Tuesday, September 14, 2010

БОГАСЛУЖБОВЫ ЦАРКОЎНЫ ГОД

Богаслужбовы царкоўны год у Праваслаўнае Царкве пачынаецца 1 верасьня. Імпэратар Канстанцін Вялікі, атрымаўшы 1 верасьня 312 года перамогу над Максентыям, дараваў хрысьціянам поўную свабоду спавядаць сваю веру. Айцы І Сусьветнага Сабору (325 г.) у памяць аб гэтым вызначылі пачынаць Новы год з 1 верасьня, як дня, які быў пачаткам “свабоды хрысьціянскае”.

У Кіеўскае Праваслаўнае Царкве гэтую дату пачатку новага царкоўнага году перанялі ад Царквы–Маці – Канстантынопальскае патрыярхіі.

Трапар Новага году, тон 2:

Усякай твары Стваральнік, які ў сваёй уладзе ўсталяваў часы й гады, дабраславі вянец году дабрыні Тваёй, Гасподзь, ахоўваючы ў міры дабраслаўлёны народ, гарады, вёскі і ўсе сялібы Твае, малітвамі Багародзіцы, і выратуй нас.

Кандак новага года, тон 2:

У вышынях жывеш, Хрыстос Уладар, усяго бачнага і нябачнага Стваральнік і будаўнік. Ты дні й ночы, часы і гады стварыў, дабраславі сёньня вянец году, захавай і абарані ў міры прававерны народ і гарады, вёскі і ўсе сялібы і людзей Тваіх, Шматміласьцявы.