У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Сёньня, у трэцяю Нядзелю пасьля Пяцідзесятніцы,
Сьвятая Праваслаўная Царква сьвяткуе Сабор Беларускіх сьвятых. Гэта вялікае
сьвята не толькі нашага, беларускага народу, але і ўсяго Кіеўскага Праваслаўя.
Бо вялікая колькасьць сьвятых, якімі Гасподзь праславіў Беларусь, ёсьць
сапраўдныя сьветачы не толькі Кіеўскага, але і Усяленскага Праваслаўя.
Ад глыбіні вякоў нашы продкі зьдзяйсьнялі подзьвіг
сьвятасьці, праслаўляючы Бацькаўшчыну ды усё Кіеўскае Праваслаўе. Бо менавіта
на Беларускай зямлі ягонае паўстала дзявочае манаства, якое распачала ў Заслаўі
княгіня Рагнеда – Анастасія, менавіта на нашай зямлі зазьзяў сьвяціцель Кірыла
Тураўскі – Залатавуст Кіеўскага Праваслаўя; у Беларускім Полацку зьдзейсьніла
свой вялікі подзьвіг сьвятая Еўфасіньня Полацкая – не толькі першая
праслаўленая сьвятая Кіеўскае Русі, а і першая жанчына, мошчы якой паклалі ў
Кіева–Пячорскае лаўры … І гэты сьпісак
сьвятых, што зазьзялі подзьвігам сваім на зямлі Беларускай вельмі вялікі, бо
вера беларускага народу заўсёды была моцная і шматлікія дзеці ягоныя без
ваганьняў бралі крыж свой і крочылі за Госпадам.