Васіль Пуцко
Агульная колькасьць раньніх славянскіх рукапісаў, датаваных часам да 1100 г., у цэлым невялікая, і кожная зь іх даўно заслугоўвае усебаковага вывучэньня. Пакуль што такі гонар мелі зусім нямногія помнікі, а са знойдзеных на гістарычнай тэрыторыі Беларусі — толькі Супрасьльскі рукапіс 1 . Тураўскае эвангельле, вядомае як сьпіс ХI ст., ужо хутка пасьля яго адкрыцьця не раз прыцягвала да сябе увагу розных дасьледчыкаў. Што да мастацкага аблічча кнігі, то наконт яго выказваліся надзвычай рэдка і невыразна 2. Прычынай была фрагмэнтарная захаванасьць кнігі, аформленай даволі сьціпла, як, зрэшты, і іншыя сучасныя ёй славянскія кодэксы.