Friday, August 27, 2010

РАЗМОВА НА ЎСЯДОБРАЕ УСЬПЕНЬНЕ УСЯЧЫСТАЕ ЎЛАДАРКІ НАШАЕ БАГАРОДЗІЦЫ І ЗАЎСЁДЫ ДЗЕВЫ МАРЫІ

сьвяціцель Рыгор Палама

Гэтае маё слова да любові вашай заклікае і любоўю, і неабходнасьцю. Я кажу не таму толькі, што, па чыньніку сваёй любові да вас, жадаю, каб выратавальнае слова дасягнула вашага Багалюбівага слыху і, такім чынам, насычала вашы душы; але і таму, што мне вельмі неабходна, сумесна з праслаўленьнем у царкве, выкладаць веліч Заўсёды Дзевы і Боскае Маці. І як жаданьне, быўшы асаблівым супраць звычайнага, падахвочвае і схіляе, так і непазьбежная неабходнасьць прымушае; хоць слова не можа спасьцігнуць таго, што вышэй усякіх слоў, падобна таму. як вока не можа пільна пазіраць на сонца. А паколькі не уласьціва казаць пра тое, што вышэй слоў, то любоў да Боскае Маці павінна выказваць пераважна сьпевамі.

Калі “Дарагая ў Гасподніх вачах сьмерць сьвятых Ягоных!” (Пс. 115:6), і “памяць пра праведнага дабраславёная будзе” (Выс. 10:7), то наколькі больш – памяць Сьвяцейшае зь сьвятых, праз Якую – усялякае асьвячэньне сьвятым, – памяць Заўсёды Дзевы і Боскае Маці, якую нам належыць зьдзяйсьняць зь вялікай набожнасьцю? Мы цяпер сьвяточна зьдзяйсьняем сьвятое Ўсьпеньне, альбо спачын, праз якое Зьменшаная на кароткі час прад Анёламі, перабольшыла без параўнаньня Анёлаў і Архангелаў, і існуючыя над імі прымірныя Сілы, Сваёй блізкасьцю да Бога і ад стагодзьдзя прадказанымі і зьдзейсьненымі над ёй таямнічымі справамі. Бо дзеля Яе была прадказаньні Боганатхненных прарокаў, цуды, прадказваючыя вялікі цуд сусьвету – Гэтую Заўсёды Дзеву і Боскую Маці; усталяваньне Духа, розным чынам выяўляючыя правобраз будучай рэчаіснасьці; абяцаньні нараджэньня Той, Якая нарадзіць без насеньня Народжанага ад Бога Айца прад усімі вякамі…

Уладар усяго пажадаў таямнічай прыгажосьці Заўсёды Дзевы, як прадрок Давыд, і ў Яе ўсялілася ўвасобіўшаяся Сіла Ўсявышняга не праз цемру і вагонь, як Боганатхненнаму Майсею, і не праз буру і аблокі, як прароку Ільлі выявіла Сваю прысутнасьць; а непасрэдна, без усялякае завесы Сіла Ўсявышняга ахінула ўсячыстае і нявіннае ўлоньне. Так невымоўна ўсялілася ў Яе і зь Яе нарадзілася апранутае плоцьцю Слова Боскае, і “пасьля таго Ён зьвіўся на зямлі і жыў паміж людзьмі.” (Вар. 3:38), абагавіўшы нашу прыроду і падараваўшы нам, згодна з Боскім апосталам, тое “у што хочуць пранікнуць анёлы.” (1 Пет. 1:12), і ў гэтым – цудоўнае праслаўленьне і ўсягодная слава Гэтай Заўсёды Дзевы.

А якое слова ў стане растлумачыць тое, што было пасьля невымоўнага нараджэньня? Бо, якая садзейнічала і спачуваўшая звыш народжанае праз Яе зьменшыўшаеся Слова Боскае, Яна і супраслаўляецца разам зь Ім, па годнасьці суўздымаецца, дадаючы велічы да цудоўнае велічы. Але і па усшэсьці на Неба Увасобленага зь Яе, Яна, па дадзенаму Ёй ад Яго, праўзыходзячаму розум і слова велічы, як бы садзейнічала Яму рознымі подзьвігамі і малітвамі, а таксама клопатам аб усім сьвеце, падбадзёрваньнем прапаведнікаў ва усіх канцах зямлі; і наогул для усіх Яна была адзінай апорай і суцяшэньнем, усяляк садзейнічаючы дабравесьцю Эвангельля і, ясна выяўляючы Сама на Сабе і жыцьцё напоўненае барацьбой, і панаваньне над розумам і словам.

Таму, зразумела, жыватворчая і сьмерць Яе, пераводзячая ў Нябеснае і несьмяротнае жыцьцё; і згадваньне яе ёсьць радаснае сьвята і сусьветная ўрачыстасьць. Рукамі Сына Яе быў прыняты Баганосны дух Заўсёды Дзевы; Ім жа крыху пазьней і тое роднае цела было перанесена ў вечную і Нябесную сялібу. Усё гэта справядліва і цалкам годна. На самой справе, шматлікія ўдастоіліся да стагодзьдзя Боскай дабрыні, славы і магутнасьці, як і Давыд кажа: “Якія ўзьнёслыя для мяне намеры Твае, Божа, і як многа іх лікам! Ці ж палічу іх, калі іх больш, чым пяску” (Пс. 138:17 – 18). “Жонка, якая баіцца Госпада, вартая пахвалы.” (Выс. 31:30)

Гэта ж – Усячыстая Дзева і узьнялася над усімі і усім: Яна адзіная, стаўшы паміж Богам і родам чалавечым, стварыла Бога Сынам чалавека, а людзей зрабіла сынамі Боскімі; Яна зрабіла зямлю небам і абагавіла род чалавечы; Яна адзіная зь усіх найвышэй усялякай існасьці зьявілася Маці Бога па існасьці, а праз невымоўнае нараджэньне зрабілася царыцай усякай існуючай у сьвеце і прамірнага стварэньня, і, узвышаючыся такім чынам над падпарадкаванымі Ёй праз Яе Саму, і, робячыся Сама прычасьніцай вышэйшага абраньня праз Боскага Духа, Яна зьяўляецца найвысокай зь узвышаных і найбольш дабрашчаснай царыцай дабрашчаснага роду.

Цяпер жа Маючы нябеснае годнае жыльлё, як бы Ёй Самой адпавядаючы палац, у які некалі перасялілася зь зямлі, устала па правай руцэ Ўладара ўсяго“ў Афірскім золаце” (Пс. 44:10), згодна выслоўю аб Ёй Псальмасьпевака прарока. Пад вопраткай пазалочанай разумей Богапрыгожае цела Яе ўпрыгожанае ўсялякай дабрынёй і набожнасьцю: бо Яна адзіная цяпер разам зь Сынам ў Богампраслаўленым целе мае нябеснае жытло: паколькі зямля, магіла і сьмерць не мелі ўлады ўтрымаць да канца жыватворчае і Богапрыемнае цела лепш неба і жытла неба нябёсаў.

І сапраўды, калі душа, якая мел ў сябе мілату Боскую, пакідае зямное, узносіцца да неба, як гэта зрабілася зразумелым з шматлікіх прыкладаў, і мы верым гэтаму: то як магло быць не ўзьнесеным ад зямлі на неба цела, не толькі прыняўшае ў сябе Адзінароднага і Адвечнага Сына Боскага, вечную крыніцу мілаты, але і нарадзіўшае і выявіўшае Яго? Як зрабілася б прахам, аддалося тленьню, Тая, Якая, яшчэ будучы трохгадовай, і яшчэ не маючы ў Сябе Ўсянябеснага Усяліўшагася, яшчэ не нарадзіўшая Ўвасобіўшагася, жыла ў Сьвятое сьвятых? Таму і нарадзіўшы натуральна цела супраслаўляецца Богагоднае славай разам зь Народжаным і суўваскрашаецца згодна прароцкай песьні, разам з раней увасросшым на трэці дзень Хрыстом, “ківот сьвятыні” Яго (Пс. 131:8). Быў і доказ Ягонага уваскрэсеньня зь мёртвых дзеля апосталаў – плашчаніца і пахавальная вопратка, толькі яны пакінутыя ў магіле і толькі яны знойдзеныя ў ёй прыйшоўшымі дзеля агляду: дакладна таксама, як было і раней у адносінай Е нага Сына і Госпада. Але не было патрэбы, каб Яна яшчэ нейкі час знаходзілася на зямлі, як Яе Сын і Бог; і таму Яна прама зь магілы была ўзьнесеная ў нябесную сялібу, адкуль зьзяе зорным сьвятлом і Боскім бляскам, асьвятляючы адтуль усялякую зямную годнасьць, і за гэта ўсімі вернымі праслаўленая, усхваленая і апетая. Нават і тое, аб чым гаварылі ў пачатку, што Яна была прыніжана на кароткі час прад Анёламі, (разумеем смакаваньне сьмерці) – і гэта мусіць служыць да павялічэньня ва ўсім велічы Боскай Маці. Таму і справядліва ўсё яднаецца і садзейнічае цяперашняе ўрачыстасьці.

Такім чынам, было належна, каб Умясьціўшая Выконваючага ўсё і Будучага вышэй за ўсё і Сама дасягнула ўсяго і зрабілася вышэй усяго Сваёй набожнасьцю і вышынёй годнасьці. І таму тое, што ўсім ад стагодзьдзя лепшым асобным людзям дапамагала рабіцца лепшымі, і што маюць толькі абдараваныя Богам (кожны асабіста) анёлы і людзі, – усё тое зьмяшчае Яна ў Сябе, і толькі Адзіная напоўнена ўсім невымоўна: набыцьцём несьмяротнасьці пасьля сьмерці, і жыцьцём на небе ў плоці разам зь Сынам і Богам, і з таго часу вялікім дараваньнем адтуль вялікай дабрыні ўсім шануючым Яе. Яна нават даруе дзёрзкасьць прыбягаць да Яе, будучы сасудам шматлікае дабрадзейнасьці: шчодра раздае даброты і ніколі не спыне быль падаўцам карыснага нам і шчодрай дапамогі.

Гледзячы на гэтую крыніцу і скарбніцу ўсялякае дабрыні, нехта скажа, што Дзева зьдзяйсьняе дзеля дабрыні і дзеля набожна жывучых тое, што дзеля пачуцьцёвага сьвету і жывучых пад ім – сонца. Але калі ён ў думках перанясе позірк да Сонца, больш чым яўна зазьзяўшым людзям ад гэтай Дзевы, – да Сонца, Якое па прыродзе і ў належнае колькасьці мае ўсё, што даравана Ёй па мілаце, то Дзева адразу ўяўляецца небам: бо Яна па жаданьню Боскаму праз усе дабрадзейнасьці атрымала спадчыну настолькі каштоўную з паднябесных і нябесных абдараваных, – наколькі неба больш за сонца, а сонца больш зьзяючае за неба

Якое слова можа апісаць Боскую прыгажосьць Тваю, Багародзіца Дзева? Бо немагчыма ўсё Твае выкласьці разважаньнямі і словамі: паколькі ўсё яно перабольшвае розум і слова. Аднак жа апяваць неабходна, калі Ты праз любоў да людзей дазваляеш. Бо Ты – ёмішча ўсіх добрых дарункаў і паўната ўсялякае праведнасьці, адлюстраваньне і адушаўлёны вобраз ўсялякай дабрыні, як толькі адзіная ў поўнасьці ўдастоеная дарункаў Духа, асабліва ж, як адзіная, што мела ва ўлоньні Таго, у Якім скарбніца ўсяго гэтага, і зрабіўшаяся цудоўнай сялібай дзеля Яго; і таму цяпер, прайшоўшы праз сьмерць у несьмяротнасьць, і праведна адышоўшы ад зямлі на Неба, у Нябесныя сялібы, Ты зрабілася сужыцелькай Яну на вечныя часы, і там жывеш, не пакідаючы апекі аб людзях Сваіх і няспыннымі мальбамі да Яго робіш Яго міласьцівым да ўсіх. Настолькі бліжэй набліжаных да Бога Багародзіца, і настолькі большай пашаны Яна ўдастоена са ўсемі (разумею не толькі на зямлі народжаных, але і ўсіх нават Анёльскіх чыноў).

Аб чынах іх яшчэ раней напісаў Ісая: “Вакол Яго стаялі серафімы” (Іс. 6:2). А аб Ёй зноў Давыд: “Стала царыца праваруч Цябе” (Пс. 44:10). Ці бачыце розьніцу стаяньня? З гэтае розьніцы магчыма зразумець і разьніцу чыну па годнасьці: бо Сэрафімы – вакол Бога, а каля Яго Самога – толькі Адзіная Ўладарка, Якая ўсхваляецца і праслаўляецца ад Самога Бога, абвяшчаючага як бы аб Ёй атачаючым Яго Сілам Анёльскім і кажучага, як гаворыцца ў Песьні Песьняў: “Адданы мой любы мне, а я – яму” (Песьн. 6:3) зьзяючая сьвятлей сьвету, больш салодкая чым эдэм Боскі і ўсяго сьвету бачнага і нябачнага прыгажэйшая. Але Яна па справядлівасьці ўстала не толькі паблізу, а і па правую руку: бо, дзе сеў Хрыстос на Нябёсах, там цяпер устала і Яна, узышоўшая ад зямлі на Неба, – не толькі таму, што жадала гэтага, і ўзаемна больш за ўсіх была пажадана, і па самым натуральным законам, але і таму, што Яна ёсьць сапраўдны Ягоны Пасад. Гэты Пасад бачыў і Ісая сярод таго Хэрувімскага хору і назваў яго “высокім і ўзьнесеным” (Іс. 6:1), паказваючы гэтым ўзвышэньне Боскае Маці над Нябеснымі Сіламі. Таму прарок і выяўляе гэтых Анёлаў праслаўляючымі Бога ад Яе і кажучымі: “дабраславёная слава Госпада ад месца свайго!” (Ез. 3:12). Якаў жа патрыярх, у роздумах бачыўшы тое ж, прамовіў: “якое страшнае месца гэтае! гэта ня што іншае, як дом Божы, гэта - брама нябесная.” (Быц. 28:17) А Давыд зноў, яднаючы ў сябе мноства выратаваных, як бы выкарыстаўшы нейкія струны альбо розныя гукі ўладкаваныя Гэтай Заўсёды Дзевай з розных радоў у адну сугучнасьць, сьпявае ў песьні аб Ёй, гаворачы: “Зраблю імя Тваё памятным ва ўсіх пакаленьнях; таму народы будуць славіць Цябе векавечна.” (Пс. 44:18)

Ці бачыце, што ўсялякае стварэньне праслаўляе Гэтую Маці–Дзеву, і не ў працяг пэўнага часу, але няспынна ва ўсе стагодзьдзі? Адсюль магчыма зразумець, што і Яна не спыняе ў працяг усіх вякоў дабрадзейнічаць усялякаму стварэньню; кажу не толькі аб нашым толькі стварэньні, а і аб самых бесьцялесных і звышнатуральных чынах, бо тое, што яны разам зь намі праз Яе адзіную далучаюцца і аддаюцца Богу, Сутнасьці Недатыкальнае, гэта відавочна паказаў Ісая: ён бачыў, што Сэрафім не непасрэдна ўзяў зь ахвярніка вугаль, але ўзяў зь дапамогай клешчаў, якімі ён і датыкнуся да прароцкіх вуснаў, падаючы ачышчэньне (Іс. 6:6). Гэтае бачаньне клешчаў было тоеснае з тым вялікім бачаньнем, якое назіраў Майсей – з купінай, ахінутай полымем і не згарэўшай (Вых. 3:2). Хто не ведае, што гэтая купіна і тыя клешчы ёсьць Маці–Дзева, без пашкоджаньня прыняўшая Вагонь Боскасьці, таму і тут зачацьцю прыслугоўваў Архангел, які праз Яе далучыў да чалавечага роду Ўзяўшага грэх сьвету і ачысьціў нас праз гэта невымоўнае далучэньне? І таму толькі Яна адзіная ёсьць пасярэдніцай паміж створанай і нястворанай прыродай; і ніхто не прыйдзе да Бога, калі толькі не асьвяціцца праз Яе як праз сапраўды сьвяцільнік Боскае прыгажосьці, паколькі “Бог сярод яго; ён не пахісьнецца” (Пс. 45:6).

Калі ж адплата бывае па меры любові да Бога, і любячы Сына будзе любімы Ім і Самім Айцом, і зробіцца месцам знаходжаньня Абодвух, таямніча ўсяляючыхся і жывучых у ім згодна абяцаньню Госпада (Ян. 14:21), то хто палюбіць Яго больш Маці, Якая не толькі Гэтага Адзінароднага, але і толькі адзіная нарадзіла не пазнаўшы шлюбу, каб Ёй быць прадметам падвойнае любові Зьяднаўшагася зь Ёй і Далучыўшагася? Каго больш Маці любіў бы Адзінародны і пры гэтым Нарадзіўшыся ад Яе Адзінай невымоўна ў апошні час і адвечна ад Адзінага Айца, як бы не была памножана, згодна зь належным чынам і належная Ёй па закону годнасьці ад Прыйшоўшага выканаць закон?

Такім чынам, як праз Яе адзіную Прыйшоўшы да нас “на зямлі зьявіўся і жыў зь людзьмі” (Вар. 3:38), будучы нябачным раней Яе, так і ў наступны час Ён зьяўляецца ўсялякай крыніцай Боскае асьветы, і поўным адкрыцьцём Боскіх таямніц, і поўным увасабленьнем духоўных дарункаў, будучы, аднак, дзеля ўсіх неўмяшчальны, апрача Яе. Сама ж Яна, першая зь усіх прыняўшая цудоўную паўнату Напаўняючага ўсё ўсім, дастаўляе ўсім Умешчанага, ўдзяляючы ўсякаму па магчымасьці і па чысьціні кожнага, так што Яна ёсьць і сховішча і ўладальніца багацьця Боскасьці.

Калі ж такі вечны закон на Нябёсах, то праз меншых паміж большымі ўваходзяць у зносіны зь тымі, што маюць большую сілу, то, зразумела, найбольшы непараўнальны ўплыў мае Маці–Дзева, праз Якую далучаюцца да Бога ўсе, хто б толькі не далучаўся; і Яе пазнаюць ёмішчам Неўмяшчальнага ўсе, якія толькі ведаюць Бога, і будуць апяваць Яе з Богам усе, хто толькі апявае Бога. Сама ж Яна ёсьць падстава ўсяго таго, што было да Яе, і прадстаяцелька ўсіх быўшых пасьля Яе, і пасярэдніца вечнае дабрыні. Яна – прадмет прароцтваў прарокаў, кіраўніца апосталаў, сьцьверджаньне мучанікаў, падмурак настаўнікаў. Яна – слава на зямлі народжаных, Нябесных радасьць і ўсяго тварэньня хвала. Яна – пачатак, крыніца і корань невымоўных даброт, Яна – глава і зьдзяйсьненьне ўсялякае сьвятыні.

О, Дзева Боская і цяпер Нябесная! Як распавяду усё пра Цябе? Як услаўлю Цябе, Скарбніца Славы? Праз Цябе прасьвятляецца зрок розуму, праз Цябе адукоўваецца дух натхненьнем Сьвятога Духу, паколькі Ты зрабілася сховішчам і пасудзінай здольнасьцяў; аднак жа не так, што утрымліваеш у Самой Сабе, але так, што усё выконваеш дарункамі мілаты. Бо Валадар невычарпальных скарбаў падае іх Табе для дараваньня; у адваротным выпадку навошта б Ён ствараў асалоду, схаваную і ненароджаную? Таму, о Уладарка, падай багата усяму народу Твайму і гэтаму здабытку Твайму ад міласьці Тваёй і дарункаў Тваіх. Даруй збавеньне ад напаткаўшых нас бедзтваў; бачыш, калі шматлікімі і вялікімі вонкавымі і унутранымі мы прыгнятаемся. Тваёй магутнасьцю пераўтвары усё да лепшага; падай пакутам нашым Тваю дапамогу і вылячэньне, надаючы душам нашым і целам шчодрую дабрыню для усяго патрэбную. А калі б мы не маглі зьмясьціць, зрабі нас годнымі зьмяшчэньні і гэтулькі надай, каб мы, дабрынёй Тваёю выратаваныя і умацаваныя, уславілі увасобленае ад Цябе нас дзеля Адзінароднае Слова, зь Адвечным Ягоным Айцом і Жыватворчым Духам цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.


БАГАРОДЗІЦА НА ЛОЖКУ СПАЧЫНУ

сьвяціцель Мікола Сэрбскі

Прачытана апошняя старонка сьвятой кнігі, зьмест якой ад дошкі да дошкі струменіць зь сябе сьвятую нявіннасьць і набожнасьць. Гэта тая кніга, пры выглядзе якой нават самыя жорсткія крытыкі, якія нясуць у сабе цяжар прадузятасьці і забабонаў, моўчкі спыняліся і, прачытаўшы яе з пачатку да канца, сыходзілі са зьмякчэлым сэрцам і амалоджаным духам. Зачынена тая кніга, першыя словы якой – “У юдэйскім мястэчку Назарэце жылі бязьдзетныя набожны старац Якім і ягоная жонка Ганна...”.

Як сьветлыя першыя старонкі гэтай гісторыі — сапраўды азораны той вячэрняй, мяккай і ціхай чырваньню заходу, які праводзіць сонца, каб пасьля ночы зазьзяла яно сьвятлом зь усходу. Каго не узрадуе шчасьце гэтых пажылых людзей, якое наведала іх толькі пры разьвітаньня са сьветам, каб дадаць кроплю мёду ў іх атручанае скрухай жыцьцё!

Невымоўнай райскай весялосьцю былі напоўнены старэчыя душы Якіма і Ганны пры бачаньні сваёй маленькай дачкі, у суправаджэньні сябровак уваходзячай у Божы храм і якую сустракае там сьціплы, але урачысты прыём. Радасьць гэтых старых набожных душаў была тым чысьцей і дасканалай, што бацькі не маглі нават падазраваць [пра тое], што гэта — першая і апошняя радасная падзея для іх выплаканага плоду. Юная Марыя рана засталася сіратой, без айца і маці. Бог пашкадаваў Якіма і Ганну за іх набожнасьць, каб не дажылі яны і не убачылі тую бесьперапынную чараду бед і пакут, праз якія належала прайсьці іх дзіцяці дзеля набыцьця узнагароды — праўда, вялікай і для іншых недасягальнай, а менавіта, што іх дачка назавецца Маці Сына Боскага.

Якім і Ганна спачылі, суцяшаючыся тым, што сваё дзіця пакінулі пад прытулкам храма, пад Боскае абаронай. Хто б мог тады прадказаць гэткае неспакойнае жыцьцё гэтае Дзяўчаці, Якая усю Сваю юнацкасьць правяла ў царкве — у сьвеце, пасьце і малітве? І тым не менш буры жыцьцёвага мора няшчадна разьдзіралі гэту сірату, захаплялі яе ў невядомыя землі, імкліва кідалі зь натхненьня ў страх і наадварот. Для далікатнай дзявоцкай душы даволі было і аднаго узрушэньня ад раптоўнага анёльскага дабравесьця пра вялікую Боскае літасьці, якая вызначыла гэтай Дзеве нарадзіць Выратавальніка сусьвету.

Але для Марыі былі прыгатаваны і значна больш цяжкія выпрабаваньні, здольныя зламаць наймоцных духам і здушыць найвялікую мужнасьць. Пасьля Сваёй першай матчынай усьмешкі Свайму Боскаму Дзіцяці, якая узьвесяліла Яе душу, [стомленую] трывогай і цяжкім пераходам у начной цемры і пад дажджом, Яна павінна была неадкладна бегчы без аглядкі [з Палестыны ў Егіпет], каб выратаваць гэта Сваё дарагое і найвысокае Дзіця. Менавіта так, бо цар Ірад баяўся Яе Немаўля, якое ляжыць на саломе, і людзкая зайздрасьць пазбаўляла Сына Боскага усякага супакою нават у пячоры, у гэтым сьціплым прыстанку.

Агорнутая страхам і трапятаньнем, Яна бегла па палестынскіх раўнінах, прыціскаючы да грудзей Сваё Дзіцё, без стомы сьпяшалася дзень і ноч па лясах і пустэльням, не ведаючы ні дарог, ні сьцежак, толькі каб выратаваць Яго ад мяча царскіх катаў. Зрэшты, не завагалася Яна і не саслабела духам на шляху, не зьнемаглася ад трывог і стомленасьці, падбадзёрваючы Сябе думкай пра тое, што Гасподзь Бог — вялікі Цар над усімі багамі і што ў Яго руцэ і горныя вяршыні, і даліны зямныя (параўнай Пс. 49:1; 45:3–4), бо яшчэ з раняй юнацкасьці ўклала ў Сваю душу навучаньне прамудрага Прапаведніка: “І памятай Творцу твайго ў дні юнацтва твайго, пакуль ня прыйшлі цяжкія дні і гады не насталі, пра якія ты будзеш казаць: “няма мне ад іх асалоды!””(Экл. 12:1).

Перажывала Яна усё гэта зь верай у Бога, ніколі нават не падазраючы, што імя Боскае Маці прынясе Ёй больш гаркаты, чым радасьці. Ды і ці магла Яна інакш думаць пасьля гэтак пышных прадвесьцяў Архангела Гаўрыіла? Ды і ці магло наогул прыйсьці камусьці ў галаву, што людзі так варожа сустрэнуць Нябеснага Пасланца і свайго Выратавальніка?

Бо нават тады, калі слава Яе Сына пачала праносіцца па усім сьвеце, зь Яе матчынай душы не сыходзілі цяжкія прадчуваньні і клопаты. Яна увесь час суправаджала Ісуса, ідучы за Ім здалёк, у масе цікаўнага народа, зь асьцярогай на яго пазірала і убірала Яго словы, але не вырашалася падысьці да Яго бліжэй, баючыся Яму дакучаць. Ведала Яна пра Яго бязьмежную любоў да усіх людзей, чула Яго словы: “Маці Мая і браты Мае — гэта слухачы слова Божага і выканаўцы яго” (Лк. 8:21).

Ён перастаў прыналежаць толькі ёй, зрабіўшыся жывой Крыніцай для усяго сусьвету, так што усякі ахвотнік прыходзіў зь Яго напіцца. Але зноў—такі нікому Ён не быў так ласкавы, як сэрцу Маці. У той неагляднае масе людзей, якая рухалася за Ісусам па пятах па усёй Палестыне і захоплена Яго вітала, адны зіхатлівыя вочы заўсёды глядзелі на Яго пільна, адны вусны няспынна паўтаралі Яго сьвятыя словы і ціха узносілі пра Яго малітвы. То была Ягоная Маці.

Ісус жа упэўнена ішоў наперад, не аглядаючыся на глухую лютасьць грэшнікаў, паўстаўшую на Яго. Нішто Яго не бянтэжыла і не палохала. Ён заўсёды быў аднолькава велічным і рашучым — як на Эліёнскае гары, пры уваходзе ў Ерусалім і ў іншыя урачыстыя хвіліны, так і на апошняй вячэры пры разьвітаньні зь вучнямі перад шэсьцем на Галгофу. І толькі адно уважлівае вуха чула скрыгат зубоў на Ісуса і адна душа прадбачыла намеры бязбожнікаў, якія палююць на душу праведніка і кроў невінаватую засудзяць (Пс. 93:21), і кожны дзень Яе сэрца напаўнялася страхам ад таго, што пачула Яна і адчувала. Гэта была Ягоная Маці.

Жадалася Ёй хоць уначы пабыць зь Ісусам сам—насам і распавесьці Яму аб усім, што данеслася да Яе вушэй, што казалі пра Яго людзі і што яны Яму рыхтуюць, — усё гэта парывалася Яна Яму распавесьці, каб быў Ён яшчэ больш уважлівым і асьцярожным, хоць і ведала, што Яму усё вядома значна лепш. Але і па начах не меў Ён адпачынку, навучаючы Сваіх вучняў і рыхтуючы іх да далейшых подзьвігаў. А Яна гарэла жаданьнем хоць бы ў гадзіны начнога супакою удалечыні ад сьвецкае мітусьні перамовіцца зь Ім словам, прыціснуўшы да Сябе Яго стомленую галяву. Аднак гэтаму Яе жаданьню не наканавана было спраўдзіцца, так што і ночы праводзіла Яна без Свайго Сына, сьлёзнымі вачамі пазіраючы на зорнае неба і зьвяртаючы да яго суцяшальныя словы цара Давыда: “Пры памнажэньні смуткаў маіх у сэрцы маім, суцяшэньні Твае душу маю шчасьцяць” (Пс. 93:19).

Але усе гэтыя душэўныя перажываньні, усе клопаты і смуткуй, уся злосьць і нянавісьць людзей, якую Марыі прыйшлося зьведаць за Сына Свайго, — усё гэта было нішто ў параўнаньні з тым страшным ударам, які рыхтаваўся як супраць Ісуса, так і супраць Яе душы. [Бо] уласнымі вачамі бачыла Яна Свайго Сына зьвязаным, аплёваным і скрываўленым пад цярновым вянком і чула тыя пякельныя крыкі: “Раскрыжуй Яго! Раскрыжуй!” Крочыла Яна за ім і да Галгофы, бачыла, як зьнемагае Ён і валіцца пад крыжам, нахілялася да зямлі і зьбірала ў пыле кроплі Ягонае крыві. Данесьліся да Яе слыху і гукі цьвікоў, што забіваліся ў Ягоныя рукі, некалі Яе абдымаўшыя, бачыла Яна Яго на крыжы, голага і зьнявечанага, што перажывае жудасныя пакуты, які абліваецца потам і разьвітваецца зь апошнімі сіламі.

О, калі б магла Яна хоць прыпасьці да Яго крывавячых ног, абняць іх і пацалаваць! Але і гэта было немагчыма для беднай Маці. О маці, якія наракаюць пра сваіх хворых сыноў, успомніце Марыю, што пакутавала пад крыжам, на якім у [жудасных] пакутах паміраў Яе Сын! Успомніце і умацуеце свае сэрцы тым, чым і Яна Сябе падбадзёрвала: надзеяй на Боскую міласьць!

Хрыстос канаў. Але ў найвялікіх пакутах, перад тым як аддаць дух Свайму Айцу, Ён пра нейкага вось успомніў і паглядзеў уніз на зямлю. Адшукаўшы вачамі Сваю Маці, Ён убачыў Яе бядуючай і нямоглай. Ясна усьведамляючы яшчэ адзін Свой абавязак у адносінах да Яе, Ён, зірнуўшы на Свайго самага любімага вучня, Яна, сказаў Сваёй Маці: Жанчына! гэта, сын Твой.

Хрыстовы вучні разышліся па усім сьвеце вучыць і ратаваць чалавечы род. Пакінулі яны родныя дамы і сем'і і усе свае сілы прысьвяцілі пропаведзі вучэньня Выратавальніка. Не былі яны ужо такімі баязьлівымі, як у тую ноч, калі быў схоплены Ісус, але сталі бясстрашнымі і магутнымі волатамі, зьневажаючы усялякую небясьпеку.

Пакуль былі яны ў Палестыне, зь імі мела зносіны і сьвятая Марыя, дапамагаючы ім у сьцьвярджэньні запаведзяў Выратавальніка, заахвочваючы іх на усялякае дабро і падбадзёрваючы. Але калі вучні сышлі з Палестыны ў краіны далёкія, чужыя і невядомыя, Яна засталася ў доме Яна.

Не марнавала Яна часу дарма, але кожную хвіліну ужывала на карысьць роду чалавечага, таго самага роду людзкага, які раскрыжаваў Яе нявіннага Сына! Сваю працу і апеку прысьвячала Яна лякарням і вязьніцам, суцяшала, вучыла і навучала усякага, каму патрабавалася падтрымка альбо рада. Жыла строга па запаведзях Свайго Сына і таму магла суцешыць людзкія смуткі і была крыніцай гаючай прахалоды, бяручы зь якой усялякі адчуваў сьвежасьць і палягчэньне і умацоўваўся нябеснай любоўю. Добрыя справы, якім Яна Сябе даручыла, напаўнялі Яе душу вялікай асалодай і суцяшэньнем, што і было адплатай за усе Яе раней перанесеныя беды і гаротнасьці. [Бо] толькі пасьля таго, як Яе Сын уваскрэс, у Яе адкрыліся вочы на адбыўшаеся і зьявілася надзея.

Але вось надышоў час і Марыі заплюшчыць вочы і аддаць Свой дух Богу. Адбывалася гэта ў сьвеце і цішыні. Яе сьмерць не выклікала ніякай мітусьні і турботы. Палестына, якая была сьведкам гэтакіх дзіўных і бурных падзей і уся узбураная ад раптоўнасьці і нечаканасьці адбыўшагася, уціхамірылася і ціхамірна праводзіла паўсядзённае жыцьцё, толькі зрэдку пазіраючы на свой пакрыты славай і цемрай твар у люстэрку нядаўняга мінулага. Сьвет сьпяшаецца па сваіх будных, звыклых справах.

Багародзіца спачывае на ложы. A сьвет і не адчувае ніякай зьмены, не адчувае таго, што зь яго асяродзьдзя сышла самая богадагодная Жанчына. Сьвет заўсёды адзін і той жа: пустой гаворкай і дробязнымі клопатамі пра патрэбы цела ён выкрадае сьвятасьць у самых урачыстых момантаў у гісторыі чалавецтва. Калі найвялікія барацьбіты за яго шчасьце паміралі ў пакутах, ён спакойна, зь несуцішным гоманам ад мноства галасоў сьпяшаўся за хлебам. Вось і зараз, калі вялікая Дабрадзейка людзей ляжыць на божай пасьцелі, вулічны шум і шматгалосьсе не змаўкаюць ні на хвіліну.

Але калі панясуць Яе на месца спачынку, калі Апосталы засьпяваюць пахавальныя сьпевы, у душы сьвету гэтага уваскрэснуць яркія успаміны пра Вялікага Настаўніка любові і пра Ягоную рахманую і велічную Маці. І знойдуцца, абавязкова знойдуцца тыя, хто далучыцца да Апосталаў і цёплай сьлязой абросіць магілу прыкладнай Назарэцянкі, а сваё жыцьцё і дзела уладкуе па Эвангельлі Яе Сына. Раптам, у імгненьне вока, сьвет забудзецца пра свае клопаты і адновіць у памяці усё жыцьцё гэтай Жанчыны, якая мела моцную веру, — і сам пераканаецца ў тым, што імя Госпада — дужая вежа: уцякае ў яе праведнік — і бясьпецы (Высл. 18:11).

У доме апостала Яна пануе цішыня і супакой. Нішто не парушае гэтай поўнай глыбокай пашаны атмасфэры. Невялікі сьціплы пакой асьветлены двума шэрагамі сьвяцільнікаў, якія стаяць вакол сьмяротнага ложка. Можна б было падумаць, што ў пакоі нікога няма, хоць насамрэч у ёй у гэту хвіліну сабрана амаль усё Хрыстова войска. Тут Ягоныя Апосталы, якія толькі—толькі прымчаліся зь усіх канцоў сусьвету, каб праводзіць Маці Настаўніка ў яе вечную сялібу.

З пахіленымі галовамі стаяць яны вакол ложка Багародзіцы. А Яна ляжыць. На Яе твары зьзяе адбітак дабрыні і нейкага таямнічага шчасьця, якія сьведчыць пра адсутнасьць усякай скрухі, а таксама апошняе “Бывайце!”, поўнае літасьці і ласкі да гэтага сьвету, які выявіў так мала спагады, гасьціннасьці і любові і Ёй, і Яе Сыну.


НАВУКА НА ГОДНЫ СПАЧЫН УСЯСЬВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ

Сьвяціцель Рыгор Дваяслоў

На ўсіх нас, браты, ляжыць абавязак шанаваць пастыраў духоўных. Але чаму пакладзены на нас такі абавязак? У царкоўнае навуцы на дзень Усьпеньня Маці Боскае аб гэтым гаворыцца так: мы павінны шанаваць слуг Божых – Сьвяціцеляў таму, што імі хрост прымаюць і дзеля іх, па веры Госпада нашага Ісуса Хрыста, мілату Боскую прымаем; ад іх прымаем Цела і Кроў Хрыстову, і малітвамі іх ад грахоў вызваляемся; іх малітвамі і Сьвяты Дух сыходзіць на сьвятую проскурку і пераўтварае яе ў Цела Боскае і віно ў сьвятую Кроў Ягоную і, зь верай прымаючыя іх, атрымліваюць водпуск грахоў, і жыцьцё вечнае… І Апостал казаў: “Слухайцеся настаўнікаў вашых і будзьце пакорнымі, бо яны над душамі вашымі чуваюць” (Жыд. 13:17).

Такім чынам, па навуцы царкоўнае, мы павінны шанаваць пастыраў духоўных таму, што праз іх падаецца нам мілата ў таямніцах, яны моляцца за ўсіх праваслаўных, і шанаваць іх Апостал загадвае. Але шанаваць іх мы павінны не за гэта адно: адкажыце мне, браты, хто паставіў пастыраў і настаўнікаў духоўных? “Ён – г.зн. Бог, кажа Апостал, – паставіў адных Апосталамі, другіх прарокамі, іншых эвангелістамі, іншых пастырамі і настаўнікамі дзеля збудаваньня сьвятых, на дзела служэньня, на будаваньня Цела Хрыстовага” (Эф. 4:11–12). А калі Сам Бог даў нам пастыраў, то павінны і мы шанаваць іх таму, што да свайго служэньня яны пакліканы Ім Самім і, вынікае, ёсьць служыцелі Боскія. Я таму зразумела, што хто не шануе іх, той паказвае праз гэта, што ён не слухаецца і Самому Богу. І хто грэбуе імі, той паказвае непавагу і да Самога Паклікаўшага іх. Так аб гэтым вучыць і Гасподзь: “Хто слухае вас – Мяне слухае, і хто вас цураецца, той Мяне цураецца” (Лук. 10:16).

Далей, мы павінны шанаваць пастыраў і таму, што яны, выконваючы загад Божы, прапаведуюць слова Боскае, і ў казаньнях прапануюць тую ж самую навуку, якую прапаведаваў і Гасподзь, і якую пакінулі ў сваіх творах Апосталы. А прапаведуючы так, яны, зразумела, тым адчыняюць нам выратавальную праўду веры, ажыўляюць і абуджаюць ў нашых душах дух набожнасьці і памкненьне да дабра, і, такім чынам, навукай сваёй вядуць нас у Царства Нябеснае. Як жа, натуральна, таму не заставацца ўдзячнымі да іх і не шанаваць іх?

Такім чынам, як кажа Прамудры, “Бойся Бога, і шануй сьвятара” (Сір. 7:33). “Усёй душой тваёй шануй сьвятара, і аддай яму гонар, як запавет кажа табе” (Сір. 7:31). Шануй таму, што, як бачыш, сьвятары ёсьць служыцелі Боскія, што яны даюць табе выратавальную мілату ў таямніцах, моляцца за цябе і вучаць цябе, як увайсьці ў Царства Нябеснае. А, у выніку, шануй і таму, што шанаваць іх загадвае і Сам Гасподзь, Ягоныя Апосталы. Амін.