Аляксандр Макаеў
У аўторак 28 верасня 2010 года у памяшканні сядзібы БНФ сябры секцыі “Мемарыял” ушанавалі памяць Мельхісадэка (1879-1931), праваслаўнага архірэя, мітрапаліта Менскага i Беларускага, герарха Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, рэлiгiйнага i грамадзкага дзеяча, удзельнiка беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст., педагога, шырока- і глыбокаадукаванага чалавека (ведаўшага дванацаць моваў, у тым ліку старажытнажыдоўскую– адну з самых цяжкіх). У свецкiм жыццi ягонае імя— Мiхал Паеўскi.
Паседжанне ў форме круглага стала пачалося зь малітвы і ўступнага слова сьвятара Леаніда Акаловіча (БАПЦ). З паўгадзіннай інфармацыяй пра жыццё, дзейнасць і змаганне Мітрапаліта Мельхісадэка за Беларускую Праваслаўную Царкву супраць прамаскоўскай бальшавіцкай улады і царкоўных “рэвалюцыянераў-абнаўленцаў” выступіў Мікола Бамбіза. Добрыя словы пра чысты вобраз Мельхісадэка сказалі гісторык-даследчык, аўтар кнігі “Пакутнік за Веру і Бацькаўшчыну: Мітрапаліт Мельхіссэдэк” Таццяна Процька, Анатоль Белы – старшыня клуба “Спадчына”, пісьменнік Леанід Маракоў, мастак Алесь Марачкін. Больш чым за дваццаць чалавек, што прысутнічалі на паседжанні, падтрымалі ідэю адкрыцця мемарыяльнай шыльды ў гонар мітрапаліта Мельхісадэка ў Мінску.