Слава Ісусу Хрысту!
Упадабаныя браты і сёстры!
У гэтую суботу пятага тыдня
Вялікага посту сьвятая Царква урачыста прамаўляе малебны сьпеў акафісту, або
удзячнае хвалы Найсьвяцейшай Багародзіцы.
Найсьвяцейшая Дзева - вобраз
схаванай ад сьвету сьвятасьці, якая праяўляецца ў паўсядзённым жыцьці і не
прыцягвае да сябе увагі, якая умее застацца незаўважанай. Быццам Яна заўсёды
чуе слова Свайго Боскага Сына: “Навучыцеся ад Мяне, бо Я лагодны і пакорлівы
сэрцам” і “усякі, хто зьміраецца, узвысіцца”. Як дзіўна Гасподзь “паглядзеў на
пакорлівасьць рабы Сваёй”! Прыносячы хвалу Божай Маці, мы стараемся зрабіць
усьлед за Ёй крок на шляху пакоры. І асэнсаваць сувязь Яе пакоры з выкананьнем
Яе прароцтва: “Бо з гэтага часу будуць праслаўляць Мяне усе роды”.