Праўду,
праўду кажу вам: хто слухае слова Маё і верыць у Таго, Хто паслаў Мяне, мае
жыцьцё вечнае, і на суд ня прыходзіць, а перайшоў ад сьмерці ў жыцьцё. Праўду,
праўду кажу вам: настае час, і настаў ужо, калі мёртвыя пачуюць голас Сына
Божага і пачуўшы, ажывуць. Бо як Айцец мае жыцьцё ў Самім Сабе, так і Сыну даў
мець жыцьцё ў Самім Сабе; і даў яму ўладу правіць і суд, бо Ён ёсьць Сын
Чалавечы. Ня зьдзіўляйцеся з гэтага: бо настае час, калі ўсе, хто ў магілах,
пачуюць голас Сына Божага, і выйдуць тыя, што тварылі дабро на ўваскрэсеньне
жыцьця, а што ліха чынілі - на ўваскрэсеньне асуды. Я нічога не магу тварыць
Сам ад Сябе. Як чую, так і суджу, і суд Мой справядлівы, бо ня шукаю Маёй волі,
а волі Айца, Які паслаў Мяне
Ян. 5:24 - 30
Слава Ісусу Хрысту!
Упадабаныя браты і сёстры!
Сёньня наша Сьвятая Праваслаўная Царква сабрала нас
для таго, каб усе мы зьдзейсьнілі шчырую малітву аб усіх памерлых бацькоў, братоў,
маці і сясьцёр нашых. Гэты дзень зьяўляецца памінальнай суботай і не выпадкова менавіта
ў суботу Царква заклікае нас на малітву усіх памерлых праваслаўных хрысьціян. Менавіта
ў суботу Гасподзь і Збаўца наш Ісус Хрыстос нежывым Сваім целам знаходзіўся ў труне.
Але гэты суботні дзень таксама называецца бацькоўскім днём, таму молячыся за спачын
таго ці іншага чалавека, перш за усё, мы успамінаем нашых бацькоў, якія далі нам
жыцьцё і выхавалі нас, пра якіх мы памятаем і аб якіх мы молімся, узносячы старанныя
малітвы Госпаду аб тым, каб Ён дараваў ім і падаў ім Сваё Нябеснае Бясконцае Дабрашчаснае
Царства.