў баку ад гэтых спрэчак, толькі гэты папа ў 1475 годзе ўхваліў службу, у якой ясна выкладалася вучэньне аб бязгрэшным зачацьці, а праз некалькі гадоў забараніў асуджаць тых, хто верыць у бязгрэшнае зачацьце. Аднак і Сікст IV не рашыўся яшчэ сьцьвярджаць, што такім ёсьць непахіснае вучэньне Царквы, таму, забараніўшы асуджаць тых, хто веруе ў бязгрэшнае зачацьце, ён не асуджаў і тых, хто верыць інакш.

Тым часам, вучэньне аб бязгрэшным зачацьці набывала ўсё больш прыхільнікаў сярод вернікаў Рыма–Каталіцкае Царквы. Падставай гэтага было тое, што здавалася вельмі набожным і прыемным Боскай Маці ўзносіць Ёй як найбольш славы. Імкненьне народу праславіць Нябесную Абаронцу, зь аднаго боку, а з іншага – ухіленьне заходніх багасловаў ў адцягненыя разважаньні, што прыводзяць толькі да ўяўнай ісьціны (схалястыка), нарэшце заступніцтва рымскіх пап, пасьля Сікста IV – усё гэта прывяло да таго, што меркаваньне аб бязгрэшным зачацьці, выказанае Пасхазіем Радбертам у ІХ стагодзьдзі, было ўжо агульным вераваньнем лацінскае царквы ў ХІХ стагодзьдзі. Заставалася толькі канчаткова гэта абвясьціць царкоўным вучэньнем, што і зрабіў рымскі папа Пій ІХ, у час урачыстага служэньня 8 сьнежня 1854 года абвясьціўшы, што бязгрэшнае зачацьце Ўсясьвятой Дзевы ёсьць догмат Рымскае Царквы.

Такім чынам, Рымская Царква дадала яшчэ адно адступленьне ад таго вучэньня, якое спавядала, пакуль была сябрам Саборнае Апостальскае Царквы, веру якой і да сёньня непарушна і без зьменаў спавядае Праваслаўная Царква. Абвяшчэньне новага догмату задаволіла вялікае кола народу, належнага да Рымскае Царквы, у прастаце сэрца думаючага, што абвяшчэньне новага вучэньня ў Царкве паслужыць да пабольшаньня славы Боскай Маці, Якой яны гэтым быццам робяць падарунак, быў задаволены гонар заходніх багасловаў, абараняўшых і распрацаваўшых яго; а больш за ўсё абвяшчэньне новага догмату прынесла карысьці самому рымскаму пасаду, бо абвясьціўшы новы догмат сваёй уладай, хоць і выслухаўшы меркаваньне япіскапаў Каталіцкае Царквы, рымскі папа тым самым адкрыта прысвоіў сябе права зьмяняць вучэньне Рымскае Царквы і паставіў свой голас вышэй сьведчаньня Сьвятога Пісаньня і Паданьня. Адсюль прамым высноўкам было, што рымскія папы непамыльныя ў пытаньнях веры, што той жа папа Пій ІХ таксама абвясьціў догматам Каталіцкае Царквы ў 1870 годзе.

Так зьмянялася вучэньне Заходняе Царквы, адышоўшай ад зносінаў з ісьцінай Царквой. Яна ўводзіць у сябе новыя і новыя вучэньні, у спадзяваньні гэтым больш праславіць ісьціну, а ў сапраўднасьці скажаючы яе. У той час, як Праваслаўная Царква пакорліва спавядае тое, што прыняла ад Хрыста і апосталаў, Рымская Царква мае дзёрзкасьць дапаўняць гэта, то “з руплівасьці не па розуму” (Рым. 10:2), то ўхіляючыся ў “паганае пустаслоўе і перакорлівасьць фальшывага знаньня” (1 Цім. 6:20). Інакш і не магло быць, бо тое, што “Царкву … вароты пякельныя не перамогуць.” (Мц. 16:18), абяцана толькі праўдзівай, Сусьветнай Царкве, а не адышоўшымі ад як спраўдзяцца словы: “галіна не можа даваць плоду сама сабой, калі не будзеце на лазе, так і вы, калі не будзеце ў–ва Мне” (Ян. 15:4).

Праўда, у самім вызначэньні новага догмату гаворыцца, што не ўсталёўваецца новае вучэньне, а толькі абвяшчаецца як царкоўнае, тое, што заўсёды існавала ў Царкве, якога трымаліся шматлікія сьвятыя Айцы, вытрымкі з твораў якіх прыводзяцца. Аднак, усе прыведзеныя выказваньні гавораць толькі аб высокім гонары Дзевы Марыі, Яе нявіннасьці, даюць Ёй шматлікія імёны, вызначаючыя Яе чысьціню і духоўную магутнасьць, але нідзе не гаворыцца аб бязгрэшнасьці ў зачацьці. Між тым, тыя ж сьвятыя айцы і іншых месцах гавораць, што толькі Ісус Хрыстос абсалютна чысты ад усялякага граху, усе ж людзі, як народжаныя ад Адама, насілі плоць схільную закону граха.

Ніхто зь старажытных сьвятых айцоў не гаворыць, што Бог дзівосным чынам, яшчэ ва ўлоньні ачысьціў Дзеву Марыю, а шматлікія прама кажуць, што Дзева Марыя, як і ўсе людзі, цярпела барацьбу з грахом, але выявілася пераможцам над спакусамі і выратавана Сваім Боскім Сынам.

Тлумачальнікі лацінскага веравызнаньня таксама гавораць, што Дзева Марыя выратавана Хрыстом, але разумеюць гэта так, што Марыя была захавана ад бруду першароднай правіны ў віду будучых заслуг Хрыстовых (Була аб догмаце бязгрэшнага зачацьця). Дзева Марыя, па іх вучэньню, як бы наперад атрымала той дарунак, які Хрыстос прынёс людзям Сваімі пакутамі і крыжовай сьмерцю. Больш таго, кажучы аб пакутах Багародзіцы, якія Яна пацярпела, стоячы каля крыжа Свайго любімага Сына, і наогул аб той скрусе, якой была напоўнена жыцьцё Боскай Маці, яны лічаць іх дадаткам да пакут Хрыстовых, а Марыю нашай Сузбаўцай. Па тлумачэньню лацінскіх багасловаў “Марыя судалучная нашаму Збаўцы як Сузбаўца” (Гл. Лебядзеў. Тамсама, б. 273). “У справе збаўленьня Яна некаторым чынам дапамагала Хрысту” (Катэхізіс д—ра Ваймара). “Маці Боская, – піша д—р Ленц, – не толькі мужна перанесла цяжар Сваёй пакуты, але і з радасьцю, хоць і з разьбітым сэрцам” (Марыялёгія д—ра Ленца). “На гэтай падставе Яна ёсьць дадатак Сьвятой Тройцы”, а “як Сын Яе ёсьць адзіны Пасярэднік, абраны Богам паміж Ягонай пакрыўджанай веліччу і грэшнікамі – людзьмі, так дакладна галоўная Пасярэдніца, пастаўленая Ім паміж Сынам і намі, ёсьць Усядабраслаўлёная Дзева”. “Трыма адносінамі: Дачкі, Маці і Жонкі Бога, Сьвятая Дзева ўзьнята да некаторай роўнасьці зь Айцом, да нейкага ўзвышэньня над Сынам, да пэўнай блізкасьці да Сьвятога Духа” (“Бязгрэшнае зачацьце. Малу, яп. Бругес).

Такім чынам, па вучэньню прадстаўнікоў лацінскага багаслоўя, Дзева Марыя ў справе збаўленьня становіцца побач зь Самім Хрыстом і ўзвышаецца амаль да роўнасьці з Богам. Далей крочыць няма куды. Калі ўсё гэта не аформлена канчаткова, як догмат Рымскае Царквы, то рымскі папа Пій ІХ, зрабіўшы да гэтага першы крок, указаў кірунак дзеля далейшага разьвіцьця агульнацаркоўнага вучэньня сваёй царквы, ускосна пацьвердзіўшы прыведзенае вышэй вучэньне аб Дзеве Марыі.

Так, у сваім імкненьні ўзьвялічыць Усясьвятую Дзеву, Рымская Царква крочыць па шляху поўнага Яе абагаўленьня, і калі ўжо зараз яе аўтарытэты называюць Марыю дадаткам Сьвятой Тройцы, то хутка магчыма дачакаемся, што Дзеву будуць шанаваць як Бога.

На той жа шлях уступіла і група мысьліцеляў, прыналежных пакуль да Праваслаўнае Царквы, але будуючых новую багаслоўскую сыстэму, паклаўшы ў яе падмурак філязоўскае вучэньне аб Прамудрасьці Сафіі, як аб асобнай сіле, што зьвязвае Боскасьць і тварэньне. Таксама разьвіваючы вучэньне аб годнасьці Боскай Маці, яны жадаюць бачыць у Ёй істоту, якая зьяўляецца нечым сярэднім паміж Богам і чалавекам. Па некаторым пытаньням яны больш памяркоўныя чым лацінскія багасловы, але па іншым, на мой погляд, ужо апярэдзілі іх. Адмаўляючы вучэньне аб бязгрэшным зачацьці і свабодзе ад першароднага граху, яны, аднак, вучаць аб Яе поўнай свабодзе ад любых асабістых грахоў, бачачы ў Ёй пасярэдніцу паміж людзьмі і Богам, падобную Хрысту: у асобе Хрыста зьявілася на зямлі Другая асоба Сьвятой Тройцы, Адвечнае Слова, Сын Божы, а Дух Сьвяты зьяўляецца праз Дзеву Марыю.

Па словах аднаго з прадстаўнікоў гэтай плыні, зь усяленьнем Сьвятога Духа Марыя набыла “двуадзінае жыцьцё, чалавечае і Боскую, гэта значыцца абсалютна абагаўляецца, такім чынам у Сваім існым быцьці зьяўляецца жывым стварэньнем адкрыцьця Духа Сьвятога” (Прат. Сяргей Булгакаў. Неапалімая Купіна, выд. 1927 г., б. 154), “ёсьць дасканалае зьяўленьне Трэцяй Асобы” (тамсама, б. 175), “тварэньне, але ўжо і не тварэньне” (тамсама, б. 191). Гэтае імкненьне да абагаўленьня Боскай Маці назіраецца пераважна на Захадзе, у той самы час, як там, зь іншага боку, маюць вялікі посьпех розныя сэкты пратэстанскага характару разам з галоўнымі галінамі пратэстантаў: лютэранствам і кальвінізму, наогул адмаўляючыя шанаваньне Боскай Маці і малітоўныя звароты да Яе.

Але можна выказацца словамі сьвятога Епіфана Кіпрскага: “аднолькавая шкода ў абодвух гэтых ерасях, і калі прыніжаюць Дзеву, і калі, наадварот, праслаўляюць Яе звыш належнага” (Сьв. Епіфан Кіпрскі. Панарыён супраць Каладрыян). Сьвяты айцец выкрывае тых, якія аддаюць Ёй амаль Боскае пакланеньне: “У шанаваньні ды будзе Марыя, пакланяцца ж будзем Госпаду” (Тамсама). “Хоць Марыя ёсьць сасуд абраны, аднак як жанчына па прыродзе нічым ад іншых не адрозьніваецца. Хоць гісторыя Марыі і Паданьне абвяшчаюць, што айцу Яе Якіму сказана было ў пустэльні: “жонка твая зачала”, аднак гэта адбылося не без саюзу шлюбнага і не без насеньня мужа” (Сьв. Епіфан Кіпрскі. Супраць Каларыдіян). “Звыш належнага не мусім шанаваць сьвятых, але шанаваць Уладара іх. Марыя не Бог і не зь неба атрымала цела, але ад зносін мужа і жонкі, і па абяцаньню, як Ісак, зараней падрыхтавана да ўдзелу ў домабудаваньні Боскім. Но, зь іншага боку, ніхто да не мае дзёрзкасьці і бяздумна абражаць Сьвятую Дзеву”. (Сьв. Епіфан. Супраць Антыдыкамарыёнітаў)

Праваслаўная Царква, высока ўзносячы Багародзіцу ў сваіх хвалебных песьнях, не мае дзёрзкасьці прыпісваць Ёй тое, што не абвешчана аб Ёй Сьвятым Пісаньнем альбо Паданьнем. “Ісьціне чужы ўсе перабольшаньні і прымяншэньні: яна ўсяму дае належную меру і належнае месца”. (Яп. Ігнацій Бранчанінаў). Праслаўляючы дзявоцтва Дзевы Марыі і мужнае цярпеньне скрухі ў Яе зямным жыцьці, айцы Царквы адмаўляюць, аднак, думку, што Яна зьявілася пасярэдніцай паміж Богам і людзьмі ў сэнсе сумеснага збаўленьня Імі чалавечага роду. Гаворачы аб Яе гатоўнасьці памерці разам зь Сынам Яе і зь Ім разам пакутаваць дзеля агульнага выратаваньня, знакаміты айцец Заходняе Царквы сьвяты Амвросій, япіскап Медзіалянскі, дадае: “Але пакуты Хрыстовы не патрабавалі дапамогі, як Сам Гасподзь прадказаў аб тым значна раней: Я глядзеў, — і ня было памочніка; дзіваваў, што ня было таго, хто падтрымлівае; але дапамагла Мне сіла Мая, і лютасьць Мая — яна падтрымала Мяне.” (Іс. 63:5; Сьв. Амвросій. Аб выхаваньні Дзевы і Сапраўдным Дзявоцтве Сьвятой Марыі, гл. 7)

Той жа сьвяты айцец вучыць аб агульнасьці першароднага граху, з чаго выключэньнем ёсьць адзін Хрыстос. “Зь усіх народжаных жанчынамі няма ніводнага абсалютна сьвятога, апрача Госпада Ісуса Хрыста, Які, па асобнаму новаму чыньніку бязгрэшнага зачацьця, не выпрабаваў зямнога пашкоджаньня”. (Сьв. Амвросій. In Luc., сар. II). “Адзін толькі Бог без граху. Такім чынам, хто не мае граху, той і не зачаты такім чынам”. (Сьв. Амвросій. Ар. Аug. dе nupcia et concepcione). “Адзін толькі чалавек, Малітоўнік Бога і людзей, вольны ад кайданоў грахоўнага нараджэньня, таму што Ён нарадзіўся ад Дзевы і таму, што нараджаючыся, не выпрабаваў уражаньня грахом.” (Сьв. Амвросій. Супраць Іўліяна, кн. 2).

Другі знакаміты настаўнік Царквы, асабліва шанаваны на Захадзе, дабрашчасны Аўгусьцін піша: “Што датычыцца да іншых людзей, выключаючы Таго, Хто ёсьць падмуркавы камень, я не бачу дзеля іх іншага сродку зрабіцца храмамі Боскімі і быць дзеля Бога жыльлём апрача духоўнага адраджэньня, якому абавязкова папярэднічае нараджэньне ў плоці. Такім чынам, як бы мы не думалі аб дзецях, што знаходзяцца ва ўлоньні маці, хоць бы слова сьвятога Эвангеліста, які кажа аб Яне Хрысьціцелі, што ён радасна зарухаўся ва ўлоньні маці (што адбылася не інакш, як дзейнасьцю Сьвятога Духа), альбо словы самога Госпада, сказаныя Ераміі: “Я асьвяціў цябе раней, чым ты выйшаў зь улоньня маці” – давалі альбо не давалі нам падставу лічыць, што дзеці ў гэтым стане здольныя да нейкага асьвячэньня; але ва ўсялякім разе несумнеўна, што тое асьвячэньне, па якому ўсе мы разам і кожны асабіста бываем храмам Боскім, магчыма толькі дзеля адроджаных і што адраджэньне заўсёды прадугледжвае нараджэньне. Толькі тыя, якія ўжо нарадзіліся, могуць зьяднацца з Хрыстом і быць у саюзе з гэтым Боскім целам, якое робіць Ягоную Царкву жывым храмам велічы Боскай”. (Дабрашчасны Аўгусьцін. Ліст 187).

Прыведзеныя словы старажытных настаўнікаў Царквы сьведчаць, што на самім Захадзе вучэньне, што цяпер там распаўсюджваецца, і там адмаўлялася раней. Нават пасьля адыходу Заходняе Царквы, прызнаны там вялікім аўтарытэтам Бярнард пісаў:

“Жахаюся, бачачы, што цяпер некаторыя зь вас пажадалі зьмяніць стан важных рэчаў, уводзячы новае сьвята, нязнанае Царквой, непрынятае розумам, неапраўданае старажытным Паданьнем. Няўжо мы больш адукаваны і больш набожны чым айцы нашы? … Вы скажаце, што належыць як можна больш праслаўляць Маці Госпада. Гэта праўда, але праслаўленьне, якое ўзносіцца Царыцы Нябеснай, патрабуе адрозьненьня. Уладарная Дзева не мае неабходнасьці ў ілжывым праслаўленьні, валодаючы сапраўднымі венцамі славы і знакамі годнасьці. Праслаўляйце чысьціню Яе плоці і сьвятасьць Яе жыцьця. Дзівуйцеся багацьцем дароў гэтай Дзевы; пакланяйцеся Яе Боскаму Сыну; узносьце Тую, якая зачала, ня ведаючы юрлівасьці, і нарадзіла, не ведаючы болю. Што ж яшчэ магчыма дадаць да гэтай годнасьці? Кажуць, што належыць шанаваць зачацьце, якое папярэднічала слаўнаму нараджэньню; бо калі б не папярэднічала зачацьце, то і нараджэньне не было б праслаўлена. Але што казаць, калі б хтосьці па той жа самай падставе патрабаваў аналягічнага шанаваньня бацькі і маці Сьвятой Марыі. На такой жа падставе магчыма патрабаваць дзеля Яе дзядоў і прадзедаў – да бясконцасьці. Пры гэтым жа, якім чынам грэх не прысутнічаў там, дзе была юрлівасьць. Тым больш хай пераканаўча кажу, што Дух Сьвяты сышоў на Яе, а не тое, што прыйшло зь Ёй”.

“Я кажу, што Дзева Марыя не магла быць асьвячоная раней Свайго зачацьця, паколькі не існавала, калі тым больш не магла быць Яна асьвячоная ў хвіліну Свайго зачацьця, па чыньніку граху зь зачацьцем непадзельнага, то застаецца верыць, што Яна асьвячоная пасьля таго, як зачалася ва ўлоньні Сваёй маці. Гэтае асьвячэньне, калі яно зьнішчае грэх, робіць сьвятым Яе нараджэньне, але не зачацьце. Нікому не дадзена права быць зачатым у сьвятасьці. Адзін Гасподзь Хрыстос зачаты ад Духа Сьвятога і Ён адзіны сьвят ад самага зачацьця Свайго. Выключаючы Яго, да ўсіх патомкаў Адама адносіцца тое, што адзін зь іх кажа аб сябе самім, як па пачуцьцю пакоры, так і па асэнсаваньню ісьціны: “я ў беззаконьні зачаты, і ў грэху маці мая нарадзіла мяне” (Пс. 50:7). Як магчыма патрабаваць, каб гэтае зачацьце было сьвята, калі яно не зьяўлялася справай Сьвятога Духа, не кажучы ўжо, што яно паходзіла ад юрлівасьці? Сьвятая Дзева адпрэчвае, зразумела, тую славу, якая, верагодна, праслаўляе грэх; Яна аніяк не апраўдвае навізны, выдуманай насуперак вучэньню Царквы, навізны, якая ёсьць маці неразважлівасьці, сястра няверы і дачка лёгкадумнасьці” (Bernard. Epist. CLXXIV. Цытуецца, як і папярэдняе (ад дабрашчаснага Аўгусьціна), зь Лебядзева. Разнастайнасьць у вучэньні аб Усясьвятой Багародзіцы Царквы Ўсходняй і Заходняй). Прыведзеныя словы ясна выяўляюць як навізну, так і недарэчнасьць новага догмату Рымскае Царквы.

Вучэньне аб поўнай бязгрэшнасьці Божай Маці:

1. Не адпавядае Сьвятому Пісаньню, дзе неаднойчы гаворыцца аб бязгрэшнасьці “адзіны Бог, адзіны і пасрэднік паміж Богам і людзьмі, Чалавек Хрыстос Ісус” (1 Цім. 2:5); “ў Ім няма грэху”; “Ня ўчыніў Ён ніякага грэху, і ня было падступства ў вуснах Ягоных”; “Які, як і мы, дасьведчаны ва ўсім, акрамя грэху”; “Бо Таго, Хто ня ведаў грэху, Ён зрабіў нам ахвяраю за грэх” (1 Ян. 3:5; 1 Пят. 2:22; Жыд. 4:15; 2 Кар. 5:21); але аб іншых людзях сказана: “Хто родзіцца чыстым ад нячыстага? Ніхто. Калі дні яму вызначаны, і лік месяцаў ягоных у Цябе, калі Ты паклаў яму крэс, якога ён не пяройдзе” (Іоў 14:4–5). “Бог Сваю любоў даказвае нам тым, што, калі мы былі яшчэ грэшнікі, Хрыстос памёр за нас. … Бо калі мы, будучы ворагамі, прымірыліся з Богам сьмерцю Сына Ягонага, дык тым болей, прымірыўшыся, уратуемся жыцьцём Ягоным” (Рым. 5:8,10)

2. Супярэчыць гэтае вучэньне і Сьвятому Паданьню, што ўтрымліваецца ў шматлікіх сьвятаайцоўскіх творах, дзе гаворыцца аб высокай сьвятасьці Дзевы Марыі ад самага Яе нараджэньня і аб ачышчэньні Яе Духам Сьвятым пры зачацьці Ёй Хрыста, але не аб асабістым Яе зачацьці Ганнай. “Ні водны чалавек ня ёсьць чыстым ад граху, нават калі мае адзін дзень жыцьця, толькі Ты адзіны зьявіўся на зямлі бязгрэшным, Гасподзь наш Ісус Хрыстос. На Ягоную міласьць спадзяемся, каб атрымаць прабачэньне і водпуск грахоў”, – гаворыць Васіль Вялікі (малітва вячэрняй Пяцідзесятніцы). “Але калі Хрыстос прыйшоў праз чыстую, дзявоцкую, не пазнаўшую шлюбу, богабаязную, чыстую Маці без шлюбу і без бацькі, і паколькі Яму належала нарадзіцца, ачысьціў жаночую сутнасьць, адкінуў горкую Еву і адпрэчыў законы плоці,” – дадае сьвятой Рыгор Багаслоў (Пахвала дзявоцтву). Аднак і тады, як кажуць аб гэтым сьвятыя Васіль Вялікі і Ян Залатавусты, Яна не была пастаўлена ў немагчымасьць зграшыць, але працягвала клапаціцца аб Сваім выратаваньні і перамагла ўсе спакусы. (сьв. Ян Залатавуст. Тлумачэньне на Эвангельле ад Яна, бяседа 85; сьв. Васіль Вялікі. Ерist:. CLX).

3. Вучэньне аб тым, што Боская Маці была ачышчана раней нараджэньня, каб ад Яе мог нарадзіцца Чысты Хрыстос бессэнсоўнае, таму што калі Чысты Хрыстос мог нарадзіцца толькі калі Дзева будзе ачышчана яшчэ ва ўлоньні маці, то дзеля таго, каб Дзева нарадзілася чыстай, патрэбна было б каб і Яе бацькі былі чыстыя ад першароднага граху, а яны зноў жа мусілі нарадзіцца ад ачышчаных бацькоў, і так крочачы далей, прыйшлося б прыйсьці да высноўку, што Хрыстос не мог бы ўвасобіцца, калі б папярэдне не былі ачышчаны ад першароднага граху ўсе Ягоныя продкі па плоці да самага Адаму ўключна, але тады непатрэбна б было ў само ўвасабленьне Хрыста, бо Хрыстос сыходзіў на зямлю, каб зьнішчыць грэх.

4. Вучэньне, што Боская Маці была захаваная ад першароднага граху, як і тое, што Яна мілатой Боскай была захаваная ад грахоў асабістых, прадстаўляе Бога няміласьцівым і няправедным, бо калі Бог быў здольны захаваць Марыю ад граху і ачысьціць яе яшчэ да нараджэньня, то чаму ж Ён і іншых людзей не ачышчае да нараджэньня, але пакідае іх у граху; таксама атрымліваецца, што Бог выратоўвае людзей і па—за іх воляй, яшчэ да нараджэньня вызначае некаторых да выратаваньня.

5. Гэтае вучэньне, верагодна маючае за мэту ўзвысіць Багародзіцу, у сапраўднасьці абсалютна адмаўляе ўсе Яе даброты. Бо калі Марыя яшчэ ва ўлоньні маці, калі яшчэ няздольная і пажадаць нейчага добрага альбо злога. Была мілатой Боскай захаваная ад усялякай брыдоты, потым той мілатой захоўвалася ад граху і пасьля нараджэньня, то ў чым жа Яе заслуга? Калі Яна была пастаўлена ў немагчымасьць зграшыць і не зграшыла, то за што ж Яе Бог праславіў? Калі Яна без усялякіх высілкаў альбо не маючы аніякіх памкненьняў зграшыць заставалася чыстай, то за што Яна праслаўлена найбольшым вянком? Перамогі без ворага не бывае.

У тым і выявілася праведнасьць і сьвятасьць Дзевы Марыі, што Яна, будучы “чалавекам як і мы”, так палюбіла Бога і аддалася Яму, што чысьцінёй Сваёй высока ўзвысілася над усім чалавечым родам. За гэта, прадвызначаная і прадабраная, Яна і ўдастоілася, што Духам Сьвятым, што сышоў на Яе, Яна была ачышчана і зачала ад Яго самога Выратавальніка сусьвету. Вучэньне аб мілаце бязгрэшнасьці Дзевы Марыі адмаўляе Яе перамогу над спакусамі і з пераможцы, заслужанай быць увенчанай вянцамі славы, робіць Яе сьляпой прыладай Божага Задуму.

Не ўзвышэньне і большую славу, а прыніжэньне Яе ўяўляе той “падарунак”, які паднёс Ёй папа Пій ІХ і ўсе іншыя, думаючыя, што здольныя праславіць Боскую Маці адшуканьнем новых ісьцін. Усясьвятая Марыя настолькі праслаўлена Самім Богам, такая высокая Сваім жыцьцём на зямлі і Сваёй слава ў нябёсах, што чалавечыя вымыслы нічога няздольныя дадаць да Яе годнасьці і славы. Тое, што людзі самі прыдумляюць, толькі затуляе ад іх вачэй Яе твар. “Глядзеце, браты, каб хто ня прывабіў вас філасофіяй і пустымі панадамі, па пераказах чалавечых, па стыхіях сьвету, а не па Хрысьце,” – пісаў Духам Сьвятым апостал Павал (Кал. 2:8)

Вось такой “дарэмнае лісьлівасьцю” і зьяўляецца вучэньне аб бязгрэшным зачацьці Ганна Дзевы Марыі, на першы погляд узвышаючае, а на самой справе прыніжаючае Яе. Як і ўсялякая ілжа, яно зьяўляецца насеньнем “айца ілжы” (Ян. 8:44) д’ябла, здолеўшага ім спакусіць шматлікіх людзей, якія не разумеюць, што абражаюць Дзеву Марыю. Разам зь ім мусяць быць адпрэчаны і іншыя вучэньні, што сыходзяць ад яго альбо родасныя яму. Імкненьне ўзвысіць Усясьвятую Дзеву да роўнасьці з Хрыстом, надаючы Яе мацярынскім пакутам каля крыжа роўнае значэньне з пакутамі Хрыста, так быццам цярпелі аднолькава Збаўца і “Сузбаўца”, па вучэньню папістаў, альбо “што чалавечая сутнасьць Боскай Маці у небе разам з Богачалавекам Ісусам разам выяўляюць поўны вобраз чалавека” (прат. С. Булгакаў. Неапалімая Купіна, б. 141), па вучэньню ілжэ–сафістаў (Сафія значыцца Прамудрасьць), ёсьць аднолькавая дарэмная лісьлівасьць і спакуса філязофіяй. У Хрысьце Ісусе “няма мужчынскага полу, ні жаночага” (Гал. 3:28), і Хрыстос збавіў увесь род чалавечы, таму аднолькава ў Ягоным уваскрошаньні “лікаваў Адам і радавалася Ева” (Нядзельныя кандакі 1—га і 3—га тону), а Сваім Узьнясеньнем Гасподзь узвысіў ўсю сутнасьць чалавечую.

Таксама тое, што Боская Маці ёсьць “дадаткам Сьвятой Тройцы”, альбо “чацьвёртая асоба”, альбо “ Сын і Маці зьяўляюцца адкрыцьцём Айца праз Другую і Трэцьцю асобы”, што Дзева Марыя “ёсьць стварэньне, але ўжо і не стварэньне” – усё гэта ёсьць плод ілжывай мудрасьці, не задаволенай тым, што Царква ўтрымлівае ад часоў апостальскіх і спрабуючай праславіць Сьвятую Дзеву больш, чым Яе праславіў Бог.

Збываюцца словы сьвятога Епіфана Кіпрскага: “Некаторыя бяздумныя ў меркаваньні аб самой Сьвятой Сапраўды Дзеве спрабавалі і спрабуюць ставіць Яе замест Бога” (сьв. Епіфан. Супраць Антыдыкамарыёнітаў, ерась 78) Але ў бяздумнасьці прынесенае Дзеве, замест усхваленьня Яе апынаецца зьнеслаўленьнем, а Ўсячыстая адпрэчвае ілжу, будучы Маці Ісьціны (Ян. 14:6).

Праваслаўнае шанаваньне Боскай Маці

Праваслаўная Царква захоўвае аб Багародзіцы тое, што Сьвятое Паданьне і Сьвятое Пісаньне паведамілі аб Ёй, і штодзённа праслаўляе Яе ў сваіх храмах, просячы ў Яе дапамогі і абароны. Ведаючы, што Ёй прыемны толькі тыя хваленьні, якія адпавядаюць Яе сапраўднае славе, сьвятыя айцы і складальнікі сьпеваў малілі Яе Саму і Яе Сына навучыць іх, як апяваць Яе. “Агарадзі думкі мае, Хрыстос мой, бо Чыстую Маці Тваю апець дзёрзкасьць маю” (Ікас Усьпеньня). “Царква вучыць, што Хрыстос сапраўды нарадзіўся ад Марыі Заўсёды Дзевы” (сьв. Епіфан Кіпрскі. Праўдзівае слова аб веры). “Неабходна нам спавядаць, што Сьвятая Заўсёды Дзева Марыя сапраўды ёсьць Багародзіца, каб не ўпасьці ў кепскую ганьбу. Бо адмаўляючыя, што Сьвятая Дзева сапраўды ёсьць Багародзіца не ёсьць ужо вернікі, а ёсьць вучні фарысеяў і садукеяў” (Звг. Яфрэм Сірын. Манаху Яну).

З Паданьня вядома, што Марыя была дачкой старых Якіма і Ганны, пры гэтым, Якім паходзіў зь царскага роду Давыду, а Ганна – зь сьвятарскага роду. Нягледзячы на такое шляхетнае паходжаньне, яны былі бедныя. Аднак не гэта было скрухай гэтых праведных людзей, а тое, што яны не мелі дзяцей і не маглі спадзявацца, што іх нашчадак пабачыць Месію. І вось, калі аднойчы, пагарджаныя жыдамі за сваю няплоднасьць, яны абодва ў скрусе ўзносілі Богу малітвы. Якім на гары, дзе адасобіўся пасьля таго, як сьвятар не пажадаў прынесьці ягоныя ахвяры ў храме, а Ганна ў сябе ў садзе, аплакваючы сваё бясплодзьдзе, тады зьявіўся ім Анёл і абвясьціў, што яны народзяць дачку. Абрадаваныя, яны абяцалі прысьвяціць сваё дзіця Богу.\

Праз 9 месяцаў нарадзілася ў іх дачка, названая Марыяй, з маленства праявіўшая найлепшыя душэўныя якасьці. Калі яна дасягнула ўзросту трох гадоў, выконваючы абяцаньне, урачыста адвялі ў ерусалімскі храм маленькую Марыю, Якая сама ўзышла па высокім прыступкам, а сустрэўшым Яе Першасьвятаром, па адкрыцьцю Божаму, уведзена была ў самае Сьвятое Сьвятых, суўводзячы зь Сабой спачываючую на Ёй мілату Боскую ў дагэтуль бездабрадатны храм (Кандак Увядзеньня. Гэта быў новазбудаваны храм, у каторы слава Боская не сыходзіла, як ў Скінію альбо храм Саламона). Яна асялілася ў існуючых пры храме памяшканьнях дзеля дзяўчат, але так шмат часу праводзіла ў малітве ў Сьвятая Сьвятых, што можна казаць, жыла ў ім (Вершыры Ўведзеньня, на “Госпада клічу” 2—я і на “Слава; цяпер”). Упрыгожаная ўсімі дабрадзейнасьцямі, Яна выявілі прыклад незвычайнага чыстага жыцьця. Усім пакорлівая і паслухмяная, Яна нікога не абражала, нікому не сказала абразьлівага слова, да ўсіх была ветлівая, нават не дапускала кепскай думкі. (Скарочана зь сьв. Амвросій Медыалянскага. Аб Заўсёды Дзеве Марыі).

“Нягледзячы на праведнасьць і чысьціню жыцьця, якое вяла Багародзіца, грэх і вечная сьмерць выяўлялі ў Ёй сваю прысутнасьць. Яны небылі здольныя не выяўляцца. Такое дакладнае і вернае вучэньне Праваслаўнае Царквы аб Боскай Маці ў адносінах да першароднага граху і сьмерці” (Япіскап Ігнацій Брянчанінаў. Выклад вучэньня Праваслаўнае Царквы аб Боскай Маці). “Чужая грахоўнаму падзеньню” (сьв. Амвросій Медыалянскі. Тлумачэньне Псальмы 118). Яна не была чужая грахоўных спакус. “Бо адзін Бог без граху” (сьв. Амвросій Медыалянскі. Тамсама), а чалавек заўсёды будзе мець у сябе тое, што патрэбна яшчэ выправіць і ўдасканаліць, каб выканаць Боскі запавет. “сьвятыя будзьце, бо сьвяты Я Гасподзь, Бог ваш” (Ляв. 19:2). Чым хто чысьцей і больш дасканалы. Тым больш ён заўважае свае недасканаласьці і тым больш нягодным сябе лічыць.

Дзева Марыя, усю Сябе аддаўшая Богу, хоць і адкідала ад Сябе ўсялякую спакусу граху, больш іншых адчувала нямогласьць чалавечай прыроды і палымяна жадала прыходу Выратавальніка. Яна ў пакоры лічыла Сябе нягоднай быць нават служкай маючай Яго нарадзіць Дзевы. Каб нічога не адцягвала Яе ад малітвы і ўвагі да Сябе, Марыя дала Богу абяцаньне бясшлюбнасьці, каб усё Свае жыцьцё дагаджаць толькі Яму. Заручаная са старцам Іосіфам, калі Яе гады не дазвалялі Ёй больш заставацца пры храме, Яна пасялілася ў ягоным доме ў Назарэце. Тут удастоілася Дзева прыходу Архангела Гаўрыіла, дабравесьціўшага Ёй аб нараджэньні ад Яе Вышэйшага. “Радуйся, Дабрадатная! Гасподзь з Табою; дабраславёная Ты сярод жанчын… Дух Сьвяты сыйдзе на Цябе, і сіла Усявышняга ахіне Цябе; таму і народжанае Сьвятое назавецца Сынам Божым” (Лк. 1:18–35)

Паслухмяна і пакорліва прыняла Марыя анёльскае дабравесьце. “Тады ж Слова, як Яму Самому вядома, сышло і, як Само пажадала, зьдзейсьніла, увайшло ў Марыю і пасялілася ў Ёй” (звг. Яфрэм Сірын. Пахвальная песьня Боскай Маці). “Як маланка асьвятляе патаемнае, так і Хрыстос ачышчае забрудненую існасьць. Ён ачысьціў і Дзеву, і потым нарадзіўся, каб паказаць, што дзе Хрыстос, там выяўляецца чысьціня ва ўсёй сіле. Ачысьціў Дзеву, падрыхтаваў Духам Сьвятым, і потым улоньне, зрабіўшыся чыстай, зачала Яго. Ачысьціў Дзеву пры ўсёй Яе цноце, таму і нарадзіўшыся пакінуў Дзевай. Не кажу, што Марыя зрабілася несьмяротнаю, но тое, што асьвячоная мілатой, Яна не запальвалася грахоўнымі жаданьнямі.” (звг. Яфрэм Сірын. Слова на ерэтыкаў 41). “Усялілася ў Яе сьвятло, ачысьціў Яе розум, чыстымі зрабіў Яе думкі, умацаваў цноту Яе, асьвяціў дзявоцтва Яе” (звг. Яфрэм Сірын. Марыя і Ева). “Чыстую ў чалавечым разуменьні зрабіў дабрадатна – чыстай” (Япіскап Ігнацій Брянчанінаў. Выклад вучэньня Праваслаўнай Царквы аб Боскай Маці).

Марыя не казала нікому аб зьяўленьні Анёла, але Анёл сам абвясьціў Іосіфу аб дзівосным зачацьці Марыяй ад Духа Сьвятога (Мц. 1:18–25), а пасьля нараджэньня Хрыста з шматлікім войскам нябесным дабравесьціў пастырам. Пастыры, прыйшоўшы пакланіцца Нованароджанаму, сказалі, што чулі аб Ім. Раней моўчкі цярпеўшая падазрэньні, Марыя цяпер моўчкі слухала і “складала ў сэрцы Сваім” словы аб велічы Свайго Сына (Лк. 2:8–19). Чула Яна праз 40 дзён праслаўляючую малітву Сімеона і прадказаньне аб зброі, якая пройдзе праз Яе душу. Пасьля бачыла, як Ісус меў незвычаны посьпех у прамудрасьці, чула Яго ў 12 гадоў навучаючага ў храме і ўсё “складала ў сэрцы Сваім” (Лк. 2:21–51)

Хоць і прасьвядная, Яна яшчэ не суцэль разумела, у чым будзе складацца служэньне і веліч Яе Сына. Жыдоўскія паняцьці аб Месіі былі Ёй яшчэ блізкія, а натуральныя пачуцьці прымушалі Яе клапаціцца аб Ім, ахоўваючы Яго ад празьмерных, як магло здавацца, працы і небясьпекі. Таму мімаволі Яна спачатку станавілася на шляхі Свайго Сына, што і выклікала Яго указаньне аб перавазе сваяцтва духоўнага над сваяцтвам цела (Мц. 12:46–49). “Меў Ён клопат і аб годнасьці Маці, але значна больш аб Яе духоўным выратаваньні і аб дабры людзей, дзеля чаго і плоць апрануў” (Ян Залатавуст. Тлумацэньне на Эвангельля паводле Яна, бяседа 12). Марыя зразумела гэта і, “чуючы словы Божы, захавала іх” (Лк. 11:27–28). Як ніводны зь людзей, Яна атрымала тыя ж пачуцьці, што і Хрыстос (Флп. 2:5), пакорліва перацярпеўшы мацярынскую скарбуту, калі бачыла Свайго Сына гнаным і церпячым пакуту. Узрадаваная ў дзень Ўваскрошаньня, Яна ў дзень Пяцідзесятніцы апранулася сілай з вышыні (Лк. 24:49). Сышоўшы на Яе Дух Сьвяты “Яе навучыў усяму” (Ян. 14:26), і “наставіў на ўсялякую праўду” (Ян. 16:13). Адукаваная, Яна яшчэ руплівей пачала зьдзяйсьняць пачутае Ёй ад Яе Сына і Збаўцы, каб узысьці да Яго і быць зь Ім.

Канец зямнога жыцьця Усясьвятой Багародзіцы быў пачаткам Яе велічы. “Упрыгожаная Боскай славай” (Ірмас канону Ўсьпеньня). Яна стаіць, будзе стаяць і ў дзень Страшнага Суду і ў будучым стагодзьдзі, каля Пасаду Сына Свайго, царуе зь Ім і мае дзёрзкасьць да Яго, як Ягоная Маці па плоці і як адзінароўная па духу, як волю Боскую зьдзейсьніўшая і іншых навучыўшая (Мц. 5:19). Вялікая ў любові і міласэрная, Яна любоў да Сына і Богу Свайму выяўляе ў любові да роду чалавечага, просіць за яго прад Міласьцівымі і, абыходзячы зямлю, дапамагае людзям.

Выпрабаўшая усе цяжары зямнога жыцьця, Заступніца роду хрысьціянскага бачыць кожную сьлязу, чуе кожны стогн і маленьне, зьвернутую да Яе. Асабліва Ёй блізкія тыя, якія працуюць у барацьбе са запалам і раўнуюць аб богадагодным жыцьці. Але і ў жыцьцёвых праблемах Яна незаменная дапамога. “Усіх скарбутных Радасьць, і пакрыўджаных Абаронца, і патрабуючых Гадавальніца, у бедах Суцяшэньне, у буры запалу Прыстанак, хворых Наведвальніца, нямоглых Пакрыў і Абаронца, Жазло старасьці, Маці Бога Вышэйшага, Ты ёсьць Ўсячыстая (Вершыра Адзігідрыі). “Надзея і абарона, і прыстанак хрысьціян”, у “малітвах няспынная Багародзіца” (кандак Усьпеньня), “выратоўваючая сьвет няспыннай Сваёй малітвай” (багародзічны 3 тону), “дзень і ноч моліцца аб нас і скіптры Царства Яе малітвамі сьцьвярджаюцца” (Штодзённая паўночніца).

Няма розуму і словай, каб выказаць веліч Той, Якая нарадзілася ў грэшным чалавечым родзе, а зрабілася больш Годная за Хэрувімаў і больш слаўная Сэрафімаў. Бачачы дабрыню невымоўных і сьвятых Боскіх таямніц, выяўляемую і відавочна выконваемую ў Дзеве, радуюся і зьдзіўляюся, імкнучыся зразумець дзіўную і невымоўную выяву, якім Абраная і адзіна Чыстая апынулася вышэй усяго тварэньня бачнага і спасьціжнага розумам. Таму, усхваліць Яе жадаючы, вельмі бянтэжуся за свой розум і словы. Але усё ж, адважваючыся, клічу Яе і абвяшчаю: “Яна — скінія нябесная!” (Ікас Увядзеньня ў храм). “Ніякая мова не ў сілах усхваліць па годнасьці, і нават вышэйшы сусьвету розум губляецца, — як апяваць Цябе, Багародзіца; але як Добрая, заклад вернасьці прымі, бо Ты ведаеш і любоў боскую нашу, бо Ты — Заступніца хрысьціян, Цябе мы узьвялічваем” (Ірмас 9—й песьні Богаяўленьня)