Wednesday, April 7, 2010

ДАБРАВЕШЧАНЬНЕ ЎСЯСЬВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ

Усясьвятая Дзева, пасьля Яе ўвядзеньня ў Ерусалімскі храм, засталася ў храме пад апекай клірыкаў і праводзіла час у малітве, чытаньні Сьвятога Пісьма і рукадзельлі. З пераказаў вядома, калі Сьвятой Дзеве споўнілася 15 гадоў, калі па юдэйскім звычаям дзяўчаты бралі шлюб, сьвятары апавясьцілі ёй, што яна ўжо не можа пакідацца далей у храме і мусіць абраць сябе мужа. Дзева адказала ім, што будучы прысьвечаная сваімі бацькамі Богу, Яна жадае назаўсёды застацца цнатлівай. Тады сьвятары вырачылі заручыць Марыю зь набожным старцам з роду Давыда, на імя Іосіф, які мусій абараняць Яе і быць толькі ўяўным Яе мужам. У Назарэце, у доме праведнага Іосіфа, Усясьвятая Дзева не зьмяніла свайго ўзору жыцьця; Яна ўвесь свой час праводзіла ў малітвах, займалася рукадзельлем і чытала сьвятыя кнігі. Дзеля Яе дом Іосіфа быў як храм малітоўны, зь якога Яна нікуды не сыходзіла і ні з кім не размаўляла, толькі зь дачкамі Іосіфа.

У Галілейскі горад Назарэт, у дом Іосіфа да сьвятой Дзевы Марыі ў шосты месяць пасьля зачацьця Яна Хрысьціцеля, быў пасланы Архіанёл Гаўрыіл. “Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: радуйся, Дабрадатная! Гасподзь з Табою; дабраславёная Ты сярод жанчын. А Яна, угледзеўшы яго, сумелася ад словаў ягоных і разважала, што б гэта было за вітаньне. І сказаў Ёй анёл: ня бойся, Марыя, бо Ты здабыла мілату ў Бога; і вось, зачнеш ва ўлоньні, і народзіш Сына, і дасі Яму імя: Ісус; Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Усявышняга; і дасьць Яму Гасподзь Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага; і будзе валадарыць над домам Якава вечна, і Царству Ягонаму ня будзе канца. А Марыя сказала анёлу: як будзе гэта, калі Я мужа ня знаю? Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Сьвяты сыдзе на Цябе, і сіла Усявышняга ахіне Цябе; таму і народжанае Сьвятое назавецца Сынам Божым; вось, і Елізавета, сваячка Твая, называная няплоднаю, і яна зачала сына ў старасьці сваёй, і ёй ужо шосты месяц; бо ў Бога не застанецца бясьсілым ніякае слова. Тады Марыя сказала: вось, раба Гасподняя; хай будзе Мне паводле слова твайго. І адыйшоў ад Яе анёл.” (Лк. 1:28–38) А Сьвятая Дзевай пайшла да родзічкі сваёй Елізаветы. Елізавета сустрэла Яе такімі словамі: “Дабраславёная Ты сярод жанчын, і дабраславёны плод улоньня Твайго!” (Лк. 1:42)

У адказ на словы Елізаветы, Марыя прамовіла: “Праслаўляе душа Мая Госпада, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцу Маім, што дагледзеў Ён пакорлівасьць рабы Сваёй; бо ад сёньня будуць шчасьціць Мяне ўсе роды, бо ўчыніў Мне веліч Магутны і сьвятое імя Ягонае, і ласка Ягоная ў роды родаў да тых, што баяцца Яго.” (Лк. 1:46–50)

Сьвяткаваньне Дабравешчаньня Усьясьвятой Багародзіцы адбывалася ад самага пачатку стварэньня Хрысьціянскай Царквы. У Назарэце, на тым самым месцы, дзе Архіанёл дабравесьціў Дзеве Марыі, пабудаваны храм у памяць Дабравешчаньня Багародзіцы.

Сьвятыя айцы Царквы ў сваіх працах тлумачаць і тое, чаму Сын Божы ўвасобіўся ва ўлоньні Дзевы Марыі ў дзень 25 сакавіка: Бо Бог стварыў чалавека менавіта ў дзень 25 сакавіка, і таму Бог паслаў Архіанёла Гаўрыіла менавіта ў гэты дзень Дабавесьціць Дзеве Марыі.

У V ст. Анатоль Канстантынопальскі, у VІІ – Андрэй Ерусалімскі, у VІІІ – сьв. Дамаскін, у ІХ – Феафан і іншыя напісалі шмат славячых песьняў у гонар Дабравешчаньня Багародзіцы, якімі і да сёньня Царква праслаўляе гэтую падзею.

Шосты Сусьветны Сабор, які адбыўся ў 691 годзе, 52–м правілам вызначыў не служыць у сьвята Дабравешчаньня, на які б дзень Вялікага Посту ён не падпаў, літургіі Раней Асьвячоных Дароў, падкрэсьліваючы гэтым веліч сьвята.

Трапар сьвята, тон 4

У гэты дзень выратаваньня нашага пачатак / і адвечнай таяміцы зьява: / Сын Божы Сынам Дзевы робіцца / і Гаўрыіл аб мілаце дабравесьціць. / Таму і мы зь ім Багародзіцы сусьпяваем: / “Радуйся, Дабрадатная, Гасподзь з Табою!”


ВЕЛІКОДНАЕ ПАСЛАНЬНЕ АРХІЯПІСКАПА АФАНАСІЯ (МАРТOСА)

У беларускае царкоўнае гісторыі было агульна прынята лічыць, што пасьля пераходу япіскапату Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы ваеннага часу ў РПЦЗ, усе ягоныя кантакты зь дзеячамі беларускага нацыянальнага руху былі спынены. Але сёньня высьвятляецца – гэта далёка не так. Некаторыя ўладыкі, найперш архіяпіскап Філафей (Нарко) і архіяпіскап Афанасій (Мартос) працягвалі шчыльныя кантакты і супрацоўніцтва зь найбольш радыкальнымі прадстаўнікамі беларускага вызваленчага руху: Дз. Касмовічам і Р. Астроўскім. Уладыкі бралі чынны ўдзел у шэрагу канфэрэнцый і нарад беларускіх змагарных арганізацый і нават клапаціліся аб духоўных патрэбах беларускай палітычнае эміграцыі. Так, па сьведчаньню былых беларускіх партызан у Аргентыне, архіяпіскап Афанасій, нягледзячы на супраціў расейскай эміграцыі і кіраўніцтва РПЦЗ, стала клапаціўся і дапамагаў беларускім эмігрантам – удзельнікам узброяннага змаганьня. Штогод, апрача афіцыйнага Велікоднага пасланьня, уладыка Афанасій зьбіраў беларускіх вэтэранаў і зьвяртаўся да іх зь адмысловым пасланьнем на беларускае мове. Адно з падобных пасланьняў, дасланых нашым вэтэранам зь Аргентыны, мы сёньня публікуем на старонцы “Беларускай Аўтакефаліі”.

“Беларуская Аўтакефалія”

P.S. На здымку, зробленым у часе нарады вайсковых адзінак Беларускай Цэнтральнае Рады 08 – 14 чэрвеня 1967 (ЗША, Норт Кантон, Агаё), (ад левага боку да правага) арх. Філафей, Прэзыдэнт БЦР Радаслаў Астроўскі і арх. Афанасій.

Хрыстос Уваскрэс

Усё расьліны ў прыродзе зь надыходам вясны штогод ажываюць і абнаўляюцца. Таксама бывае і з чалавекам. Але ён — вышэйшае тварэньне Боскае, у якое Творца яго удыхнуў Дух Свой. Чалавек ажывае не раз у год, як усе бязмоўныя стварэньні, але гэтулькі разоў, колькі ён спавядаецца і прычашчаецца Сьвятога Прычасьця. Ён ажывае і перараджаецца для новага набожнага жыцьця ў Хрысьце і з Хрыстом. Сьвятое Прычасьце — гэтае найбольшая Таямніца Боская, гэта — Таямніца з Таямніц. Сьвятое Прычасьце Цела і Крыві Хрыстовых цалкам перараджае чалавека і набліжае яго да Госпада. Праз Прычасьце Бог робіцца нашым Айцом Нябесным, а мы Яго дзецьмі. Прычасьце асьвячае чалавека. У Вялікім пасту праваслаўныя вернікі чысьцяцца ад грахоў сваіх у таямніцы споведзі, абнаўляюцца ў таямніцы Сьвятога Прычасьця. І пасьля гэтага, адроджаныя духоўна яны радасна сустракаюць Уваскрэсеньне Хрыстова. Уваскрэсеньне зь мёртвых Госпада нашага Ісуса Хрыста — гэтая падмурак нашай веры, гэта той непарушны падмурак, на якім стаіць Хрысьціянства. “Калі Хрыстос не ўваскрэс, дык і пропаведзь нашая марная, марная і вера ваша.” (1 Кар 15:14) Але вера наша не марная, работа наша хрысьціянская не марная. “Хрыстос уваскрэс зь мёртвых, першынец з памерлых.” – Кажа той жа Апостал (1 Кар. 15:20). У гэтым асноўны догмат нашай праваслаўнае веры. Мы глыбока веруем і ведаем, што “Хрыстос уваскрэс зь мёртвых славаю Айца” (Рым. 6:4), што Ісуса “Бог уваскрэсіў зь мёртвых” (Дзеі. 3:15; 4:10). А ў гэтым падмурак нашай веры і мы ў Велікодную ноч радасна і весела сьпяшаемся паведаць адзін аднаму аб найбольшым у нашым жыцьці і найбольш важным у нашае веры.

Хрыстос Уваскрэс!

І хто верыць у Уваскрэсеньне Хрыстова, той паўнавартасны чалавек. Хто усім сэрцам верыць ва Уваскрэсеньне Хрыста, той праўдзівы хрысьціянін праваслаўны, а праз сваю веру становіцца дзіцем Божым. Хто усёй душой успрымае Таямніцу Прычасьця і Таямніцу Уваскрэсеньня Хрыста, для таго Бог ёсьць праўдзівы Айцец. А хто не верыць, той як сухое дрэва пры дарозе — яго сьсякаюць і спальваюць на агні. Хто не верыць, той як пусты арэх, якога усё выкідваюць, як шалупіну. Хто не верыць і не бярэ прычасьце, той не паўнавартасны чалавек і радасьці Уваскрэсеньня Хрыста ён не адчувае. Хрыстос Уваскрэс — уваскрэсьнем і мы разам зь Ім! Уваскрэсьнем для новага жыцьця, для жыцьця набожнага і дабрадзейнага, для жыцьця хрысьціянскага і радаснага, для жыцьця, напоўненага любові і радасьці аб Хрысьце Ісусе. А падстава усяму гэтаму — радаснае і велічнае: Хрыстос Уваскрэс! Радасным “Хрыстос Уваскрэс” прывітае усё духавенства і усіх багалюбівых праваслаўных дзяцей зямлі беларускай у замежжы.

+ архіяпіскап Афанасій.

Травень 1958 л.Б