Thursday, July 8, 2010

КАЛІ МЫ Ў ЧАС ХВАРОБЫ АДМАЎЛЯЕМСЯ АД ДАПАМОГІ ІНШЫМ, МЫ ПАЗБАЎЛЯЕМ ІХ ВЯЛІКАГА ШЧАСЬЦЯ

(слова да супрацоўнікаў)

мітрапаліт Антоні (Суражскі)

Мне думаецца, што хвароба і пакута нам даюцца ад Бога для таго, каб мы маглі вызваліцца ад такой прыхільнасьці да жыцьця, якая нам не дае магчымасьці глядзець у будучыню зь адкрытасьцю, зь надзеяй. Калі б усё было дасканалым, то ў нас не хапіла бы духу адысьці ад гэтай дасканаласьці. Але ж дасканаласьць, якая ў нас ёсьць на зямлі, так далёка ад той поўнасьці, якую мы можам атрымаць у Богу!

І мне здаецца, што людзям, якія хварэюць доўга, трэба дапамагчы ў двух рэчах. Па—першае, у тым, пра што я толькі што сказаў, — дапамагчы усьвядоміць: мяне Бог цяпер вызваляе ад палону, дае мне магчымасьць не прывязвацца да жыцьця, якое такое пакутлівае, хваравітае, дае мне магчымасьць глядзець у іншы бок, — у бок, дзе больш не будзе ні болі, ні пакуты, ні страху, дзе адчыняцца дзьверы і я апынуся перад тварам Самога Выратавальніка Хрыста, Які Сам праз усё гэта мінуў. Бо Хрыстос Сваёй добрай воляй увайшоў у жыцьцё, дзе ўладарыць сьмерць, і пакута, і страта Бога, і шляхам нашай сьмерці, як бы узяўшы на Сябе усю нашу чалавечую прыроду і сьмяротнасьць, вярнуўся ў вобласьць Боскай вечнасьці; гэта адзіны шлях, які нас вызваляе ад усяго таго, што нас робіць палоннымі, рабамі .

А другое (і гэта мне здаецца вельмі важна): калі мы цяжка хварэем або ідзем да сьмерці, навакольныя аб нас клапоцяцца, і часта хворы чалавек хварэе душой аб тым, што зрабіўся клопатам для іншых. Вось у гэтым хворага трэба разупэўніць. Ён не зрабіўся клопатам. Ён даў нейкім людзям шчасьце, магчымасьцю выявіць сваю любоў, сваю людзкасьць, быць ім спадарожнікам праз апошні пэрыяд жыцьця — у вечнасьць. Хворых трэба пераканаць, што пакуль яны былі здаровыя, моцныя, яны клапаціліся аб іншых, дапамагалі ім, не абавязкова ў хваробы, проста ў жыцьці; зараз яны могуць ад гэтых людзей атрымаць тую любоў, якую самі пасеялі ў іх душах, і ім даць магчымасьць паказаць сваю любоў і сваю падзяку. Калі мы адмаўляемся падчас хваробы ад дапамогі іншых, мы іх пазбаўляем найвялікшага шчасьця — нас далюбіць да канца. Гэта не абавязкова нашы родныя; гэта усялякі чалавек, які адклікаецца на нас.

Я думаю, што калі той, хто клапоціцца аб паміраючым, мог бы успрымаць адбыўшаеся зь ім, проста сядзець побач зь ім і не уносіць нічога самому, а толькі быць самому празрыстым, нямым, як мага глыбейшым, то верагодна, ён убачыў бы, як гэты чалавек спачатку сьляпы да вечнасьці, як бы зачынены ад вечнасьці сваім целам, сваёй цялеснасьцю, сваёй людзкасьцю. Паступова усё гэта робіцца больш празрыста, і паміраючы пачынае бачыць іншы сьвет. Спачатку, думаю, цёмны сьвет, а затым раптам сьвятло вечнасьці. я гэта аднойчы перажыў: мяне прасілі сядзець зь адной бабулькай, пакуль яна памірае. Было так выразна, што спачатку яна адышла ад часавага, цялеснага, грамадзкага жыцьця (яна вельмі была пагружаная ў зямное жыцьцё; ёй было 98 гадоў, і яна з глыбінь сваёй пасьцелі займалася сваімі камэрцыйнымі прадпрыемствамі). А потым паступова гэта адышло, і раптам яна убачыла цёмны сьвет, д'ябальскі сьветІ у гэты сьвет увайшло сьвятло Боскае — і увесь гэты д'ябальскі сьвет разьляцеўся, і яна увайшла ў вечнасьць. я гэтага не магу забыцца; я тады быў малады, быў студэнтам мэдыцынскага факультэту першага або другога курсу, і гэта ў мяне засталося.

Таму тыя маладыя людзі, якія даглядаюць за хворымі, акрамя таго, што яны даюць хвораму магчымасьць з падзякай і адкрытасьцю прымаць любоў, якая ім даецца — гэта вельмі важна — могуць зь імі сядзець у момант, калі хворы ужо не можа ніякім чынам ім сказаць аб тым, што ён цяпер бачыць альбо адчувае, але ведаць, што цяпер зьдзяйсьняецца пераход, і быць зь ім увесь гэты час, час пераходу.

Лёндан, 8 чэрвеня 2000 г.