Wednesday, September 8, 2010

8 ВЕРАСНЯ 1514. БІТВА ПАД ВОРШАЙ

Ул. Арлоў

На зыходзе 1512 года Маскоўская дзяржава распачала новую вайну за “искони русские земли” - Беларусь і Украіну, што уваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага і пад уладаю Маскоўшчыны ніколі не знаходзіліся.

Фарпостам Княства на усходзе быў старажытны беларускі горад Смаленск. У ліпені 1514-га яго узяло ў аблогу велізарнае 80-тысячнае войска маскоўцаў, папоўненае наёмнікамі зь заходнеэўрапейскіх краінаў. Па гарадзкіх умацаваньнях амаль бесьперапынна білі трыста гарматаў. Ваявода Юры Салагуб капітуляваў.

Натхнёны посьпехам маскоўскі князь Васіль ІІІ кінуў свае войскі углыб Беларусі. Усьлед за Смаленскам здаліся ворагу Крычаў, Амсьціслаў і Дуброўна. Крамлёўскі валадар быў настолькі упэўнены ў сваёй перамозе, што пад час адной зь застоліц загадаў сваім ваяводам “войскі літоўскія і польскія з каралём да Масквы як быдла пугамі гнаць”. Над дзяржаваю сапраўды навісла сьмяротная небясьпека.

Вялікі князь Жыгімонт Стары здолеў сабраць пад свае сьцягі ў Менску толькі трохі болей за 30 тысяч ваяроў. Тут былі 16 тысяч коньнікаў паспалітага рушаньня Вялікага Княства пад камандаваньнем славутага гетмана Канстанціна Астроскага, 14 тысяч польскіх конных жаўнераў, тры тысячы найманай пяхоты і 2500 шляхцічаў-добраахвотнікаў з Польшчы. Жыгімонт з чатырохтысячным войскам застаўся ў Барысаве, а асноўныя сілы на чале зь Астроскім рушылі насустрач варожай ардзе. Пры канцы жніўня адбыліся першыя сутычкі зь ворагам на рэках Бярэзіне, Бабры і Друці.

Пасьля некалькіх паразаў расейскае войска спынілася паміж Воршай і Дуброўнай на рэчцы Крапіўне. Тут і адбылася вырашальная бітва. Частка коньніцы Астроскага уброд і наўплаў - без стратаў - пераправілася цераз Дняпро. Астатнія коньнікі, пяхота і артылерыя пераадолелі раку трохі вышэй, па таемна наведзеным наплыўным мосьце. Палкі Канстанціна Астроскага пачалі шыхтавацца насупроць стану маскоўцаў уначы з 7 на 8 верасьня. У цэнтры гетман паставіў 16 тысячаў ліцьвінскай коньніцы, па баках - палякаў. Наперадзе былі сабраныя сама трапныя стралкі.

На досьвітку пад гукі трубаў і бубнаў маскоўскія ваяводы Чаляднін і Булгакаў-Голіца павялі палкі ў першую атаку. Астроскі зьвярнуўся да сваіх ваяроў з кароткай гарачаю прамовай: “Мужныя рыцары! Няхай доблесьць і мужнасьць вашы будуць вартыя слаўных бацькоў!..”

Няўдача першай атакі не надта зьбянтэжыла Чалядніна і Голіцу: у іх была амаль трохразовая перавага - 80 тысяч супроць 30. Такая самаўпэўненасьць саслужыла ваяводам дрэнную службу. Яны кепска узаемадзейнічалі і нават не лічылі патрэбным дапамагаць адзін аднаму. Калі ваяры Астроскага ударылі па палках Булгакава-Голіцы, Чаляднін ад бою ухіліўся, а калі удар абрынуўся на ягоных ваяроў, Голіца адплаціў тым сама.

Спроба абысьці нашае войска і наляцець з тылу не удалася, і пасьля паўдня маскоўскія ваяводы кінулі на праціўніка галоўныя сілы. Сеча дасягнула найвышэйшага напалу. Гетман быў сярод сваіх жаўнераў. Ягоная узьнятая над галявою булава дадавала мужнасьці слабейшым.

І раптам здарылася нечаканае: коньніца Астроскага завагалася, спыніла націск, а потым і наагул пакацілася назад. Расьцягнутыя баявыя парадкі маскоўцаў з пераможнымі крыкамі перайшлі ў наступ. Колькі хвілінаў коньнікі і сапраўды уцякалі, а тады зьнячэўку крута павярнулі убок. Расейская дваранская коньніца апынулася перад пакінутымі ў засадзе гарматамі.

Сьмяротны град артылерыі спыніў атаку. Чужынцы, зьбіваючыся ў бязладныя натоўпы, замітусіліся і паказалі нядаўнім “уцекачам” сьпіны. Коньніца Астроскага расьсекла сьціжму заваёўнікаў на часткі і расьсеяла іх па шырокім прырэчным полі. Ворагаў гналі і секлі яшчэ пяць вёрстаў. Вада ў Крапіўне пачырванела ад крыві і, паводле паданьня, выйшла з берагоў, бо целы мноства забітых загацілі раку. Шмат хто знайшоў сваю сьмерць у Дняпры, у навакольных лясах і балотах.

Летапісы і кронікі паведамляюць, што маскоўская раць страціла забітымі блізу 40 тысячаў. Чаляднін, Булгакаў-Голіца і яшчэ восем ваяводаў трапілі ў палон. Разам зь імі ў руках у пераможцаў апынуліся дзьве тысячы «дзяцей баярскіх» і тры тысячы шэраговых воінаў. Прыгаломшаны весткаю пра поўны разгром свайго войска Васіль ІІІ абвясьціў, што усе палонныя для яго - мёртвыя, і кінуў іх на вырак лёсу. Булгакаў-Голіца вярнуўся ў Масковію толькі ў 1552 годзе.

Аршанская бітва стала адной зь найбуйнейшых у Эўропе ХVІ стагодзьдзя. Бліскучая перамога нашай зброі аддала ініцыятыву вайны ў рукі Вялікага Княства. Усе захопленыя маскоўцамі гарады, апроч Смаленска, былі вызваленыя. Пачаў развальвацца накіраваны супроць Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага таемны альянс Маскоўшчыны і эўрапейскіх дзяржаваў. Крымскія татары, уражаныя перамогаю пад Воршай, на два гады спынілі набегі на Княства і павярнулі сваіх коней у бок Маскоўшчыны.

У сьнежні 1514 года вялікі гетман Канстанцін Астроскі трыюмфальна уступіў у сталіцу дзяржавы Вільню. У гонар перамогі на ягоныя сродкі там былі збудаваныя праваслаўныя храмы Сьвятой Тройцы і Сьвятога Мікалая, якія захаваліся дагэтуль.

Апісаньне бітвы пад Воршай зьмешчанае ў “Кроніцы” Мацея Стрыйкоўскага. Праз некалькі гадоў пасьля перамогі невядомым мастаком было створанае жывапіснае батальнае палатно, на якім адлюстраваны адзін зь эпізодаў сечы. На карціне, што захоўваецца цяпер у Нацыянальным музэ ў Варшаве, можна убачыць баявыя бел-чырвона-белыя сьцяжкі беларускіх ваяроў. Гэта першая па часе выява нашага нацыянальнага сьцяга. Памяць пра слаўную перамогу увасобілася і ў беларускай народнай песьні:

Ой, у нядзельку параненька
Узышло сонца хмарненька,
Узышло сонца над борам,
Па-над Сялецкім таборам.
А ў таборы трубы йграюць,
Да ваяцкае парады зазываюць,
Сталі рады адбываці,
Адкуль Воршы здабываці:
А ці з поля, а ці зь лесу,
А ці з рэчкі невялічкі?
А ні з поля, а ні зь лесу,
Толькі з рэчкі невялічкі.
А ў нядзельку параненьку
Сталі хлопцы-пяцігорцы,
Каля рэчцы на прыгорцы:
Гучаць разам зь самапалаў,
З сяміпалых ад запалаў.
Б'юць паўсоткаю з гарматаў.
Масква стала наракаці,
Места Воршу пакідаці;
А як зь Воршы уцякалі,
Рэчку невялічку пракліналі:
“Бадай ты, рэчка, сто лет высыхала,
Як нашая слава тутака прапала;
Бадай высыхала да сканчэньня сьвету
Што нашай славанькі ужо нету”.
Слава Воршы ужо ня горша
Слаўся, пан Астроск!

У 1992 годзе ў дзень гадавіны бітвы пад Воршай на пляцы Незалежнасьці ў Менску адбылася прысяга беларускіх вайскоўцаў на вернасьць свайму народу.


СЛОВА Ў ДЗЕНЬ БЕЛАРУСКАЕ ВАЙСКОВАЕ СЛАВЫ – 8 ВЕРАСЬНЯ

У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.

Упадабаныя, браты і сёстры мае, беларусы!

Сёньня сабраліся мы тут, у сьвятым храме, каб малітоўна ўшанаваць вялікі подзьвіг нашых продкаў – слаўную перамогу беларускага войска над расейскімі заваёўнікамі пад Воршай. Перамогу, якая залатымі літарамі назаўсёды ўпісана ў слаўную гісторыю нашага народу. Што ж адбылося ў гэты дзень, 496 гадоў таму? Чаму мы сёньня сьвяткуем гэты дзень?

У ліпіне 1514 года маскоўская арда, якая налічвала больш за 80 тысяч, зноў уварвалася ў наш дом – Беларусь. Вораг захапіў і абрабаваў Смаленск і рушыў углыб, на Друцк і Воршу… Вялікая небясьпека навісла над Айчынай, бо арда антыхрыста не шкадавала: а ні малога, а ні старога. Кроў нявінных дзяцей і жанчын пацякла ракой…

Слаўны праваслаўны беларускі палкаводзец, князь Канстантын Астроскі меў тады толькі каля 30 тысяч воінаў, але сьмела выступіў супраць захопнікаў. Вы толькі падумайце: з 30 тысячамі супраць больш як 80-ці тысячнага маскоўскага войска! Давайце паразважаем: Чаму яны з такой адвагай пайшлі на ворага? Чаму не спужаліся войска, якое было значна большым? Чаму яны пайшлі…не, не паміраць! Князь Канстантын павёў іх перамагаць і яны сьвята верылі ў перамогу! Але чаму яны верылі яму, верылі ў перамогу, і самаахвярна крочылі ў бой?

Увесь адказ – Вера. Сам князь Канстантын Астроскі быў ня толькі выдатны ваяк і палкаводзец, ён быў глыбока веруючы праваслаўным чалавекам… Непахісную праваслаўную веру мелі і ягоныя ваяры… Нашае беларускае войска было Праваслаўным і Хрысталюбівым. Войска было Хрысталюбівым, бо Хрысталюбівай была ўся Беларусь. І праз нашу родную Праваслаўную веру не было разьніцы ў абавязку прад Хрыстом і Айчынай у князя і селяніна, шляхціца і гараджаніна… Было агульнае разуменьне: гэтая Праваслаўная вера, Родная зямля, мова і само жыцьцё дадзенае самім Госпадам! Таму паўстаўшы на ўсё гэта, жадаючы скарыць яго, паланіць – ён не толькі вораг нам, на зямлі народжаным, а і вораг Госпада. Бо прыйшоў вораг разбурыць твор Уладара…

І пайшло ў бой беларускае войска. Пайшло на змаганьне зь непахіснае верай у Хрыстову праўду. Хай іх было мала, але ж і зброя Давыда была мізэрнай у параўнаньні са зброяй Галіяфу…. І як Давыд перамог Галіяфа, дзеючы імям Божым і зь Ягонае дапамогай, так і беларускае войска пад сьцягам праўды Хрыстовай перамагло значна большае войска маскоўскіх заваёўнікаў! Бо, як мы чулі ў сёньняшнім Эвангельлі, прамовіў Збаўца: “вера твая ўратавала цябе” (Лк. 17:19). Вера і праўда прынесьлі перамогу нашым продкам. Вера і праўда ўратавалі ў той бітве Беларусь! Гасподзь быў зь нашымі продкамі, а калі ты жывеш з Госпадам, то хто супраць цябе?

Калі падобная Хрысталюбівая праваслаўная сьвядомасьць узрастае ў нас, узрастае ў Беларусі, тады – сьмерць напаткае ўсіх нашых ворагаў і будзе наша Айчына вольнай і незалежнай. Тады дарэмна спрачацца – якія рукі ўздымуць меч над ворагамі Беларусі і павядуць нас на новае варшанскае поле. У адраджэньні Беларусі – малітва гэта вагонь, які гарэў і будзе гарэць у душы і сэрцы кожнага беларуса, паўстаўшага за свабоду і незалежнасьць. Нашы шыхты зноў пойдуць пераможнае хадой супраць ворагаў Хрыста і Беларусі, пойдуць з Непераможным Крыжам, як на подзьвіг, чакаючы ўзнагароды толькі ў Вечнасьці… Дачакаемся лі мы новага пераможнага сьвітанку на нашым варшанскім полі? Хто ведае… Але ён надыдзе, бо зь намі Хрыстос, зь намі нашы сьвятыя, зь намі нашы славутыя продкі. Калі ўсё гэта ёсьць у нашым сэрцы – яно падкажа, што мусіш зрабіць каб хутчэй надышоў пераможны сьвітанак…

І што вельмі жадаецца заўважыць сёньня, у гэты сьвяточны дзень: Тады, як і зараз, маскоўскія рабаўнікі хавалі свае злачынныя намеры пад прыгожымі словамі “абароны Праваслаўя”… “абароны агульнае рускасьці”… Ці не падаецца вам гэта знаёмым, ці не тут пачынаецца гісторыя так званага “Рускага сьвету” сёньняшніх “дабрадзеяў” зь Масквы? Як і калісьці, у сівой старажытнасьці, злачынцы сваімі бруднымі рукамі спрабуюць выкарыстаць, дзеля гвалту і паланеньня Беларусі, нашу любоў да Сьвятога Праваслаўя. Але ж іх “заваёўніцкае і зьнішчаючае праваслаўе” – гэта падман, грубая падробка. І, пераймаючы нашым слаўным продкам, мы не спакусімся на падман, не будзем пераймаць у неабачлівасьці старажытнаму Адаму… У нас ёсьць свая, дадзеная Богам зямля і мова, у нас ёсьць сапраўдная Сьвятая Праваслаўная вера і Гасподзь паказаў праўдзівы жыцьцёвы шлях. Дык пойдзем гэтым шляхам, не спакушаючыся дарамі злога. Будзем любіць сваю зямную Айчыну і абараняць яе, каб зрабіцца годнымі Айчыны Нябеснай. Амін.


СЬВЯТАЯ ЛІТУРГІЯ Ў ДЗЕНЬ БЕЛАРУСКАЙ ВАЙСКОВАЙ СЛАВЫ

Сёньня, 8 верасьня, праваслаўныя беларусы Ўкраіны малітоўна ўшанавалі беларускіх герояў. Сьвятыя Літургія прайшлі ў Ужгарадзе, Львове і Луцку.

У Львове, нягледзячы на працоўны дзень, больш за 30 беларускіх патрыётаў, іх украінскіх родзічаў і сяброў сабраліся ў храм на Сьвятую Літургію. У часе літургіі, зьдзейсьненае на беларускае мове, казаньня зь нагоды сьвята прамовіў пратаярэй Сяргей Горбік.