Tuesday, November 10, 2009

ПАМЯЦЬ СЬВЯТОЙ ВЕЛІКАМУЧАНІЦЫ ПАРАСКЕВЫ ПЯТНІЦЫ

(28 кастрычніка)

Сьвятая велікамучаніца Параскева названа Пятніцай. Бо бацькі яе, іканійскія хрысьціяне, зь асаблівае павагай ставіліся да дня пакут Госпада – пятніцы, а таму, калі ім Госпад Бог паслаў дачку, назвалі яе Пятніцай (па грэцку – Параскева). Захоўваючы памяць пакут Хрыстовых ва ўласным імені, яна захавала іх у сваім сэрцы і зрэшты сала далучылася да пакут Хрыстовых сваімі пакутамі. Пасьля сьмерці бацькоў атрымаўшы багатую спадчыну, Сьвятая Дзева раздала сваё багацьця бедным хрысьціянам, прысьвяціла дзявоцтва Хрысту і, няспынна згадваючы Госпада, услаўляла Яго паміж язычнікамі ў Іконіі. За пропаведзь веры Хрыста сьвятую Дзеву кінулі ў вязьніцу, а потым аддалі на пякельнае катаваньне. Гэта адбылося ў часе цараваньня Дыаклетыяна (257 – 304).

Страшнымі былі пакуты, які выпала выцерпець Параскеве. Але ў яе ўсялілася вялікая дабрыня, якая узмацніла Параскеву. У цямніцы да яе зьявіўся Анёл, які прынёс крыж пакут Хрыстовых, і адбыўся цуд – усе раны яе вылечыліся, і яна зрабілася здаровай. Новы цуд адбыўся, калі вялі сьвятую ў капішча ідальскае – па яе загаду ўсе ідалы ў капішчы пападалі і пераўтварыліся на попел. Параскеву пачалі паліць сьвечкамі, але полымя павярталася да яе катаў, і шматлікія зь іх абпаліліся. Тады ёй адсеклі мячом галаву.

Трапар сьвята

Прамудрая і ўсяхвальная мучаніца Хрыстова Параскева, / цьвёрдасьць мужчынскую атрымаўшы, а немач адпрэчыўшы, / злога перамагла і мучыцеляў пасарамаціла, / абвяшчаючы і заклікаючы: / Прыйдзіце, рубіце цела мае і ў вагне спаліце, / а я, радуючыся, іду да Хрыста, Жаніха майго. / Малітвамі мучаніцы Праскевы, Хрыстос Бог, выратуй душы нашы


ДЗЕНЬ ПАМЯЦІ СЬВЯТОГА ВЕЛІКАМУЧАНІКА ЗЬМІЦЕРА САЛУНСКАГА

(26 кастрычніка)

Сьвятая Царква ад першых стагодзьдзяў хрысьціянства высока ценіць заслугі мучанікаў, іх шануе, ставіць нам як узор гераічнае любові да Бога і вызнаньня сьвятой веры. Некаторыя зь іх, якія асаблівы вызначыліся сваёй рэўнасьцю і мужнасьцю ў вызнаньні сьвятой веры і цудамі, якімі іх Госпад Бог пасьля сьмерці ўславіў, маюць у царкоўным годзе ўрачыстыя сьвята. Да іх належыць сьвяты мучанік Зьміцер, якому сьвятая Царква дала тытул велікамучаніка і міроцечнага.

Сьвяты Зьміцер жыў у другой палове ІІІ ст. у горадзе Салуні, дзе яго бацька быў высокім службоўцам імпэратара. Пасьля сьмерці бацька імпэратар Максіміліян зрабіў яго салунскім праконсулам. Зь дзяцінства сьв. Зьміцер выхоўваўся ў хрысьціянскае веры, якую неўзабаве з рэўнасьцю прапаведаваў. За апостальскую дзейнасьць імпэратар Максіміліян кінуў яго ў вязьніцу. Знаходзячыся ў вязьніцы, ён дабраславіў сьвятога Нестара на бой зь непераможным імпэратарскім глядыятарам Ліям. Сьвяты Нестар выступіў супраць Лія з крыжам у руках і перамог яго. Імпэратар, даведаўшыся, што Зьміцер дабраславіў Нестара на змаганьне зь Ліям, паслаў сваіх салдат, і яны пракалолі яго дзідамі. Гэта было ў 306 г. пасьля Нараджэньня Хрыстовага. Памяць сьвятога Нестара Царква адзначае ў наступны дзень пасьля памяці сьвятога Зьміцера.

Вялікую веру сьвятога Зьміцера ўславіў Госпад Бог не толькі рознымі цудамі пасьля ягонай сьмерці, але таксама нятленнасьцю цела і міроцечнасьцю. Амаль праз сто гадоў пасьля ягонай сьмерці адчынілі труну – яго цела засталося нятленным, а зь яго костак цякло водарнае міро – алея, якая вылечвала хворых.

Дарам цудаў, нятленнасьцю цела і міроцечнасьць робяцца крыніцай вялікага і шырокага шанаваньня сьвятога Зьміцера. Да яго труны штогод ідуць сотні і тысячы пілігрымаў. У V ст. над ягонай труной пабудавалі велічны храм. А на Балканах ёсьць больш двухсот цэркваў у гонар сьвятога Зьміцера.

Культ сьвятога Зьміцера прыйшоў з хрысьціянскае верай і на землі Кіеўскае Русі. Пачалося ўсё зь атачэньня Канстантынопаля кіеўскім князям Алегам. Калі кіеўскія войскі перамаглі сілы грэкаў, то грэкі казалі, што гэта не Алег, а сьвяты Зьміцер пасланы на іх Богам. А неўзабаве, калі хрысьціянства пашырылася на землях Кіеўскае Русі, князі, а таксама ўсе верныя аддалі сябе пад апеку сьв. Зьміцера.

Князь Ізяслаў Зьміцер Яраславіч пабудаваў у Кіеве ў 1057 г. манастыр у гонар сьв. Зьміцера. У 1197 г. вялікі князь Усевалад Зьміцер Юр’евіч атрымаў у падарунак зь Салуні дошку з труны і кашулю сьв. Зьміцера. Зь дошкі цякло міро, якое вылечвала хворых. У гонар сьв. Зьміцера гэты князь пабудаваў храм ва Ўладзіміры, перадаўшы туды ўзгаданыя падарункі. На землях Кіеўскае Русі было пабудавана шмат храмаў у гонар сьв. Зьміцера.

Сьвятая Царква ўслаўляе сьв. Зьміцера як мужнага воіна Хрыстовага і спавядальніка, як цудатворцу, які вылечвае хваробы душы і цела, дапамагае людзям у цяжкія хвіліны.

Трапар сьвята

Вялікага ў бедах абаронцу набыў увесь сусьвет у табе, / пераможцы ворагаў. / Таму, як гонар Лія зьняважыў ты / і на подзьвіг натхніў сьмеласьць Нестара, / так, сьвяты Зьміцер, маліся Хрысту Богу, / каб падаў нам вялікую міласьць