Friday, June 12, 2009

Чытаньні дня:

Чытаньне Апостальскае на 30 траўня/ 12 чэрвеня 2009 л. Б.

Пасланьне Да Рымлянаў Сьвятога Апостала Паўла, пач. 82

Браты, калі язычнікі, ня маючы закона, ад прыроды законнае робяць, дык, ня маючы закона, яны самі сабе закон: яны паказваюць, што дзеі закона ў іх напісаны ў сэрцах, пра што сьведчыць сумленьне іхняе і думкі іхнія, якія то вінавацяць, то апраўдваюць адна адну, у дзень, калі паводле зьвеставаньня майго, Бог будзе судзіць таемныя дзеі людзей празь Ісуса Хрыста. Вось, ты называешся Юдэем, і супакойваеш сябе законам, і хвалішся Богам, і ведаеш волю Ягоную, і разумееш лепшае, навучаючыся з закона, і ўпэўнены пра сябе, што ты павадыр сьляпым, сьвятло тым, што ходзяць у цемры, - выхавальнік неразумным, настаўнік дзецям, які мае ўзор розуму і ісьціны ў законе: як жа ты, навучаючы другога, ня вучыш сябе самога? Прапаведуючы ня красьці, крадзеш? кажучы: не распусьнічай, распусьнічаеш? грэбуючы ідаламі, рабуеш сьвятыні? хвалішся законам, а, пераступаючы закон, зьневажаеш Бога? бо дзеля вас, як напісана, імя Божае ганьбуецца ў язычнікаў. Абразаньне карыснае, калі выконваеш закон; а калі ты пераступаеш закон, дык абразаньне тваё сталася неабразаньнем. Дык вось, калі неабразанец выконвае пастановы закона, дык ягонае неабразаньне ці не залічыцца яму за абразаньне? І неабрэзаны ад прыроды, які выконвае закон, ці не асудзіць цябе, пераступніка закона зь Пісаньнем і абразаньнем? Бо ня той Юдэй, хто такі з выгляду, і ня тое абразаньне, якое вонкавае, на плоці; а той Юдэй, хто ўнутрана такі, і тое абразаньне, якое ў сэрцы паводле Духа, а не паводле літары: яму і пахвала не ад людзей, а ад Бога.

Рым 2:14–29

Чытаньне Евангельля на 30 траўня/ 12 чэрвеня 2009 л.Б.

Паводле сьвятога евангеліста Мацея чытаньне, пач. 14

Кажа Госпад: Зноў жа чулі вы, што сказана продкам: “Не давай ілжывай прысягі, а выконвай прад Госпадам прысягі твае”. А Я вам кажу: не прысягай зусім: ні небам, бо яно - Трон Божы; ні зямлёю, бо яна падножжа нагам Ягоным; ні Ерусалімам, бо ён горад Вялікага Цара; ні галавою тваёю не прысягай, бо ня можаш ніводнай валасінкі зрабіць белаю альбо чорнаю. А хай будзе слова ваша: “так – так”, “не – не”; а што звыш гэтага, тое ад ліхога. Вы чулі, што сказана: “Вока за вока, і зуб за зуб”. А Я кажу вам не працівіцца злому. Калі хто цябе ўдарыць па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую; і калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і вопратку; і калі хто цябе змусіць ісьці зь ім адно попрышча, ідзі зь ім два.

Мц. (5:33-41)

ЗВЫШГОДНЫ ІСАКІЙ ДАЛМАЦКІ

Звышгодны Ісакій жыў у IV стагодзьдзі, прыняўшы пастрыг, нёс послух у пустэльні. У гады валадараньня імпэратара Валента (364 - 378), дбайнага прыхільніка ерасі Арыя, пачаліся перасьледы праваслаўных, зачынялі і руйнавалі храмы. Пазнаўшы аб ганеньні, звышгодны Ісакій пакінуў пустэльню і прыйшоў у Канстанцінопаль, каб суцяшаць і умацоўваць праваслаўных. У гэты час варвары-готы, якія жылі па Дунаі, пайшлі вайной на імпэрыю. Яны захапілі Фракію і накіраваліся да Канстанцінопаля. Калі імпэратар Валент выходзіў з войскам з сталіцы, звышгодны Ісакій, зьвярнуўшыся да імпэратара, гучна выклікнуў: “Цар, адамкні храмы праваслаўным, і тады Госпад дапаможа табе!”. Але імпэратар, не зьвяртаючы увагі на словы манаха, самаўпэўнена працягваў шлях. Тройчы паўтараў звышгодны сваю просьбу і вяшчунства. Раззлаваны імпэратар загадаў кінуць звышгоднага Ісакія ў глыбокі яр, парослы калючым цярноўнікам. На дні яра было балота, выйсьці зь яго было немагчыма. Але звышгодны праз дапамогу Божу застаўся жыўшы, выйшаў, дагнаў імпэратара і сказаў: “Ты жадаў загубіць мяне, але сьвятыя Анёлы вывялі мяне з прорвы. Паслухай мяне, адкрый храмы праваслаўным і пераможаш ворагаў сваіх. Калі жа не паслухаеш мяне. то не вернесься жывым, але загінеш у вагні”. Імпэратар здзівіўся адвагі старца і загадаў сваім набліжаным Сатурніну і Віктару узяць звышгоднага і трымаць у зьняволеньні да яго вяртаньня.

Неўзабаве спраўдзілася прароцтва сьвятога. Готы перамаглі і пачалі прасьледаваць грэцкія войскі. Імпэратар разам са сваім вайскаводам-арыянінам апынуўся ў адрыне з саломай і былі спаленыя ворагам. Пасьля весткі аб сьмерці імпэратара звышгоднага Ісакія вызвалілі і сталі пачытаць як прарока Боскага. Калі на пасад быў абраны сьвяты цар Хвядос Вялікі (379 - 395), ён па радзе Сатурніна і Віктара заклікаў да сабе старца, сустрэў яго з вялікім гонарам, прасіў сьвятых малітваў і выканаў усё яго навучаньня: выгнаў арыян з Канстанцінопаля і вярнуў праваслаўным храмы. Звышгодны Ісакій жадаў вярнуцца ў пустэльню, але Сатурнін і Віктар упрасілі яго не сыходзіць з горада і абараняць яго малітвамі. У прадмесьце Канстанцінопаля яны пабудавалі для сьвятога жыльлё, куды да яго сышліся манахі. Так паўстаў манастыр, ігуменам і духоўным настаўнікам у якой быў звышгодны Ісакій. Ён акормляў таксама і парафіян, шмат дапамагаў бедным і патрабуючым. Дасягнуўшы глыбокай старасьці, звышгодны Ісакій паставіў замест сябе ігуменам звышгоднага Далмата, на імя якога стаў называцца манастыр. Памёр вялебны Ісакій у 383 годзе, памяць яго сьвяткуецца таксама 22 сакавіка.


Сёньня сьвяткуем памяць:

Звышгоднага Ісакія Далмацкага

Сёньня 30 траўня / 12 червеня 2009 л.Б.

Пятніца першага тыдня пасьля Пяцідзесятніцы