падрыхтавала Ірына Штагрін (Радыё Свабода)
Адмысловая дэлегацыя Канстантынопальскага Патрыярхату знаходзіцца ў Кіеве. Мэта візыту – сустрэцца з прадстаўнікамі ўсіх украінскіх праваслаўных Цэркваў і “дэталёва вывучыць царкоўнае становішча ва Ўкраіне”. Сьвяцейшы Сынод Сусьветнага Патрыярхату надаслаў сваіх прадстаўнікоў у адказ на зварот япіскапаў Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы з просьбай далучыць гэтую непрызнаную ўкраінскую аўтакефалію да Сусьветнага Патрыярхату на правах аўтаноміі. Украінская Аўтакефальная Праваслаўная Царква, найменшая з трох украінскіх праваслаўных Цэркваў, выявіла ініцыятыву і зьвярнулася зь лістом да Сусьветнага Патрыярха Варфаламея І: архірэі ЎАПЦ папрасілі дабраслаўленьня Патрыярха на ўваходжаньне сваёй Царквы да складу Сусьветнага Патрыярхату на правах аўтаноміі. Рашэньня аб гэтым ухвалілі на Архірэйскім саборы гэтае Царквы пад старшынствам яе Кіраўніка мітрапаліта Мяфодзія.
Прэс-сакратар УАПЦ пратаярэй Яўген Заплетнюк выказаў спадзяваньне, што дэлегацыя Сусьветнага Патрыярхату дапаможа “адшукаць хуткае і якаснае вырашэньне таго няпростага становішча, у якім знаходзіцца ўкраінскае праваслаўе”.
“Мы не можам далей знаходзіцца ў кананічнае ізаляцыі. Мы разумеем. Наколькі ненармальным ёсьць гэтае становішча, і спадзяемся, што Сусьветная Патрыярхія дапаможа нам вылечыць тыя раны, якія ёсьць ва Ўкраінскае Царкве,” – распавёў Радыё Свабода пратаярэй Яўген Заплетнюк.
УПЦ (МП) і ЎПЦ КП: перамовы – гэта добра, але…
Украінская Праваслаўная Царква, што ў еднасьці зь Маскоўскім Патрыярхатам, таксама падзяляе хваляваньне расколам праваслаўя і вітае візыт дэлегацыі з Канстантынопаля.
Але прэс-сакратар Кіраўніка ЎПЦ (МП) айцец Рыгор Каваленка заўважыў: “Канстантынопальскі Патрыярх добра разумее, што вырашэньне пытаньня еднасьці ўкраінскага праваслаўя не мусіць парушыць еднасьці ўсяго праваслаўя. Перамовы – гэта добра. Разам з тым, мы застаёмся на пазыцыі, што любое рашэньне адносна Ўкраіны не можа ўхваляцца аднаасобна Сусьветным Патрыярхатам без пагадненьня з Расейскай Праваслаўнай Царквой”.
У Кіеўскім Патрыярхаце таксама вітаюць намаганьні Канстантынопаля для “уладкаваньня царкоўнага міру ў нашае краіне”. Аднак там нагадваюць, што “дэлегацыі Сусьветнага Патрыярхату ўжо неаднаразова наведвалі Ўкраіну таксама, як і дэлегацыі ўкраінскіх Цэркваў езьдзілі ў Канстантынопаль, і пакуль гэта ні да чаго не прывяло”.
Выразна выказаўся прэс-сакратар УПЦ Кіеўскага Патрыярхату япіскап Еўстрацій Зара, які так пракамэнтаваў ініцыятыву ЎАПЦ: “Калі мова ідзе аб тым, што нейкая частка ўкраінскае Царквы ўвойдзе да складу Канстантынопальскага Патрыярхату на нявызначаны тэрмін, то пакуль такі шлях не вядзе да аб’яднаньня праваслаўнае Царквы ва Ўкраіне”.
Прад прыездам дэлегацыі Сусьветнага Патрыярхату ў Кіеў становішча істотна зьмянілася. Упершыню за ўвесь час расколу ва ўкраінскім праваслаўі 2 кастрычніка ў Кіева–Пячорскае Лаўры сустрэліся прадстаўнікі працоўных групаў Украінскіх Праваслаўных Цэркваў Кіеўскага і Маскоўскага Патрыярхатаў і дамовіліся аб умовах вядзеньня дыялёгу “зь мэтай пераадоленьня існуючага царкоўнага падзелу”.
Да гэтага моманту ЎПЦ (МП) не вяла ніводнага дыялёгу з Кіеўскім Патрыярхатам. Але 9 верасьня Сьвяцейшы Сынод УПЦ (МП) пад старшынствам мітрапаліта Ўладзіміра (Сабодана) вырашыў яго распачаць. Неўзабаве 14 верасьня сваю працоўную групу падрыхтоўкі стварыў і Сынод УПЦ КП.
Паседжаньне працоўных групаў Маскоўскага і Кіеўскага Патрыярхатаў выпрацавала агульны пратакол, у якім, між іншым, адзначана: “Дыялёг мусіць зьдзяйсьняцца ў духу міру і паразуменьня. Бакі мусяць прагнуць вырашаць мірным шляхам усе канфлікты, якія вынікаюць. У часе агульных пасяджэньняў у матар’ялах і дакумэнтах, які датычацца падрыхтоўкі да дыялёгу і самога дыялёгу, ужываць назвы і тытулы так, як яны прыняты ў кожным з бакоў. Гэтая практыка, аднак, не азначае вызнаньне гэтых назваў і тытулаў”.
Бакі дамовіліся парытэтна па чарзе рыхтаваць і праводзіць далейшыя сустрэчы.
У такім становішчы, лічаць экспэрты, украінскае праваслаўе можа атрымаць ад візыту дэлегацыі Сусьветнай Патрыярхіі штуршок для выхаду “з глухога кута расколу” і зьменшыць уплыў Расейскае Праваслаўнае Царквы.
Канстантынопаль можа даць альтэрнатыўную лінію для аб’яднаньня
Рэлігіязнаўца Андрэй Юраш указвае на тое, што выяўленае Канстантынопалем жаданьне актыўна ўплываць на долю ўкраінскага праваслаўя дае магчымасьць адшукаць лінію аб’яднаньня, альтэрнатыву да таго, “што адбывалася да сёньня ў пляне аб’яднаньня і што традыцыйна зьвязвалася зь Маскоўскім Патрыярхатам – ці непасрэдна зь цэнтрам у Маскве, ці зь УПЦ (МП)”.
“Фактычна сваёй прысутнасьцю Канстантынопальскі Патрыярхат прымушае ўкраінскія Царквы да рэзультатыўнага дыялёгу і ўскосна паслабляе ўплыў РПЦ”, – лічыць Андрэй Юраш.
Хоць, дадае ён, Канстантынопаль “заўсёды азіраўся на Масквы”. “Таму на гэтым этапе ні партнёрская мадэль, якую прапануе Кіеўскі Патрыярхат, ні мадэль поўнага кананічнага падпарадкаваньня, якую прапануе Аўтакефальная Царква, не могуць быць рэалізаваная”, – лічыць ён.
Асобныя перавагі атрымала ЎАПЦ, якая да гэтага мела найслабейшыя пазыцыі. “Сваім зваротам УАПЦ атрымала вельмі вялікі шанс пераўтварыцца зь найслабейшага на абсалютна бачнага іграка перамоўнага працэсу”, – заўважае навуковец.
(Кіеў–Прага)http://uaoc.net/?p=3036