Saturday, July 3, 2010

СЬВЯЦІЦЕЛЬ МІНА, ЯПІСКАП ПОЛАЦКІ

20 чэрвеня

Сьвяціцель Міна доўгі час быў манахам Кіева – Пячорскае Лаўры. 13 сьнежня 1105 году быў пакліканы на архіпастырскае служэньне ў Полацку і была зьдзейсьненая ягоная архірэйская хіратонія ў япіскапа Полацкага. Імя сьвяціцеля ўвайшло ў службу Кіева – Пячорскім сьвятым айцам, а таксама згадваецца ў Кіева – Пячорскім Пацярыку. Атрымаў вядомасьць як адзін з першых архіпастыраў Кіеўскае Царквы, што праводзіў актыўную катэхізацыю беларусаў Полацкага княства.

Трапар сьвяціцелю Міне, япіскапу Полацкаму

У анёльскім вобразе Богу служыць жадаючы, у славуты манастыр Кіева – Пячорскі паступіў і манаскі подзьвіг слаўна зьдзяйсьняў ты, ойча сьвяты Міна. За добрае жыцьцё манаскае да архірэйскага служэньня пакліканы быў у слаўны горад княжы – Полацак. Крыж сьвяціцеля ў пакоры Госпаду прыняўшы, славу хрысьціянскую зямлі Беларускай прымножыў і па спачыну годны вянок ад Хрыста Бога атрымаў. Цяпер, каля сьвятога пасаду стоячы, малі Госпада, каб выратаваў душы нашы, а зямлі Беларускай, другой радзіме тваёй, мір і дабрабыт падаў у вялікай Сваёй міласьці.