Tuesday, September 28, 2010

ДА 90 ЎГОДКАЎ СЛУЦКАГА ПАЎСТАНЬНЯ: АЙЦЕЦ ХВЕДАР ДАНІЛЮК – СЬВЯТА І ЗМАГАР

(12.8.1887 – 29.7.1960)
Нарадзіўся 12 жніўня ў вёсцы Сурынка Слонімскага павету. Паходзіў зь беларускае праваслаўнае сялянскае сям’і: бацькі – Васіль і Агрыпіна Данілюкі. Пачатковую адукацыю атрымаў у мясцовае школе ў Сурынцы. Скончыў духоўную школу пры Жыровіцкім манастыры. Працаваў настаўнікам на Слонімшчыне, а пазьней псаломшчыкам у Кобрынскім павеце. З 1914 года – у войску. Скончыў школу прапаршчыкаў у Гатчыне (1917 г.) У жніўні 1917 года ўдзельнічаў у зьезьдзе беларусаў – вайскоўцаў у Маскве. З кастрычніка 1917 г. – на Румынскім фронце, камісар 4-га беларускага корпуса. Зь верасьня 1918 г. – на Беларусі. У сьнежні гэтага ж года абраны старшынёй Беларускае валасное рады ў Ваўкавыску. У студзені 1919 года – малодшы афіцэр 1-га Беларускага Гарадзенскага полку. Урадам Беларускае Народнае Рэспублікі быў накіраваны ў Літву ў распараджэньне Міністэрства беларускіх спраў пры Літоўскім урадзе. Удзельнік Слуцкага паўстаньня 1920 года. Пасьля заканчэньня вайны Польшчы зь Бальшавіцкае Расеяй, жыў у вёсцы Вярэйкі Ваўкавыскага павету, дзе служыў псаломшчыкам у мясцовае праваслаўнае царкве. Рукапаложаны ў сьвятара 21 верасьня 1921 года. У 1922 – 1939 гадох – настаяцель праваслаўных прыходаў на Слонімшчыне і Наваградчыне. У 30-я гады прасьледаваўся польскае адміністрацыяй за беларускую праваслаўную і грамадзкую дзейнасьць. У 1935 годзе пазбаўлены польскімі ўладамі, праз паданьне каталіцкае адміністрацыі, уласнага прыходу. Працаваў памочнікам настаяцеля ў мясцовасьцях Крывошын і Заблудава. У час Другой сусьветнае вайны прымаў актыўны ўдзел у беларускім грамадзкім і рэлігійным жыцьці. Як прадстаўнік Наваградскае япархіі прымаў чынны ўдзел у працы Усебеларускага Царкоўнага сабору ў Менску (30.8 – 2.9.1942), на якім была абвешчана аўтакефалія Беларускае Праваслаўнае Царквы. Спрычыніўся да стварэньня вайскова-капэлянскае службы пры беларускіх узброяных аддзелаў, у тым ліку тых, што пакінуліся на Бацькаўшчыне дзеля партызанскага змаганьня зь савецка-расейскімі акупантамі. З 1944 г. – у эміграцыі. Спачатку служыў у Германіі. Адзін зь ініцыятараў аднаўленьня Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы на эміграцыі, удзельнік Беларускага Царкоўнага сабору ў Канстанцы (Германія, 1948 г.). У жніўні 1950 года пераехаў у Злучаныя Штаты Амэрыкі. Стваральнік і шматгадовы настаяцель прыходу сьв.Кірылы Тураўскага з Нью-Ёрку. На ўстаноўчым зьезьдзе япархіі БАПЦ у ЗША і Канадзе ў траўні 1960 года абраны ў япархіяльную ўправу, прызначаны кіраўніком царкоўна-судовага аддзелу. У сваё дзейнасьці пасьлядоўна адстойваў ідэю аўтакефаліі Беларускае Праваслаўнае Царквы. Годна спачыў 29 ліпеня 1960 года ў Нью-Ёрку. Пахаваны на беларускіх могілках Нью-Брансуіку.