Thursday, October 28, 2010

МАЛІТВЫ НА ВОЗЕРЫ (пачатак)


Сьвяціцель Мікалай Сэрбскі

Прадмова

На працягу доўгіх стагодзьдзяў душа сэрбскага народа шукала словы, у якіх яна здолела б выказаць свой боль, смутак, імкненьні і малітву. І яна знайшла гэтыя словы, знайшла ва уладыкі Мікалаі. Яго словамі наша нямая душа малілася і рыдала, рыдала такімі рыданьнямі і малілася такімі малітвамі, якіх не бачыла наша вока і не чула наша вуха. Уладыка Мікалай зрабіўся дадзенай Богам мовай народнай душы, якой яна палымяна і горача паспавядала “Трысонечнага Уладара сусьвету”. Ён кажа... Ніколі яшчэ чалавек у нас не казаў так. Ён моліцца... Ніколі яшчэ чалавек у нас не маліўся так. Ён валодае дарам слова, бо валодае дарам усёабдымнага спачуваньня, усёабдымнага жалю, усёабдымнай любові і малітвы. Да ягонага прыходу мы былі ў роспачы, вычарпалася і замерла імкненьне нашых душ да Хрыста. Зь ім задрыжалі мы радасьцю, прага Богу абудзілася з новай сілай, душа уваскрэсла і зьмянілася. У ім пасялілася палымяная хрыстовая любоў Растка Неманіча (мірскае імя сьвяціцеля Савы Сэрбскага) і разгарэлася ў бушуючы пажар; і ён гарыць у гэтым пажары, гарыць як ахвяра ўсяспаленьня за усіх і уся. Таму менавіта ад яго мы чэрпаем веру і надзею ў гэтыя смутныя і цёмныя цяперашнія дні. Мы з вамі сьведкі вялікага цуду, сьведкі дзіўнага і сьвятога знаку часу: першы раз дабрашчасная вечнасьць Сьвятой Тройцы, пасяліўшыся ў юным хрысталюбчым Растко, зьмяніла яго ў боганоснага сьвятога Саву, другі раз боская вечнасьць, абраўшы стомленага боскай смагай Мікалая, на нашых вачах зьмяніла яго ў боганоснага ўладыку Мікалая.
Ім, абраньнікам вечнасьці, вядома таямніца нашай праваслаўнай душы, ведаюць яны, як багаборніцкую і уражаную славянскую душу зрабіць сьвятой і хрыстападобнай. З часоў сьвятога Савы і да нашых дзён сэрбскае Праваслаўе не мела такога магутнага і адоранага спавяданьніка, як уладыка Мікалай. На яго зь малітоўным захапленьнем і надзеяй будуць пазіраць нашы нашчадкі, як мы пазіралі на сьвятога Саву. Будуць яны дзівіцца і шкадаваць, што не бачылі таго, што мы бачым, і не чулі таго, што мы чуем. Для іх, як і для шматлікіх зь нас, ён стане полымям, у якога адаграваюцца замёрзлыя ад скептыцызму і малавер'я душы.