Sunday, March 28, 2010

УВАХОД ГОСПАДА Ў ЕРУСАЛІМ. ВЕРБНІЦА.

У апошнюю нядзелю Вялікага Посту сьвяткуем урачысты уваход Ісуса Хрыста ў Ерусалім. А на пярэдадню, у суботу, вялікі цуд зьдзейсьніў Гасподзь у Віфаніі – уваскрэсіў Лазара, які ўжо чатыры дня ляжаў у магіле. Большасьць людзей ведала і паверыла ў цуд і чакалі прыходу Ягонага ў Ерусалім да сьвята Пасхі. Кіраўнікі юдэйскія, фарысэі і кніжнікі, напоўненыя злосьцю і зайздрасьцю, вырашылі забіць Ісуса Хрыста. Яны выдалі загад паведаміць ім, калі Ён прыйдзе ў Ерусалім.

Ведаючы, якая доля чакае Яго ў Ерусаліме, Гасподзь сказаў сваім вучням, што хутка пачнуцца ягоныя пакуты. Ён разам зь вучнямі вырушыў у Ерусалім на сьвята Пасхі. Наблізіўшыся да горада, дзе, як Ён ведаў, Яго чакалі пакуты і сьмерць, Гасподзь сказаў двум сваім вучням: “Ідзіце ў селішча, што насупраць; увайшоўшы ў яго, знайдзеце маладога асла прывязанага, на якога ніхто зь людзей ніколі не садзіўся; адвязаўшы яго, прывядзеце; і калі хто спытаецца ў вас: навошта адвязваеце?, скажэце яму так: ён патрэбен Госпаду.” (Лк. 19:30–31)

Яны выканалі Ягоную просьбу і прывялі Яму асьляня. Накінуўшы сваю вопратку на асьляня, пасадзілі на яго Ісуса. Яго сустрачала шмат народу. Людзі з пальмавымі галінамі выйшлі да Яго і віталі “Дабраславёны Цар, Які ідзе ў імя Гасподняе! Мір на нябёсах і слава ў вышынях!” (Лк. 19:38)

Як вядома, конь ёсьць сымбалем вайны, бо калісьці на вайну ваяры вырушалі на конях, а асьляня ёсьць сымбалем міру, бо ён занадта павольны і прыдатны толькі дзеля працы ў мірныя часы. Калі цар павяртаўся зь вайсковага паходу, то звычайна ехаў на кані. Юдэі чакалі цара–заваёўніка, але Хрыстос уехаў у Ерусалім вярхом на асьле, мірнай жывёліне. І ўся пропаведзь Ісуса Хрыста была аб царстве міру на зямлі.

Людзі лічылі, што Ісус Хрыстос крочыць у Ерусалім, каб зрабіцца царом, таму і сустракалі Яго выгукамі, якімі заўсёды вітаюць цароў. “І калі наблізіўся да горада, дык, гледзячы на яго, заплакаў па імі сказаў: о, калі б і ты хоць бы ў гэты твой дзень уведаў, што служыць міру твайму! але гэта схавана сёньня ад вачэй тваіх; бо прыйдуць на цябе дні, калі ворагі твае абложаць цябе акопамі, і акружаць цябе, і сьціснуць цябе адусюль, і зруйнуюць цябе, і заб'юць дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць у табе каменя на камені, за тое, што ты не даведаўся часу адведзінаў тваіх.

І ўвайшоўшы ў храм, пачаў выганяць тых, што прадавалі ў ім, і тых, што куплялі, кажучы ім: напісана: “дом Мой ёсьць дом малітвы: а вы зрабілі зь яго логва разбойнікаў” І вучыў кожны дзень у храме. А першасьвятары і кніжнікі і старэйшыны народу намышлялі загубіць Яго, і не знаходзілі, што б зрабіць зь Ім, бо ўвесь народ неадступна слухаў Яго.” (Лк. 19:41–48)

У дзень слаўнага ўваходу Ісуса ў Ерусалім мы сьвяткуем Вербную нядзелю, у якую асьвячаюць у царкве галіны зь лазы альбо вербы і раздаюць людзям.

Трапар сьвята, тон 1

Аб агульным ўваскрашэньні / раней Тваёй пакуты сьведчачы, / зь мёртвых узьвёў Ты Лазара, Хрыстос Бог. / Таму і мы, як дзеці, трымаючы знакі перамогі, / Табе Пераможцу сьмерці клічам: / “Слава ў вышынях, / дабраслаўлёны Крочачы ў імя Госпада!”


Thursday, March 25, 2010

ДЗЕНЬ ВОЛІ

Беларусь нарадзіла нас і тут Радзіма наша, ёй прысьвячаем сьпеў наш і працу нашу.

Іх таксама прысьвяціў цар Давыд Госпаду, разам са срэбрам і золатам, якое прысьвяціў з адабранага ва ўсіх упакораных ім народаў.

Зямлю нашу і скарбы нашы, што Госпадам дадзены, павернем сябе яе Давыд у старажытнасьці павярнуў.

Ад Сірыйцаў і Маавіцянаў, і Аманіцянаў і Філістымлянаў і Амалікіцянаў, і з адабранага ў Адраазара, сына Рэхавага, цара Суўскага.

Перамагаючы ворагаў – здабываем мір Бацькаўшчыне. Бо здабываньня вольнасьці апяваюцца ва ўсе стагодзьдзя.

І зрабіў Давід сабе імя, вяртаючыся з разгрому васямнаццаці тысяч Сірыйцаў у даліне Салёнай.

А калі вораг аточыць нас, і надзея пачне сыходзіць, зьвернемся да Бога і выгукнем:

Мацуйцеся! І выявімся моцнымы змагарамі за народ наш і гарады Бога нашага. Госпад жа зробіць тое, што да спадобы яму.

Паўстанем разам за Вольнасьць Беларускую ды зьгіне жаль і страх з сэрцаў нашых.

Бо лепш нам у баі загінуць, чым глядзець на зьнявагу народа нашага і сьвятыняў нашых.

Хваліліся ворагі колькасьцю сваёй і зброяй жалезнай, але адпавядалі шыхты беларускія:

Хай ня будзе таго, каб так рабіць – ад іх цякаць! Калі надышла гадзіна дзеля нас, памрём як храбрыя за братоў нашых і недамо забрудніць славы нашай!

Трымціце ворагі і хавайцеся, бо выйшаў на бой Змагар Беларускі.

Ён пашырыў славу народа свайго, апрануў, нябыта волат, на сябе браню, апаясаўся ваярскай зброяй і распачаў змаганьня, каб мячом абараніць народ свой.

На шчыце ягоным зьзяў сьветласьцю Крыж Госпада, а Перамога было імя ягонае.

У подзьвігах сваіх на льва быў падобны, нябыта леў, што рыкае на здабычу.

На кані, што бялей сьнегу і сьвятлей сонца. З мячом узьнятым рукой моцнай.

Гнаў беззаконных, знаходзячы іх паўсюль, зьнішчаў ворагаў народа свайго.

Бо калі справа сьвятая – Госпад з намі. Калі Бог з намі – хто выстаіць супраць нас?

Беглі беззаконныя, яко спужаўшыся; усе, хто крыўды чыніў, жахнуліся, бо праз яго воля прыйшла.

Непераможная прага волі Змагара Беларускага.

Ён уразіў шмат цароў, подзьвігамі сваімі ўзрадаваў Якава. Памяць ягоная заўсёды будзе дабраслаўлёнай.

І казалі людзі аб дзеях ягоных словамі Макавейскімі:

Ён прабёг праз усе гарады Юдэі і зьнішчыў у іх ворага, адвярнуў гнеў ад Ізраіля.

Зазьзяла воляй Беларусь сьвятая, шчасьця прышло народу яе праз Змагара Непераможнага.

Слава аб ім распаўсюдзілася аж да канцоў сусьвету, і згуртаваў ён загубленых.

Ад гадзіны той апявае народ наш дабрыню Госпада.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Малітва за беларускі народ

Уладару неба й зямлі, прадвечны Божа!

Ласка Твая да нябёсаў, а праўда над воблакі! Ты ўвесь сусьвет стварыў і Духам сьвятым усё прасьвятляеш, ажыўляеш і мацуеш. А людзкі род так палюбіў, што Свайго Сына адзінароднага на зямлю паслаў, каб усе, што ўвераць у Яго, зрабілася дзяцьмі Тваімі, удзельнікамі Твайго нябеснага ўладарства.

Мы, дзеці Беларускага Народу, стараліся выконваць волю Тваю й запаветы Твае, у шчырай пакоры просім Цябе, выбач нам сьвядомыя й несьвядомыя правіны нашы. Сьцеражы нас ад усялякіх спакусаў, пашлі нам еднасьць, згоду й паразуменьня. Умацуй Сьвятым Духам Тваім зьняволеных братоў і сёстраў нашых – працай абцяжараных, і тых, хто ў вязьніцах пакутуе. Дабраслаў нашае сьвятарства і дабраслаў працу сялянства, работнікаў, настаўнікаў, пісьменьнікаў, вучоных, каб наш народ мог разумна й добра жыць і Цябе, Айца нашага нябеснага, увесь час славіць.

Асьвяці наш розум сьвятлом Твайго Дабравесьця, каб мы, як анёлы нябесныя, заўсёды былі з Табою. Пашлі Беларускаму народу слугаў Сваіх, якія пабожным жыцьцём і дзейнасьцю вялі б наш народ да лепшае долі. Пашлі нам, Госпад, дар Духа Сьвятога, каб мы сталіся народам сьвятым і свае пасланства выканалі, і Табе, спрадвечнаму Ўладару й Богу нашаму, у Сьвятой Тройцы адзінаму: вернасьць, падзяку, любасьць і славу аддавалі: Богу Айцу, і Богу Сыну, і Богу Духу Сьвятому, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.


Tuesday, March 23, 2010

ПАРАСТАС Ў ПАМЯЦЬ АХВЯР АГРЭСІІ НАТА Ў 1999 ГОДЗЕ

Яго Сьвятасьць Патрыярх Сэрбскі Ірыней адслужыць у сераду, 24 сакавіка 2010 г. у 12 гадзіне дня, у храме Сьвятога Марка ў Белгарадзе парастас аб усіх пацярпеўшых ад агрэсіі НАТА ў Сэрбіі і Чарнагорыі.

Нагадаем, што 24 сакавіка 1999 г. каля 20—й гадзіны пачалася паветраная атака на вайсковыя і цывільныя установы тагачаснай саюзнай дзяржавы Сэрбіі і Чарнагорыі. У часе агрэсіі было разбурана шмат праваслаўных цэркваў і манастыроў, шпіталяў, устаноў культуры.

Страты сярод мірнага праваслаўнага насельніцтва Сэрбіі склалі больш за 2500 забітых і 5000 параненых. Зь дапамогай заходніх “дэмакратаў”, албанцамі—мусульманамі з Косава было выгнана больш 200.000 тысяч праваслаўных.

Па матэрыялах:

http://://www.spc.rs/sr/parastos_postradalima_u_nato_agresiji_1999

ПАМЁР ІГУМЕН СЭРБСКАГА ХІЛАНДАРСКАГА МАНАСТЫРА НА СЬВЯТОЙ ГАРЫ АФОН АРХІМАНДРЫТ МАЙСЕЙ.

21 сакавіка на 87—м годзе жыцьця памёр ігумен Хіландарскага манастыра на Сьвятой Гары Афон архімандрыт Майсей.

Дабрашчасны айцец Майсей (у сьвеце Станіслаў Жарковіч) нарадзіўся 10 лютага 1923 г. у вёсцы Камяніцы каля горада Валёва ў Сэрбіі ў набожнай сям’і Сьвятлазара і Зоркі.

На ягонае духоўнае жыцьцё моцна паўплывала асоба сьвяціцеля Мікалая (Вяліміравіча).

Прад Другой сусьветнай вайной Станіслаў прыйшоў у манастыр Жыча і зрабіўся паслушнікам. У 1947 г. ён прыняў манаскі пострыг, а на Каляды 1949 г. быў рукапакладзены ў сьвятара.

У брацію манастыра Хіландар ён быў прыняты ў 1964 г., а ў 1986 г. стаў сябрам манастырскага Сьвятога сабора. Перад абраньнем на ігумена і зьдзяйсьняў послух антыпросопа прадстаўніка манастыра ў Сьвятым брацтве Сьвятой Гары.

24 лістапада 1992 г. быў абраны ігуменам. Урачысты ўздым на старажытны хіландарскі ігуменскі трон і прыняцьце духоўнага кіраўніцтва братамі адбылося на наступны дзень пасьля манастырскай славы сьвята Уводзін Усясьвятой Багародзіцы ў Храм, 5 сьнежня 1992 г.

Айцец Майсей шмат сіл прыклаў для абнаўленьня манастыра. На час, калі ён зьдзяйсьняў сваё служэньня ігуменам прыпала сьвята 800годзьдзе заснаваньня Хіландару.

У 90я гады ён выгадаваў цэлае пакаленьне манахаў, сьцьвярджаючы іх сваёй пакорнасьцю і асабістым прыкладам манастырскага жыцьця. Ён быў вядомы сваім добрым норавам і любоўю да усіх і быў паважаны не толькі манастырскімі братамі, але і усім афонскім манаствам. За свае 63 гады манаскага жыцьця праславіўся як ціхі і сьціплы манах, паглыблены ў малітву, і як выбітны знаўца набажэнства і Статуту. Сьвятагорскія старцы часта прыводзілі ігумена Майсея ў якасьці прыкладу пакоры і рэўнасьці аб богаслужбе.

Сьвятагорскае брацтва блізка зь ім пазнаёмілася падчас выкананьня ім паслухмянства антыпросопа ў конаке ў Карэе, калі ён удзельнічаў у кожным богаслужэньні. І ужо падчас старасьці, носячы на грудзі ігуменскі крыж, а на плячах адказнасьць за духоўных дзяцей, нягледзячы на якое пахіснулася здароўе ён заўсёды быў першым на богаслужэньні.

За 18 гадоў яго кіраўніцтва манастыр Хіландар перажыў адраджэньне і павелічэньне ліку браціі, якога не ведаў яшчэ ў новай гісторыі. Асабліва яго любілі працаўнікі, якія працавалі на узнаўленьні Хіландару пасьля пажару 2004 г., зрабіўшагася адным зь найцяжкіх спакус падчас ягонага ігуменства.

Госпад дазволіў айцу Майсею убачыць уваскрэсеньне адноўленага Хіландару, як і некалі Майсея дабраславіў на гары Няво убачыць Зямлю Запаветную і пасьля зь мірам аддаць свой дух. Падобна і хіландарскій ігумен Майсей аддаў дух свой у рукі Госпаду ў 5ю нядзелю Вялікага посту.

Пахаваньне архімандрыта Майсея адбылося ў панядзелак, 22 сакавіка, у манастыры Хіландар.

Вечная памяць!


Sunday, March 21, 2010

СЛОВА Ў ПЯТУЮ НЯДЗЕЛЮ ВЯЛІКАГА ПОСТУ

архіяпіскап Лука (Война –Ясянецкі)

Ведаем мы з кнігі Быцьця, што стварыў Бог чалавека па вобразу Свайму і па падабенстве (Быць. 1:26).

Ведаем таксама, што стварыў яго Гасподзь “з пылу зямнога і ўдыхнуў у твар ягоны дыханьне жыцьця, і зрабіўся чалавек душою жывою.” (Быць. 2:7)

Такім чынам, дух і душа чалавека маюць свой пачатак у Духу Божым і таму здольныя да зносін зь Ім. Гэта запомніце.

У дзень Дабравешчаньні Найсьвяцейшай Багародзіцы, чуеце вы ад нас, што пасьля сходу на Яе Усясьвятога Духу гарэла Усясьвятая Дзева Марыя Боскім агнём і не згарала, падобна неапалімаму кусту, які бачыў вялікі Майсей у пустэльні.

Гэта быў найвялікшы прыклад успрыманьня чалавекам Духа Сьвятога. І асьвяціў Сьвяты Дух Яе чалавечую існасьць найвышэй Анёлаў і Арханёлаў, Сэрафімаў і Хэрувімаў.

Ніхто зь іншых людзей ніколі не быў у такіх блізкіх зносінах зь Духам Божы, як Усясьвятая Дзева Марыя.

Але не толькі ў гэтай выключнай форме нашэсьця агню Боскага магчымы зносіны духу чалавечага зь Духам Божым; яно, як правіла, адбываецца інакш, у форме узрушаючага узьдзеяньня Духу Божага на дух чалавечы, як бачным мы гэта ў жыцьцях сьвятых і першым чынам у дзівосным жыцьці звышгоднай Марыі Эгіпэцкай, добрай памяці якой прысьвечаны пяты тыдзень Вялікага посту. Аб яе жыцьця, падобнага жыцьцю анёльскаму, вы ужо шмат раз чулі ад нас, пастыраў вашых. Не буду стамляць вас паўторам.

У пяшчоце і раскошы, жыцьцём, поўным граху і распусты, жыла ў Эгіпце гэтая зьзяючая маладая прыгажуня, не падумваючы аб вялікім брудзе сваім. Але Усёведаючаму Богу было вядома, якой бяздоннай была глыбіня яе сэрца і на якія подзьвігі зносін зь Духам Божым была здольная яна.

І Ён, не жадаючы сьмерці грэшніка, спыніў Марыю на яе згубным шляху раптоўным магутным узрушэньнем яе душы.

Яна разам зь натоўпам народа жадала увайсьці ў Іерусалімскі храм у дзень Узьняцьця Крыжа Госпада, але далей створкі ступіць не магла, бо нейкая невядомая сіла адштурхвала яе ад дзьвярэй храму, калі спрабавала яна увайсьці. Прад духоўнымі вачамі Марыі раптам паўстаў агідны бруд яе жыцьця ў Эгіпце; яна здрыганулася усёй істотай сваім і з палымянай малітвай зьвярнулася да Усясьвятой Багародзіцы, абраз якой вісеў над дзьвярамі храма.

Усясьвятая Багародзіца удастоіла яе адказу: “Ідзі за Ярдан, і тамака знойдзеш супакой душы тваёй”.

Вольна увайшла пасьля гэтага Марыя ў храм і з палымянай любоўю пацалавала крыж Выратавальніка свайго Госпада Ісуса Хрыста.

Наступнае 47-гадовае жыцьцё Марыі ў Заярданской пустэльні была суцэльным шэрагам дзівосных узьдзеяньняў Духу Сьвятога на яе душу і цела.

Але немагчыма ў адной пропаведзі асягнуць усю глыбіню яе няспынных зносін зь Духам Божым, якім дасягнула яна ужо ў целы, у гэтым зямным жыцьці, вялікай блізкасьці, калі нават не роўнасьці з бесьцялеснымі сіламі нябеснымі.

Скажу толькі, што прамыя узьдзеяньні Духу Сьвятога на душу чалавечую ў большай або меншай ступені выпрабоўвалі не толькі вялікія сьвятыя, але часта перажываем іх і мы, радавыя і нават слабыя хрысьціяне. І нас, падобна Марыі Эгіпэцкай, спыняе Гасподзь Бог на крывых і грахоўных шляхах нашага жыцьця вельмі рознымі узрушэньнямі душы нашай.

Як часта, як нечакана бурацца самавольна пабудаваныя намі па нашых уласных пляна і жаданьням будынкі жыцьця нашага, калі будуем мы іх, кіруючыся запалам і жаданьнямі сваімі, а не па запаведзях Выратавальніка нашага Ісуса Хрыста!

Як часта пасланая Богам цяжкая хвароба прымушае нас спыніцца ў імкненьні дасягнуць высокага грамадзкага становішча, багацьця альбо славы зямной.

Будзем жа памятаць, якія неацэнныя духоўныя выгоды атрымала звышгодная Марыя Эгіпэцкая пасьля таго, як спыніў яе Хрыстос Бог на яе згубным шляху.

Да усяго цяжкага і нечаканага, што прыходзіцца нам перажываць, будзем ставіцца з глыбокай пакорай волі Боскай, а не з грахоўным нараканьнем на Бога, які ратуе нас. Амін.


Friday, March 19, 2010

ПАМЁР СЬВЯТАР БЕЛАРУСКАЕ АЎТАКЕФАЛЬНАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЫ

У Мэльбурне (Аўстралія) 18 сакавіка памёр беларускі праваслаўны сьвятар Аляксандр Кулакоўскі. Ён не дажыў сем дзён да 25 сакавіка — свайго 85‑га дня нараджэньня.

Аляксандр Кулакоўскі нарадзіўся 25 сакавіка 1925 г. у в. Тулічава на Наваградчыне (тады Заходняя Беларусь, Польшча) у сялянскай сям’і Рыгора і Сьцефаніды Кулакоўскіх. У сям’і было пяцёра дзяцей, і усе — браты (Мікалай, Адам, Рыгор, Уладзімір). Аляксандр быў сярэднім.

У 1942 г. Тулічава спалілі немцы ў часе карнай акцыі. Гэта была помста ў адказ на тэракт савецкіх партызанаў.

Кулакоўскі перабраўся ў Менск, адкуль у 1944 г. выехаў на Захад. Немцы адправілі яго пад самую французскую мяжу рыць бункеры. Па сканчэньні вайны апынуўся ў беларускім лягеры ў Остэргофэне, дзе вучыўся ў беларускай гімназіі. Потым вучыўся ужо ў Пасаў і ў Нюрнбэргу ў нямецкіх прафэсійных вучэльнях, здабыў адукацыю, што моцна прыдалося пасьля пераезду ў Аўстралію.

У гэтай краіне працаваў токарам, зьбіраў заводзкія станкі. На пэнсію выйшаў, працуючы на пошце.

Амаль адразу па прыезду ў Мэльбурн далучыўся да беларускага грамадзкага руху, чым і займаўся ў вольны час.

У 1953 г. Аляксандр Кулакоўскі ажаніўся з Раісай Борстак. Выхаваў двух дачок — Ірэну і Веру. Адна працуе настаўніцай, другая займаецца бізнэсам.

У 1958 г. а. Мадэст (Яцкевіч) заснаваў у у Мэльбурне парафію БАПЦ імя Трох Віленскіх Пакутнікаў. Кулакоўскі напачатку кіраваў царкоўным хорам, а ў 1963 г. у Нью‑Ёрку быў высьвячаны на дыякана, а потым атрымаў і сьвятарскую хіратонію.

Пасьля адыходу а. Мадэста з парафіі і стаў настаяцелем парафіі Трох Віленскіх Пакутнікаў.

Пры ім было заснавана дабрачыннае Сястрыцтва , жаночы сьвецкі хор “Каліна”, які існуе і дагэтуль, а ў 1981 г. з ініцыятывы айца Кулакоўскага куплены новы будынак для царквы.

Айцец Аляксандр Кулакоўскі таксама быў ініцыятарам набыцьця дзялянкі пад беларускія пахаваньні на гарадзкіх могілках Фоўкнэр у Мэльбурне.

Вечная памяць!

http://www.nn.by/index.php?c=ar&i=36353&c2=araddcompa

СУДЗІ СТРОГА СЯБЕ, А НЕ БЛІЖНЯГА

“Ня будзем жа болей судзіць адно аднаго, а лепей памяркуйце пра тое, як бы не даваць нагоды спатыкнуцца альбо спакусіцца.”

(Рым. 14:13)

Замест таго, каб увесь час шукаць недахопы і памылкі ў нашых блізкіх і знаходзіць нейкае задавальненьне ў размовах і меркаваньнях аб іх дзеяньнях, нам бы лічыла больш строга сачыць за сабою і імкнуцца пазьбягаць усяго таго, што можа паслужыць спакусай нашым братам. Мы занадта легкадумна ставімся да нашых уласных недахопаў, забываючы, што нашымі неабдуманымі паводзінамі мы не толькі ўводзім ў спакусу малодшых братоў, але і грашым супраць закону, якому мы служым, не выконваючы на справе тых правіл, якія мы вызнаем.

Мы няўмольныя ў абвінавачаньні блізкага і занадта паблажлівыя да саміх сабе. Зьвяртаючы ж погляд наш на сябе, будзем судзіць сябе строга, будзем “ухіляйцеся ад ліхаты ў любым яе выглядзе” (1 Фес. 5:22), і без гучных слоў, адным нашым прыкладам, мы, быць можа, прывядзем да Госпада адышоўшых братоў. Тады усё жыцьцё наша будзе жывой пропаведзьдзю, больш карыснай блізкаму, чым вымовы і угаворваньні.

Асэнсоўваючы заўсёды нашы незьлічоныя парокі і недахопы, мы будзем “у пакорлівай мудрасьці ўважайце адно аднаго вышэй за сябе.” (Плп. 2:3), і падасца нам мілата, што абяцаў Гасподзь: “Бог гордым супрацівіцца, а пакорным дае мілату” (Як. 4:6)


Sunday, March 14, 2010

ЗВЫШГОДНЫ ЯН ЛЕСЬВІЧНІК

мітрапаліт Антоній (Суражскі)

Пост час пакаяньня, час, калі нашы закамянелыя сэрцы павінны сілай Боскай ператварыцца ў сэрцы жывыя, зь нячулых стаць чулымі, зь ледзяных і цьвёрдых стаць цёплымі і адчыненымі для іншых і для Самога Бога.

Пост гэта час абнаўленьня, калі, як увесну, усё ізноў становіцца новым; калі наша жыцьцё, якое паступова сышло да зьнікненьня, ледзь мігатлівае, зноў ажывае зь сілай, якую Бог можа даць нам, прылучаючы нас да Свайго Сьвятога Духу, робячы нас у Сьвятых Таямніцах і ў прамым дарунку Самога Сябе прычасьнікамі Боскай прыроды.

Гэты час прымірэньня, а прымірэньне гэта радасьць Боская і наша радасьць; гэта новае пачатак.

Сёньня зьдзяйсьняецца памяць сьвятога Яна Лесьвічніка, і я жадаю прачытаць вам некалькі зь ягоных слоў, асабліва значных для таго пэрыяд царкоўнага года, які мы цяпер перажываем: Пакаяньне гэтае наша вяртаньне да Бога, абнаўленьне нашага хросту; гэта подзьвіг, каб абнавіць наш зьвяз з Богам, наша абяцанка зьмяніць сваё жыцьцё. Гэты час, калі мы можам навучыцца пакоры, гэта значыць міру: міру з Богам, міру зь самімі сабой, міру са усім стварэньнем. Пакаяньне нараджаецца ад надзеі і рашучай адмовы ад адчаю. І прыносячы пакаяньне гэта той, які заслугоўвае асуджэньні, але сыходзіць зь стаяньня на судзе без сораму і ганьбы, таму што пакаяньне гэтае наша прымірэньне з Богам. І дасягаецца гэта праз годнае жыцьцё, праз вайну з грахамі, якія мы зьдзяйсьнялі ў мінулым. Пакаяньне гэтае ачышчэньне нашага сумленьня. Пакаяньне гэта гатоўнасьць, без слова нараканьня і ў ператварэньні любоўю, панесьці усякі смутак і усякую боль”.

І калі мы спытаем сябе, як, якім шляхам дасягнуць гэтага, як мы можам адклікацца Богу, Які прымае нас, як айцец прыняў блуднага сына, Богу, Які столькі чакаў нас, з болем, калі мы адпрэчылі Яго, і ніколі не адвярнуўся ад нас як мы можам адклікацца такому Богу? то вось яшчэ кароткі урывак аб малітве: Не выдасканальвайся ў малітоўным красамоўстве; таму што нашага Нябеснага Айца часта цешыць і сарамлівы, няхітры лопат дзяцей. Не кажы шмат слоў, калі размаўляеш з Богам, таму што інакш, адшукваючы словы, ты заблытаесься ў іх. За адно толькі слова Бог памілаваў мытара; адно слова веры выратавала разбойніка на крыжы. Шматслоўе ў малітве расьсейвае розум і напаўняе яго багацьцем выяў. Адзінае жа слова, зьвернутае да Бога, зьбірае розум у Яго прысутнасьці. І калі, калі молісься, якое слова стукнула цябе ў сэрца, дасягнула самых тваіх глыбінь, трымайся гэтага слова, паўтарай яго, бо ў такія хвіліны сам Анёл-ахоўнік моліцца з табой, таму што тады мы праўдзівыя і верныя самім сабе і Богу”.

Пачнём жа памятаць, што кажа сьвяты Ян Лесьвічнік, нават калі забудуцца мае тлумачэньні; станем памятаць яго словы, таму што ён быў чалавекам, які ведаў, што значыць зьвярнуцца да Бога і застацца зь Ім, быць радасьцю для Бога і цешыцца аб Ім. Памяць і асоба сьвятога Яна Лесьвічніка прапаноўваюцца нам цяпер, калі мы узыходзім да гарачых дзён, у прыклад таго, як мілата Божа можа звычайнага, простага чалавека ажыцьцявіць у сьвяцільнік сьвету.

Навучымся ад яго, станем пераймаць ягонаму прыкладу, станем цешыцца аб тым, што Бог можа Сваёй сілай зрабіць з чалавекам; і зь упэўненасьцю, зь надзеяй, з радаснай і разам з гэтым ціхай, звычайнай радасьцю рушым усьлед гэтай радзе прыслухацца да Бога, молячаму нас знайсьці шлях жыцьця і кажучаму нам, што зь Ім, у Ім мы будзем жывыя, таму што Ён ёсьць Ісьціна, але таксама і Шлях, і Жыцьцё вечнае. Амін.


Saturday, March 13, 2010

АФІЦЫЙНА: ВІНШАВАНЬНЕ СЬВЯЦЕЙШАМУ МЯФОДЗІЮ, МІТРАПАЛІТУ КІЕЎСКАМУ І ЎСЁЙ УКРАІНЫ АД АРХІРЭЙСКАГА СЫНОДУ БАПЦ.

Кіраўніку Украінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы Сьвяцейшаму Мяфодзію, мітрапаліту Кіеўскаму і ўсёй Украіны.

Ваша Сьвятасьць!

Архірэйскі Сынод Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, сьвятары і вернікі ад усяго сэрца віншуюць Вас зь днём нараджэньня!

Ваша самаахвярнае служэньне Царкве Хрыстовай і Ўкраінскаму Праваслаўю даўно зьяўляецца ўзорам архірэйскага служэньня. Таму сёньня пажынаеце добрыя плады сваёй цяжкай архіпастырскае працы на пасадзе Кіраўніка УАПЦ. Мы спадзяемся, што хутка пабачым нашых украінскіх праваслаўных братоў у поўнае эўхарыстычнае адзінстве з паўнатой Сусьветнага Праваслаўя. Заўсёды ўзносім за гэта нашы малітвы.

Жадаем Вам добрага здароўя, мужнасьці і цярпеньня ў вашым нялёгкім жыцьці і служэньні!

Шматлікія і добрыя гады Вам, Сьвяцейшы ўладыка Мяфодзій!

Ваш брат у Хрысьце,

+Ёван.

НАШЫ ВІНШАВАНЬНЯ КІРАЎНІКУ УКРАІНСКАЕ АЎТАКЕФАЛЬНАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЫ СЬВЯЦЕЙШАМУ МЯФОДЗІЮ, МІТРАПАЛІТУ КІЕЎСКАМУ І ЎСЁЙ УКРАІНЫ.

11 сакавіка сьвяткуе свой 61 дзень нараджэньня Кіраўнік Украінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы Сьвяцейшы Мяфодзій, мітрапаліт Кіеўскі і ўсёй Украіны.

Вышэйшую духоўную адукацыю атрымаў у Маскоўскай духоўнай сэмінарыі і акадэміі ў Загорску. Сьвятарская хіратонія адбылася ў 1981 г., а архірэйская – у 1995 г. У цяжкія часы расколу, 1 сакавіка 2000 г. уладыка прыняў на сябе цяжкі крыж: ён быў абраны захавальнікам Патрыяршага пасаду Кіеўскай Царквы, а 14 верасьня 2000 г. – абраны Кіраўніком Украінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.

Шмат гадоў, у надзвычайна цяжкіх і патрабуючы поўнае самаахвярнасьці ўмовах, Сьвяцейшы ўладыка плённа працуе на ніве Хрыстовай. І Гасподзь не пакінуў яго: яшчэ ніколі пасьля філарэтаўскага расколу ЎАПЦ не мела такога станоўчага, яскравага і дынамічнага разьвіцьця: як ў кірунку духоўнае дасканаласьці, так і бачнага ўзрастаньня цела царкоўнага. Менавіта дзякуючы руплівай працы Сьвяцейшага Мяфодзія, апошнім часам УАПЦ атрымала рэальную надзею на кананічнае вызнаньне і далучэньне да паўнаты Сусьветнага Праваслаўя.

“Беларуская Аўтакефалія” шчыра вітае Сьвяцейшага Мяфодзія. Мы молімся, каб Гасподзь даў яму здароўя, сіл і шмат гадоў плённай працы на карысьць Царквы Хрыстовай і Ўкраінскага Праваслаўя.

Шмат гадоў Вам, Сьвяцейшы Ўладыка!


Wednesday, March 10, 2010

АНАТОМІЯ ЗДРАДНІЦТВА

Ад рэдакцыі Беларускай Аўтакефаліі

Рэдакцыя сайту “Беларуская Аўтакефалія” заўсёды пазыцыянавала і пазыцыянуе сябе выключна як багаслоўскае, асьветніцкае і рэлігійна-інфармацыйнае выданьне. Мы ніколі не жадалі і не жадаем умешвацца ў розныя асабістыя сваркі і скандалы. Таму, атрымаўшы ў жніўні бягучага году артыкул беларускай журналісткі Алёны Мурашка “Анатомія здрадніцтва”, мы адмовілі аўтару ў публікацыі, бо дзейнічалі па Эвангельскаму запавету “не судзіце і несудзімы будзеце”. Адначасна мы напісалі некалькі лістоў “галаўному герою” – уладыцы Васілю (Касьцюку) зь нагадваньнем аб граху хлусьні, паклёпу і неабгрунтаваных абвінавачаньняў у адрас шэрагу дзеячаў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (як яшчэ жывых, так і спачылых). Але братэрскія заўвагі выклікалі яшчэ большы гнеў і новыя бруі хлусьні зь вуснаў уладыкі Васіля, як у адрас Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, так і асабіста прат.Сяргея Горбіка. Нават угаворваючыя асабістыя лісты мітрапаліта Ёвана (Пуріца), дасланыя фота і дакумэнты не спынілі кіраўніка т.зв. “Беларускага Грэка–Праваслаўнага Руху”. Уся гэтая анціхрысьціянская дзейнасьць выклікала пэўныя запытаньня ў чытачоў “Беларускай Аўтакефаліі”. Таму, па дабраслаўленьню старшыні Сьвяцейшага Сыноду БАПЦ, мітрапаліта Ёвана (Пуріца), рэдакцыя зьвязалася са спадарыняй Алёнай, дала ёй магчымасьць азнаёміцца з шэрагам матэрыялаў і асабіста паразмаўляць зь мітрапалітам. Зь вялікім жалем і болем за свайго брата ва Хрысьці япіскапа Васіля (Касьцюка) мы публікуем гэтыя артыкулы. Прабач нам Госпад!

рэдакцыя “Беларускай Аўтакефаліі”

Анатомія здрадніцтва

Алёна Мурашка

Невялікі лірычны ўступ

Пінск – гэта маленькі правінцыйны беларускі горад. У ім амаль усе ведаюць адзін аднаго: альбо асабіста, альбо праз сяброў і знаёмых. Таму я вельмі зьдзівілася, прачытаўшы на сайце Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (далей – БАПЦ) ў 2004 г., таму, што былы аднаклясьнік маёй знаёмай зрабіўся япіскапам БАПЦ. Віктар Касьцюк, менавіта так звалі да манаскага пострыгу новага япіскапа, ніколі ня быў заўважаны нават ў дробнай прыхільнасьці да беларускасьці. Ён і ягоная маці заўсёды размаўлялі па расейскі, ніколі не наведвалі аніякіх гістарычных альбо краязнаўчых (ня гаворачы ўжо аб палітычных) мерапрыемстваў сьвядомых беларусаў. Да таго ж, як я даведалася, нават у час навучаньня ў Жыровіцкае сэмінарыі Беларускага Экзархату Рускай Праваслаўнай Царквы (далей – БЭ РПЦ) Віктар “дзесятай дарогай” абыходзіў нават тыя дробныя “рэзэрвацыі” беларускасьці БЭ РПЦ, што былі дазволены мітрапалітам Філарэтам (Вахрамеевым). Але ж… чаго не бывае пад сонцам!

Амаль дэтэктыў

Вясной 2005 г. я, наведваючы бацькоў у Пінску, выпадкова даведалася ад сяброўкі: Васіль (Віктар) Касьцюк ужо назаўсёды павярнуўся зь Амэрыкі і стала жыве са сваёй маці… Навіна была настолькі ашаламляльнае, што я кінулася да інтэрнэту ў пошуках інфармацыі. Атрыманыя зьвесткі[i], у рэчышчы ранейшых ведаў аб Віктару Касьцюку, мяне не вельмі зьдзівілі. Але, як журналістка, вырашыла даведацца аб гэтае цёмнае гісторыі больш.

Цікава, але сам уладыка Васіль сустрэчы са мной усяляк унікаў. Зь вялікімі цяжкасьцямі здолела ўгаварыць яго паразмаўляць па тэлефоне. Размова апынулася мала інфармацыйнае: ул. Васіль абвясьціў усіх сяброў Кансысторыі БАПЦ, асабліва сп. Барыса Данілюка, махлярамі, нацыстамі і “паганцамі” і падкрэсьліў, што ён “да сёньня лічыць сябе герархам БАПЦ”. Прышлося заняцца асабістым расьсьледаваньнем і яно дало цікавыя вынікі.

Па сьведчаньню беларускае эміграцыі ў ЗША, ліставаньне зь ерадыяканам Васілём пачалося летам 2000 г., неўзабаве пасьля прызначэньня ерадыякана Васіля выкладчыкам Жыровіцкае сэмінарыі БЭ РПЦ. Пры гэтым распачаў яго не сп. Барыс Данілюк, а сп. Міхась Белямук. Па сьведчаньню выхаванцаў і некаторых настаўнікаў Жыровіцкае сэмінарыі, Васіль ніколі не прыхоўваў сваё ліставаньне з прадстаўнікамі беларускае нацыянальнае эміграцыі ў ЗША і Кансысторыяй БАПЦ. Пры гэтым ліставаньне было ня толькі “інтэрнэтнае”, а і звычайнае. Лісты зь Амэрыкі надыходзілі непасрэдна на адрас Жыровіцкае сэмінарыі.

Мала таго, у 2001 г. засноўваецца АТ[ii] “Культурна–гістарычная Калегія імя Канстанціна Астрожскага”, арганізацыя амаль невядомая шырокаму колу беларускае інтэлігенцыі. Гэтая арганізацыя выдае ў працягу 2002–2003 г.г. тры выпуску “Запісак Культурна–гістарычнае калегіі імя Васіля Астрожскага”, сурэдактарамі якіх ёсьць а.д. Васіль (Касьцюк) і сп. Міхась Белямук[iii]

Цяжка паверыць: у 2000–2003 г.г. клірык і выкладчык БЭ РПЦ вядзе непрыхаванае супрацоўніцтва зь сьвядомымі беларусамі ЗША,больш таго – прадстаўнікамі БАПЦ і патрыяршы экзарх БЭ РПЦ мітрапаліт Філарэт не зьвяртае на гэта ўвагі. Нагадаем, што прыкладна ў гэты ж час пачаліся рэпрэсіі супраць а. Яна Спасюка[iv] і іншых прыхільнікаў Беларускай Аўтакефаліі, а таксама назіраецца жорсткае прасьледаваньне ўсіх сьвядомых беларускіх патрыётаў.

Яшчэ больш дзіўным выглядае наступны факт, пададзены ў паведамленьні газэты “Беларусь”: “Не жадаючы далей заставацца ў Маскоўскім Патрыяхраце, ён неўзабаве наладзіў лучнасьць зь Я. М. Мітрапалітам Ізяславам і Кансысторыяй БАПЦ, на запрашэньне якіх прыехаў летась у ЗША, праз тры месяцы знаёміўся з жыцьцём БАПЦ у замежжы, а Першагерарх ды амэрыканскае духавенства і вернікі БАПЦ знаёміліся зь ім.[v] Вынікае, што паміж 2000 і 2003 годам ерадыякан БЭ РПЦ і выкладчык Жыровіцкае сэмінарыі Васіль (Касьцюк) наведвае ЗША па запрашэньню БАПЦ, служыць зь яе сьвятарамі і не зазнае аніякіх прэтэнзій з боку свайго духоўнага кіраўніцтва з РПЦ МП.

Таму, рыхтуючы гэты матэрыял, мне давялося паразмаўляць з былымі жыровіцкімі сэмінарыстамі і некаторымі выкладчыкамі сэмінарыі, а таксама людзьмі добра абазнанымі ў жыцьці БЭ РПЦ. Усе ў адзін голас запэўнівалі мяне: Без згоды мітрапаліта Філарэта весьці падобную дзейнасьць немагчыма. Дык чаму да Касьцюка была такая паблажлівасьць? Можа ён сапраўды выконваў таемнае заданьне РПЦ МП? На вялікі жаль, гэта можа нам вытлумачыць выключна сам кіраўнік БЭ РПЦ – мітрапаліт Філарэт.

Але павернемся да нашага амаль дэтэктыву…

Пасьля некалькі год падобнага ліставаньня і працы, дарэчы цалкам таемнай і нікому ў беларускам асяродку невядомай, ерадыякан Васіль атрымоўвае “Адпускную Грамату” зь БЭ РПЦ.

Сама гэтая “адпускная грамата” – амаль сакрэтны дакумэнт. А ні ў Кансысторыі БАПЦ, а ні ў архіве Ўкраінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы (далей – ЎАПЦ) яе няма. Больш таго, сп-ры. Б. Данілюк і З. Пазьняк у сваіх артыкулах сьцьвярджаюць, што яе ніколі не бачылі. Ва ЎАПЦ – “бачылі, але копіі ўл. Васіль не пакінуў”. Дык што ж гэта за таемны дакумэнт?

Высьветліць становішча мне ўдалося ў канцылярыі БЭ РПЦ. Мне ветліва паведамілі, што ерадыякан Васілій (Віктар) Касьцюк адлічаны па ўласнаму жаданьню па–за штат з правам пераходу ў іншую япархію ў выніку… “хваробы несумяшчальнае зь знаходжаньнем у кліры”[vi]. Можа таму Касьцюк так старана прыхоўваў гэтую паперу?

Так альбо інакш, але “у выніку ў нядзелю, 7 сакавіка г. г., Я. М. Мітрапаліт Мяфодзій ўсьвяціў а. Васіля ў сьвятарскі сан ды ў канцы Сьв. Літургіі ўзвысіў у годнасьць ігумена, а пасьля архімандрыта. Сьледам за гэтым, у суботу, 13 сакавіка г. г., на ўсяночным часаваньні адбылося названьне архімандрыта Васіля япіскапам Бруклінскім і Баранавіцкім БАПЦ. Урэшце, у суботу, 20 сакавіка г. г., Іх Міласьці: Сьвяцейшы Мітрапаліт УАПЦ Мяфодзій й архіяпіскап Віньніцкі Раман ды япіскап Чаркаскі Якаў усьвяцілі архімандрыта Васіля ў япіскапскую годнасьць.” А 26 траўня 2004 г. новы япіскап Васіль прыляцеў у ЗША[vii].

Ва ўсёй гісторыі зь завязваньнем кантактаў паміж ерадыяканам Васілём (Касьцюком) і сьвядомай дыяспарай у ЗША, ягонага запрашэньня ў якасьці япіскапа БАПЦ яшчэ шмат белых плям. Але цяжка не пагадзіцца зь З. Пазьняком: наіўнасьць і даверлівасьць пэўных асобаў беларускае дыяспары больш чым дзіўная.

Місія нявыкананая…

Можна па рознаму ставіцца да вернікаў БАПЦ у ЗША ў якасьці практыкуючых праваслаўных хрысьціян, але абвінаваціць пераважную большасьць зь іх у адсутнасьці беларускага патрыятызму ды прыналежнасьці да беларускае культуры нельга. І тут заканамерна ўзьнікае пытаньне: Ці магчыма хуткая асыміляцыя ў дадзеным асяродку чалавека абсалютна далёкай ад беларускай мэнтальнасьці, культуры; чалавека – які выхаваны на расейскай культуры і сьвядомасьці? Варта нагадаць: Руская сьвядомасьць і культура, у тым ліку і праваслаўная, заўсёды несла імпэрскі этнафелітычны чыньнік і таму была антаганістам сапраўднае культуры і сьвядомасьці іншых праваслаўных народаў былой Расейскай імпэрыі. Безумоўна немагчыма, адкажа любы навуковец–дасьледчык культуралягічных пытаньняў. Але беларуская дыяспара, зь рэдкаснае ўпартасьцю, спрабуе аддаць кіраваньне БАПЦ падобным людзям. Тут мова ідзе ня толькі аб ул. Васілі (Касьцюке), а і ўл. Аляксандры (Салагубе), былым сьвятары Ігары Якунене ды яшчэ шэрагу асобаў.

Ці быў закладзены канфлікт паміж сьвядомымі беларусамі парафіі Кірылы Тураўскага ў ЗША і ўладыкам Васілём ужо ў справе ўладкаваньня нармальнага праваслаўнага жыцьця парафіі? І так, і не. Безумоўна, выпраўленьне асобных супярэчыўшых праваслаўнае традыцыі рэчаў было патрэбна. Слушна піша а. Сяргей Горбік, што гербу Пагоня і нацыянальнаму сьцягу не месца ў алтары[viii] (калі яны там знаходзіліся), але тлумачэньня гэтага факту зь любоўю, зь павагай да нацыянальных сымбаляў не прынесла б канфлікту. Бяда ў тым, што ўл. Васіль ніколі не паважаў гэтых сымбаляў нацыянальнае годнасьці беларусаў, яны былі для ягонага сэрца чужымі, патрэбнымі толькі як прылады для дасягненьня пэўных мэтаў. Як незразумела яму і барацьба беларускага народу за незалежнасьць па–за лавамі савецкага войска ў ІІ Сусьветнай вайне. Таму канфлікт быў закладзены ад пачатку і толькі чакаў часу выбухнуць.

Кульмінацыяй прыхаванага культуралягічнага і мэнтальнага канфлікту зрабілася наведваньня ўл. Васілём сьвяткаваньня “дня вызваленьня” Беларусі ў памяшканьні дзяржаўнае дэлегацыі Рэспублікі Беларусі пры ААН. Уласна не так само наведваньне, а прамова ўладыкі Васіля на гэтым сьвяце. Падтрымка існуючага беларускага рэжыму, падтрымка дзейнасьці БЭ РПЦ – усё гэта аніяк не суадносілася ня толькі з постацьцю дзеючага ўладыкі БАПЦ, а і наогул сьвядомага беларускага патрыёта.

Падтрымка прарасейскіх імпэрскіх асобаў на парафіі, зьяднаньня зь прыхільнікамі рэжыму – усё гэта сапраўды мела месца ў дзейнасьці ўл. Васіля ў ЗША. Вось толькі сябрам Кансысторыі і Рады БАПЦ патрэбна было не выдумляць байкі аб нейкіх “не паказаных уладыкам Васілём Граматах”, а сумленна і дакладна распавесьці аб ягонай дзейнасьці ды вызнаць сваю памылку ў запрашэньні яго ў якасьці герарха БАПЦ. Гэта б дазволіла пазьбегнуць памылак у супрацоўніцтве зь ул. Васілём ня толькі беларусам у Беларусі і Эўропе, а і герархіі і вернікам УАПЦ.

Варта спыніцца і на нейкіх міфічных спробах ул. Васіля “наладзіць нармальнае праваслаўнае жыцьцё ў БАПЦ”, аб якіх так любіць казаць сам уладыка і ягоныя прыхільнікі. Наладжваньня малітоўнага і набожнага жыцьця парафіі пачынаецца з катэхізацыі вернікаў, а не асабістых войнаў за нейкія кіруючыя пасады і закулісных гульняў. За час свайго знаходжаньня ў ЗША ўл. Васіль нават не паспрабаваў наладзіць нейкую місіянэрскую працу на парафіях, не спрабаваў арганізаваць нейкія сьвятарскае навучаньня або падрыхтоўку новага Сабору БАПЦ… Таму, на думку беларускае дыяспары ў ЗША і асабіста маю, гутаркі аб нейкіх спробах “выпраўленьня царкоўнага жыцьця БАПЦ” ёсьць толькі чарговым мітам самога ўладыкі Васіля.

Такім чынам, фактычна не прыняты сьвядомымі праваслаўнымі беларусамі ў ЗША, у канцы 2004 г. уладыка Василь вяртаецца ў Беларусь і селіцца ў кватэры сваёй маці ў Пінску.

Бой не скончаны…

Як засьведчыў сп. Б. Данілюк, выпраўляючы ўл. Васіля ў Беларусь “мы давалі яму апошні шанс”(зь агляду на папярэднюю дзейнасьць у ЗША – анёльскае, сапраўды праваслаўнае цярпеньне): у Беларусі ўладыка мусіў сустрэцца з прадстаўнікамі культурніцкіх і палітычных беларускіх арганізацыяў для дапамогі ў сьцьверджаньні ідэі Беларускае Аўтакефаліі, арганізацыі парафій БАПЦ (у выпадку адмовы рэгістрацыі – падпольных), падрыхтоўкі і рукапакладаньня новых беларускіх праваслаўных сьвятароў. Таксама плянаваліся кантакты зь герархамі і актывістамі брацкага руху ЎАПЦ… Відавочна – з боку сьвядомых беларукіх колаў уладыка Васіль сустрэў бы поўнае разуменьне і ўсялякую падтрымку падобнае дзейнасьці, а вось рэакцыя ўладаў і, галоўнае, БЭ РПЦ была б цалкам супрацьлеглай.

І тут, абсалютна лягічна, выявіліся ўскосныя прыкметы змовы БЭ РПЦ (магчыма і ўладаў РБ) зь япіскапам Васілём. Ён ня толькі не сустракаецца з прадстаўнікамі беларускіх арганізацый, а нават не перадае ім лісты ад беларускае дыяспары. Замест гэтага ён едзе ва Ўкраіну і скардзіцца на Кансысторыю БАПЦ герархам ЎАПЦ, выдаючы сябе за ахвяру, але атрымлівае… параду арганізоўваць аўтакефальныя парафіі ў Беларусі і пачаць шчыльна супрацоўнічаць зь дэмакратычнымі беларускімі арганізацыямі.

Зразумела, што аніякіх аўтакефальных парафій Касьцюк у Беларусі ствараць не зьбіраўся. Замест гэтага ён пачаў актыўна выкарыстоўваць нейкага Юрыя Чудзіна–Васілеўскага для паклёпу на БАПЦ і адсылаць блюзьнерскія ўказы сваім прыхільнікам у ЗША. Усю бязглуздасьць гэтых “указаў” досыць дакладна перадае З. Пазьняк: “У загадзе “япіскапа” выказана думка, што БАПЦ гэта “раскольніцкая групоўка, якая не належыць да праваслаўнай царквы”; што яна аддадзена пад “анафему”; што “ўсіх вернікаў БАПЦ і асобаў, якія зьвярталіся ў БАПЦ, трэба ізноў мірапамазаць, перавянчаць, пераадпяваць (гэта асабліва моцна!), сьвятароў перарукапакладаць, а міранам – каяцца, з моманту знаходжаньня ў БАПЦ”[ix]. Ці можа падобнае пісаць асоба, што на той час называла сябе “герархам БАПЦ”?

Спробы аднавіць свой кантроль над БАПЦ яп.Васіль працягвае ўвесь 2005 і нават 2006 г. Ён прымае ў Пінску прадстаўнікоў антыбеларускай групы ў ЗША, адсылае свае “Указы” і паведамленьні і нават спрабуе залучыць да барацьбы з прыхільнікамі Беларускай Аўтакефаліі герарха УПЦ (Канстантынопальскага Патрыярхату) архіяпіскапа Усевалада (Майданскага). Апошні згаджаецца надаць Касьцюку маральную падтрымку… але толькі ў справе стварэньня Беларускай Праваслаўнай Царквы ў дыяспары пад амафорам Усяленскага Патрыярха, што, як усе выдатна разумеюць, таксама супярэчыць інтарэсам БЭ РПЦ.

Здавалася, што ўся гульня БЭ РПЦ і яп. Васіля ў спробах узяць пад кантроль БАПЦ канчаткова скончана і герархіі РПЦ МП засталося вырашыць толькі далейшы лёс гэтага “япіскапа БАПЦ”…

Украінскі варыянт

Але, абсалютна нечакана, погляд кіраўніцтва адпаведнай службы РБ і БЭ РПЦ прыцягнула становішча ва Ўкраіне, дзе пасьля перамогі “памаранчавай рэвалюцыі”, аднавіліся спробы стварыць беларускія праваслаўныя парафіі. Гэтыя спробы, таксама абсалютна нечакана, знайшлі падтрымку кіраўніка Кансысторыі БАПЦ – спадара Барыса Данілюка. Ад пачатку восені 2005 г. пачалася актыўная дзейнасьць па пошуку магчымасьцяў рукапакладаньня беларускіх сьвятароў для парафій ва Ўкраіне, перамовы з вышэйшымі герархамі ЎПЦ КП і ЎАПЦ. Асабіста сп. Б. Данілюк у лістападзе 2005 г. сустракаўся па дадзенаму пытаньню з Патрыярхам УПЦ КП Філарэтам і той абяцаў дапамагчы[x].

У працяг выкананьня дамоўленасьцяў БАПЦ і УПЦ КП, у Чарнігаве, япіскапам УПЦ КП Мяфодзіем, быў рукапакладзены ў дыякана вядомы дзеяч беларускага руху Сяргей Горбік (чэрвень 2006 г.). Але зьмена палітычнага становішча ва Ўкраіне паўплывала і на адносіны ЎПЦ КП да беларускай дыяспары. Ужо ў верасьні таго ж году мітрапаліт Львоўскі і Сакальскі Андрэй (Горак) заявіў прадстаўнікам беларускага актыву і ЎА “Свабода”, што “беларускамоўнага служэньня ў УПЦ КП няма і нябудзе”. Такім чынам, пытаньне беларускіх парафій ва Ўкраіне “завісла ў паветры”. Але было відавочна, што падобны стан ня мог трываць доўга.

У канцы лістапада – пачатку сьнежня 2006 г. беларускі актыў аднавіў перамовы зь некаторымі герархамі ЎАПЦ і сустрэў зь іх боку суцэльную прыхільнасьць… Менавіта ў гэты час на арэну зноў выйшаў япіскап Васіль Касьцюк. Ужо ў пачатку зімы ён зьвяртаецца да кіраўніка ЎАПЦ Сьвяцейшага мітрапаліта Мяфодзія з прапановай “узяць пад сваё кіраваньне беларускія праваслаўныя парафіі ва Ўкраіне”. На вялікі жаль, зь агляду на недавер да пададзеных самім ул. Васілём фактаў, сёньня немагчыма аднавіць усе нюансы дамоўленасьцяў. Вядома толькі, што мова ішла толькі аб існаваньні беларускіх парафій ва ЎАПЦ і толькі на тэрыторыі Ўкраіны.

Атрымаўшы пэўную маральную падтрымку ў дадзенае справе, Касьцюк пачынае бурную дзейнасьць: Ён едзе ва Львоў, знаёміцца зь а.дыяканам Сяргеем Горбікам, наведвае архіяпіскапа Львоўскага Макарыя (УАПЦ) і ўсталёўвае кантакты са старшынёй Львоўскага праваслаўнага брацтва сп. Тарасам Дзьмітрыкам… Неўзабаве, 25 сакавіка 2007 г. ўл. Васіль Касьцюк у Львове рукапакладае а. Сяргея Горбіка ў сьвятара, прадстаўляе яго як беларускага сьвятар Львоўскаму архіяпікапу Макарыю і кіраўніцтву Львоўскага Праваслаўнага брацтва. Копія Граматы аб рукапакладаньні завяраецца натарыяльна і адсылаецца і ў канцылярыю ЎАПЦ. Аднак, зьдзяйсьняючы ўсё гэта, яп. Васіль дзейнічае не ад імя ЎАПЦ, а ад “Праваслаўнай Беларускай Царквы”, тлумачачы падобныя дзеі “жаданьнем увесьці гэтую Царкву пад амафор Канстантынопалю як Царкву беларускай дыяспары”.

Як неўзабаве высьветлілася, усе размовы ул. Васіля аб “пабудове кананічнае Беларускае Царквы пад амафорам Канстантынопаля” былі выключна шырмай, якая прыхоўвала намеры “пахаваць” беларускі праваслаўны рух ва Ўкраіне. Ад сакавіка 2007 і практычна да канца 2008 г. ул. Васіль нічога не зрабіў дзеля ўмацаваньня і пастырскае апекі над беларускімі парафіямі ва Ўкраіне і, адначасна, спыніў усе кантакты зь герархамі ЎАПЦ. Больш таго, летам 2007 г. ён зьмяняе назву “ПБЦ” на нейкі “Беларускі Грэка–Праваслаўны Рух” – арганізацыю царкоўнага кіраваньня раней невядомую ў ніводнай Праваслаўнай Царкве.

Але, дзякуючы актыўнасьці шэрагу прадстаўнікоў беларускай дыяспары ва Ўкраіне, беларускія праваслаўныя парафіі разгарнулі рэальную дзейнасьць разбудоўваючы беларускі аўтакефальны рух і ўладкоўваючы свае рэлігійнае жыцьцё. Яны выдаюць рэлігійную і богаслужбовую літаратуру, сьвяткуюць разам рэлігійныя і нацыянальныя сьвята. Натуральна, што падобная актыўнасьць не ўваходзіла ў пляны гаспадароў яп. Васіля ў Беларусі і калі пачало рабіцца зразумелым, што неўзабаве Касьцюк згубіць кантроль і над беларускім праваслаўным рухам ва Ўкраіне, – ад яго паслуг пачалі адмаўляцца і асноўныя ініцыятары ўсіх гэтых гульняў – БЭ РПЦ і, верагодней за ўсё, адпаведныя асобы ў КДБ Рэспублікі Беларусь.

У роспачы і жаданьні знайсьці новую нішу, Касьцюк кінуўся на змаганьне… “зь садаміяй у Пінскае япархіі БЭ РПЦ”. Тут ён разгарнуўся ва ўсёй склочнай “прыгажосьці”: збор і друкаваньне бруду; лісты да Маскоўскага Патрыярха і прэзыдэнта Беларусі, пракуратуру і г.д. Падобная дзейнасьць выклікала ў беларускага актыву, ды і клірыкаў БЭ РПЦ, толькі агіду і сьмех…

Апошняя “актыўнасьць” Касьцюка на беларускай ніве адзначылася пасьля спачыну ў ЗША мітрапаліта Ізяслава. Карыстаючыся добрай беларускай рэпутацыяй а. Сяргея Горбіка і шэрага іншых дзеячаў беларускага нацыянальнага руху, ул. Васіль спрабуе паказаць сабе “беларускім патрыётам”. Так, дзеля стварэньня падобнага іміджу, на ягоным сайце зьяўляюцца разьдзелы з кнігі Сяргея Ярша і Сяржука Горбіка “Беларускі супраціў”; матэрыялы аб патрэбе Беларускай Аўтакефаліі, пасланьня да нацыянальных беларускіх сьвятаў: 23 лютага (стварэньне Беларускай Краёвай Абароны ў 1944 г.) і Дня Волі (25 сакавіка).

Але беларуская дыяспара ў ЗША добра ведала ўсю праўду аб Касьцюке. Таму а ні ў якім разе не жадала зноў яго бачыць ў БАПЦ. У гэтым, як ні дзіўна, былі адзінадушны, нягледзячы на пэўныя асабістыя разыходжаньні, усе галіны БАПЦ. Крах усіх намаганьняў яп.Васіля зрабіўся відавочным у траўні 2008 г., калі адной з галінаў БАПЦ у япіскапа быў рукапакладзены ўкраінец ул. Сьвятаслаў (Вячаслаў) Логін. Беларуская гульня Касьцюка выявілася канчаткова пройгрышнай.

Разбурыць усё…

Пацярпеўшы паражэньне зь спробамі ўзяць пад свой кантроль Беларускі аўтакефальны рух, Касьцюк і ягоныя гаспадары зьвяртаюць сваю ўвагу на т.зв. “рускае альтэрнатыўнае праваслаўе” у Беларусі. Гэты момант дзейнасьці Касьцюка, які працягваецца і да сёньня, мяне, як і іншых сьвядомых праваслаўных беларусаў, цікаваць мала. Лічу – расейцы мусяць самі разабрацца з гэтым чалавекам. Але ж антыбеларускія сілы не маглі пакінуць дзейнымі і створаныя для прыкрыцьця Касьцюка беларускія структуры: як у Беларусі, так і ва Ўкраіне.

Справа разбурэньня “беларускага вэктару” канторы Касьцюка пачалася са зьмены на ягоным сайце. Пагоня – гэты сьвяты сымбаль Беларускай дзяржаўнасьці, быў зьменены на нейкую невыразную эмблему “Беларускага Грэка – Праваслаўнага Руху”. Неўзабаве зьнікла і эмблема…

Зьнікаюць зь сайту і матэрыялы па рукапакладаньню а. Сяргея Горбіка ў сьвятара. Ён усё часьцей называецца “дыяканам УПЦ КП”. Верагодна такім прымітыўным чынам Касьцюк спрабуе спыніць беларускамоўнае праваслаўнае служэньне ва Ўкраіне, але ж ягоныя спробы апынаюцца марнымі. Бо занадта шырока разышліся ягоныя ранейшыя ведамасьці аб зьдзейсьненай ім хіратоніі, засталіся сьведкі, фатаграфіі і падпісаная грамата.

Як загнаны ў кут зьвер кідаецца Касьцюк ад лета 2008 г. на “сваіх ворагаў”: то на БАПЦ, то на БЭ РПЦ… Ад РПЦ МП ён вымагае ня меней як “зьняцьця мітрапаліта Філарэта” і вызнаньне сябе “Пінскім уладыкам”.

Кусаючы руку цябе гадаваўшую…

Распавядаючы аб анатоміі здрадніцтва яп. Васіля Касьцюка нельга абыйсьці ягоныя адносіны і да Ўкраінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы. Царквы – з рук якой ён атрымаў ярэйскія і архірэйскія сьвячэньня.

Здаецца парадаксальным, але знойдзеныя ў інтэрнэце факты гавораць нам: Касьцюк, у сваіх выступах супраць аўтакефаліі, не абыходзіць і ЎАПЦ. Так, на расейскім сайце “Герархія Цэркваў” у апісаньні “Беларускага Грэка–Праваслаўнага Руху”, гаворыцца, што вернікі БГПР не падтрымліваюць ідэй аўтакефаліі… і таму не прынялі статуту ЎАПЦ. Пры гэтым аўтар і мадэратар інтэрнэт праекту сьцьвярджае – ведамасьці аб “БГПР” яму даслаў сам Васіль Касьцюк.

Падобныя размовы, калі ЎАПЦ называлася “царквой украінскіх нэанацыстаў”, гучалі і зборах пінскіх прыхільнікаў Касьцюка. А Кіраўнік УАПЦ, Сьвяцейшы мітрапаліт Мяфодзій, неаднойчы заслугоўваў нядобрых словаў ул.Васіля, у прыватнасьці ў часе размовы зь старшынёй Львоўскага стаўрапігійнага брацтва сп. Тарасам Дзьмітрыкам ды шэрагам іншых асобаў.

Што праўда, на сваім сайце Касьцюк асьцерагаўся даваць падобныя ацэнкі… Верагодна баяўся – герархія ЎАПЦ, у поўнай згодзе з герархіяй БАПЦ, можа пазбавіць яго сану на царкоўным судзе. Але ў яго элемэнтарна не хапала лёгікі: Гісторыя ЎАПЦ і БАПЦ шчыльна зьвязаны і выступаючы супраць Беларускай Аўтакефаліі – ты аўтаматычна выступаеш і супраць Аўтакефаліі Ўкраінскай.

Такім чынам, і ў адносінах да ЎАПЦ Касьцюк выказвае такую ж непавагу і ілжывасьць у розных формах, як і да БАПЦ.

Маскі скінуты

У канцы сьнежня 2008 г. ва Ўкраіну прыехаў архіяпіскап Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (галіны спачыўшага мітр. Мікалая) Ёван (Пуріц). Ён мае на мэце актывізаваць дзейнасьць БАПЦ у Беларусі і, адначасна, дапамагчы беларускамоўным парафіям ва Ўкраіне (па-за ўмоў іх канфэсійнае належнасьці). Сустракаецца ён і з прадстаўнікамі беларускіх парафій, якія яшчэ заставаліся ў фармальнай юрысдыкцыі яп. Васіля Касьцюка (ва Львове, Луцку і Роўна), а таксама зь архіяпіскапам Львоўскім Макарыям (УАПЦ).

У дусе хрысьціянскай любові, на працягу студзеня – канца красавіка 2009 г., архіяпіскап Ёван спрабуе сустрэцца і зь яп. Васілём. Неаднаразова яны дамаўляюцца аб сустрэчы на тэрыторыі Ўкраіны, але Касьцюк на сустрэчы не зьяўляецца пад рознымі падставамі. І, што асабліва цікава, мэты, якія дэкляруе архіяпіскап Ёван (аб’яднаньне праваслаўных беларусаў дыяспары пад амафорам Канстантынопальскага патрыярха), ёсьць аналягічныя дэкляраваным у 2005 – 2008 г.г. мэтам яп. Васіля…

Нарэшце, 12 – 13 красавіка ў Кіеве адбываецца сход праваслаўных беларусаў зь Украіны і Беларусі. Гэты сход прымае зварот і да ўл.Васіля Касьцюка з патрабаваньнем вызначыцца зь сваімі мэтамі. У гэтым звароце ставіцца пытаньне і аб “прыняцьці пад свой амафор падпольных парафій БАПЦ у Беларусі”. Неўзабаве Касьцюк тэлефануе ўл. Ёвану і згаджаецца не толькі на “сустрэчу пасьля Вялікадня”[xi], але і просіцца пад ягоны амафор. Адначасна, у гутарцы зь уладыкам Ёванам, Касьцюк завярае аб “гатоўнасьці ўзяць пад свой амафор парафіі БАПЦ у Беларусі” і дае згоду на друкаваньня свайго “Велікоднага Пасланьня” у часопісе “Беларуская Аўтакефалія”…

Сёньня ўжо магчыма амаль са 100% упэўненасьцю лічыць, што званок і ўяўная згода Касьцюка зьяўляліся добра прадуманай правакацыяй супраць архіяпіскапа Ёвана. Гэтая правакацыя мусіла даць падставу абвінаваціць: і ўладыку Ёвана, і рэдактара “Беларускай Аўтакефаліі” у ілжы. Бо ўжо праз дзень пасьля Пасхі на сайце Касьцюка зьяўляецца “Заява”, у якой ён адмаўляе ўсё сказанае ім ўладыку Ёвану…

Неўзабаве Касьцюк пачынае непрыхаваную вайну не толькі супраць БАПЦ, а і супраць асабіста а. Сяргея Горбіка. Лічу нявартым падрабязна апісваць увесь ход гэтай бруднай вайны: Тут і асабісты паклёп, абразы, распаўсюджваньне непраўдзівай інфармацыі і нават казкі аб мітычным “патрыярху Ануфрыі” …

Але на адным моманце, добра адлюстраваным на сайце самого Касьцюка, варта спыніцца, бо гэта некалькі разоў найлепш адлюстроўвае непраўдзівасьць і непрыстойнасьць гэтага “уладыкі”. Гэта – адмаўленьне ў ярэйскай хіратоніі а. Сяргея Горбіка, якую ўл. Васіль Касьцюк зьдзейсьніў 25 сакавіка 2007 г. і спасыланьне пры гэтым на ўладыку Ёвана (Пуріца).

Уласна сама хіратонія сумневаў не выклікае (яна пацьверджаная фота і дакумэнтам), але ў размове аб ёй Касьцюк спасылаецца на архіяпіскапа Ёвана (Пуріца). Я вырашала запытаць аб гэтым самога ўладыку Ёвана[xii]:

– Уладыка, япіскап Васіль спасылаецца на Вас, калі кажа аб адсутнасьці хіратоніі а. Сяргея Горбіка. Як Вы можаце гэта пракамэнтаваць?

– Мы малі зь ул. Васілём перапіску зь лютага па красавік 2009 г., некалькі разоў размаўлялі па тэлефону. Ён ніколі не адмаўляў, што зьдзейсьніў ярэйскую хіратонію а. Сяргея. Праўда пісаў, што а. Сяргей не мае добрай практыкі служэньня. Але ж адкуль можа ўзяцца практыка, калі адпраўляюцца беларускія службы ў невялікай капліцы?ым на ўладыку Ёвана (Пуріца).

юстроўвае ілжываць супраць асабіста мі.і мах, як і да БАПЦ. е ж ягоныя спро

– ул. Васіль сьцьвярджае, што Вы не надавалі а.Сяргею сан пратаярэя. Ці праўда гэта?

– Я надаў а. Сяргею сан пратаярэя 7 студзеня 2009 г. на службе ў Кіеве. Зрабіў гэта, бо бачыў і чытаў яшчэ раней у інтэрнэце ягоныя богаслужбовыя і багаслоўскія пераклады, артыкулы і кнігі. Лічыў – варта неяк адзначыць падобную працу. Потым я размаўляў зь ул. Васілём. Ён запытаў мяне: “Навошта я гэта зрабіў? Бо а.Сяргей – нацыяналіст”. Але я лічу, што любоў да сваёй Айчыны, свайго народу і жаданьне яму служыць ня ёсьць заганай. Потым я яшчэ раз пераканаўся ў правільнасьці сваіх дзей, калі паразмаўляў зь мастаком Алесем Пушкіным, палітыкам Вячаславам Сіўчыка і іншымі паважанымі беларусамі.

– Калі Вы апошні раз размаўлялі зь ул. Васілём? Што гэта была за размова?

– Пасьля ягоных непраўдзівых заяў, у канцы траўня 2009 г. я яму патэлефанаваў і запытаў: Ці не баіцца ён Госпада Бога, калі кажа няпраўду. На гэта ён адказаў, што гэта не мая справа. Таксама я яго праінфармаваў, што шэраг парафій ва Ўкраіне і Беларусі просяцца пад мой амафор. На гэта ён сказаў, што парафіі ва Ўкраіне яго не цікавяць і “ён іх адпускае”, а парафій БАПЦ у Беларусі “пад ягоным амафорам няма”. Потым на сайце зьявіўся такі ўказ, але ж зноў ён напісаў няпраўду: назваў а. Сяргея “дыяканам”. Бо мне па электроннай пошце прыслаў указ – там напісана – “сьвятара Сяргія Горбіка і парафіі ва Ўкраіне”

– Ці маеце Вы зараз кантакты зь яп. Васілём Касьцюком?

– З канца траўня 2009 г. ня маю і не хачу мець аніякіх зь ім кантактаў. Гэта – непраўдзівы чалавек, ён заўсёды падманвае, піша і кажа яўную няпраўду. Аб гэтым я кажу і казаў герархам УАПЦ, знайшоў у іх падтрымку. Напрыклад архіяпіскап Львоўскі Макары (УАПЦ) прама назваў архірэйскую хіратонію Васіля Касьцюка “памылкай герархаў УАПЦ”…

Замест эпілёгу

Я доўга думала як назваць свой артыкул. На думку прыходзілі розныя назвы, але, калі прасачыць увесь сёньняшні шлях яп. Васіля Касьцюка – бачыш поўную гісторыю падзеньня чалавека, анатомію здрадніка і здрадніцтва… Бо толькі Госпад Бог ведае каго і каму не здраджваў Касьцюк з 2004 па 2009 г., каму і чаму ён напраўду служыў. Таму ў канцы хачу паўтарыць запытаньне ўладыкі Ёвана: “Ці не баіцеся Вы Бога, ул.? Васіль Касьцюк?”



[i] Маецца пададзенае вышэй паведамленьне Кансысторыі БАПЦ і артыкул З.С. Пазьняка “Дзіўныя спра­вы ў Беларускім замежжы”. Але артыкул З.С. Пазьняка багаты на недакладныя і несапраўдныя факты. Таму сур’ёзна разглядаць яго няма сэнсу.

[ii] Цікава, што ў тлумачэньнях ул. Васіля – Асьветніцкае Таварыства, а ў адказе Брэсцкага выканкама – Акцыянэрнае Таварыства.

[iii] Нумары “Запісак” зьмяшчаюць багата крытычных матэрыялаў аб БАПЦ, дзеячах беларускай дыяспары Канады, асабіста добрай памяці мітрапаліце Мікалаю. Па сучаснаму сьведчаньню шэрагу людзей зь ліку беларускай дыяспары Канады, гэтыя матэрыялы ёсьць асабісты погляд сп. М. Белямука і далёка не заўсёды адпавядаюць рэчаіснасьці. Ды і фінансаваў гэтае выданьне асабіста сп. М. Белямук.

[iv] У самой гісторыі а.Яна Спасюка яшчэ шмат белых плямаў. Але тое, што яго найбольш прасьледвалі менавіта як аўтакефальнага сьвятара – гэта бясспрэчны факт

[v] НОВЫ ЯПІСКАП БАПЦ / “Беларус” №498 (электронны варыянт на сайце BIELARUS.org)

[vi] Крыніца ў БЭ РПЦ паведаміла, што часьцей за ўсё падобная фармулёўка ўжываецца да былых клірыкаў зь вялацякучым і бясьпечным для навакольных псыхічным захворваньням.

[vii] НОВЫ ЯПІСКАП БАПЦ / “Беларус” №498 (электронны варыянт на сайце BIELARUS.org)

[viii] Сьвятар Сяржук Горбік. У працяг дыскусіі. Львоў, 2007 г. б. 3

[ix] http://www.bielarus.net/archives/2005/08/10/283. Разам з тым мушу засьведчыць: побач зь сапраўднымі фактамі гэты артыкул утрымлівае шэраг непраўдзівых і абразьлівых зьвестак аб герархах УАПЦ і яе Кіраўніку Сьвяцейшым Мітрапаліце Мяфодзіі. Як мне ўдалося высьветліць, падобную інфармацыю аўтару артыкула, З.С. Пазьняку, надалі прадстаўнікі ЎПЦ КП у ЗША.

[x] Абяцаньні патрыярхам Філаретам былі выкананы толькі часткова і то пасьля моцнага ціску беларукага актыву: як зь ЗША, так і з Беларусі. Дапамагла ў іх вырашэньні і ЎА “Свабода”.

[xi] Тут і далей прыводзяцца дадзеныя інтэрв’ю ўл. Ёвана (Пуріца) аўтару ад 18 лістапада 2009 г. Пераклад з рускай і сэрбскай моў аўтара.

[xii] Тамсама.