Saturday, July 9, 2011

АКАФІСТ СВЯТОМУ ЯНУ ПАПЯРЭДНІКУ

Кандак 1
Непераможнага Ўладыкі прароку і папярэдніку, прыслаўнаму Яну Хрысьціцелю сьпяваем гэтую хвалебную песьню, а ты, спавясьціўшы аб прыходзе Выратавальніка, ад усялякіх бед збаў сьпяваючых:
Радуйся, слаўны Ян, Прарок, Папярэднік і Хрысьціцель Хрыстовы!
Ікас 1
Анёл – дабравесьнік зьявіўся Захарыю ў храме, каб спавясьціць яму аб вялікай міласьці Госпада, ён аб табе, Ян, прынёс радасную вестку, мы ж сьпяваем табе так:
Радуйся, дзівоснай Боскай Рады таямніца; радуйся, выкананьне цудоўнага задуму Боскага.
Радуйся, даўно прароцтвам Ісаі прадбачаны; радуйся, Збаўцы Папярэднік, прарокам прадказаны.
Радуйся, бо народжаны ты па абяцаньню Анёла; радуйся, бо ты абраны быць прарокам Усявышняга.
Радуйся, Голас Слова Госпада; радуйся, Папярэднік Сьвяціла Адвечнага.
Радуйся, зарніца, што папярэднічае прыходу Сонца Праўды; радуйся, Боскага Сьвятла сьвяцільнік.
Радуйся, анёл у целе, адукаваны Анёлам; радуйся, плод малітвы, Усявышнім падараваны.
Радуйся, слаўны Ян, прарок, папярэднік і Хрысьціцель Хрыстовы!