мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Эвангельле чытаецца ў цэрквы амаль на кожным набажэнстве, на кожнай службе мы стаім перад словам Божым і думаем, што гэтым мы становімся народам Божым, але ад нас патрабуецца значна большае, калі мы жадаем быць такім народам Божым, тым народам, які можа сказаць, што Боскае слова прыналежыць яму.
Біблія нарадзілася ў чалавечай абшчыне. Эвангельле нарадзілася ў Царкве; і ізраільская абшчына, і Царква Боская існавалі раней, чым паўстала Сьвятое Пісаньне. Менавіта знутры гэтай абшчыны нарадзілася пазнаньне Бога, любоў да Бога, бачаньне Яго невымоўнай прыгажосьці, бачаньне таксама стану і лёсу, станаўленьня і пакліканьня чалавека. Народ Божы – гэта такая абшчына, якая сьведчыць аб нейчым, што ёй дакладна вядома, што зьяўляецца яе жыцьцём, прадметам яе любові, яе радасьцю. Біблейскі народ – гэта не народ, які чытае Біблію, дакладна захоўвае яе і абвяшчае яе; сапраўдны народ Божы, сапраўдны народ біблейскі, сапраўдны народ эвангельскі павінен быць такой абшчынай, якая магла б сама напісаць Сьвятое Пісаньне, прапаведаваць яго зь уласнага досьведу, даць яму пачатак, нарадзіць яго. Калі мы не такая абшчына – мы не прыналежым сапраўды ні Эвангельлю, ні народу Боскаму.