Sunday, September 18, 2011

ЗВЫШГОДНЫ МУЧАНІК АПАНАС, ІГУМЭН БЕРАСЬЦЕЙСКІ

Памяць 5 верасьня
О, калі б правільна былі ўзважаныя мае енкі, і разам зь імі паклалі на шалі пакуту маю! Яна пэўна пераважыла б пясок марскі!” (Ёв 6:2-3) — мог бы згадаць словы шматпакутнага Ёва звышгодны мучанік Апанас, ігумен Берасьцейскі, які змагаўся мячом духоўным за праваслаўную веру, гнаны і забіты адрачэнцамі, сынамі хлусьні.
Вялебны пакутнік Апанас нарадзіўся каля 1595-1600 года ў небагатай праваслаўнай сям'і, верагодна, зьбяднелага шляхціча (мяркуючы па тым, што служыў будучы ігумен настаўнікам пры двары магната). Магчыма, ён быў з сям'і гарадскога рамесніка - як сам на тое паказвае ў мемуарах, называючы сябе “нендзым Человеком, простым, гарбарчиком, калугером убогим. Як у нас часта бывае, у нас няма зьвестак ні аб месцы нараджэньня, ні аб сьвецкім імені сьвятога; невядома таксама, чым зьяўляецца імя “Піліпавіч” – прозьвішчам альбо імям па бацьку.