сьвяціцель Ігнацій Бранчанінаў
Гутарка і таварыства блізкіх вельмі дзеяць на чалавека. Гутарка і знаёмства зь вучонымі надае шмат ведаў, зь паэтам – шмат узьнёслых думак і адчуваньняў, зь вандроўнікам – шмат ведаў аб краінах, аб норавах і звычаях народных. Відавочна: гутарка і знаёмства зь сьвятым надаюць сьвятасьці. “Зь літасьцівым Ты літасьцівы, з чалавекам шчырым – шчыры, чыстым - чысты, а з хітрым – паводле хітрыны ягонай.” (Пс. 17:26 – 27)
Ад сёньня, у час кароткага зямнога жыцьця, якое Пісаньне не назвала нават жыцьцём, а вандраваньнем, пазнаёмся са сьвятымі. Ты жадаеш належыць на небе да іх таварыства, жадаеш быць удзельнікам іх асалоды? – ад цяпер уступі ў зносіны зь імі. Калі выйдзеш з храму цела, – яны прымуць цябе да сябе, як свайго знаёмага, як свайго сябра (Лк. 16:9).
Няма бліжэй знаёмства, няма шчыльней сувязі, як сувязь адзінствам думак, адзінствам адчуваньняў, адзінствам мэты (1 Кар. 1:10).