Гарбінскі Юры, Варшава
Як ведама, падзеі Другой Сусьветнай вайны й яе вынікі паклалі пачатак чарговай хвалі эміграцыі зь Беларусі, што доўжылася ад 1944 г. да другой паловы 1950—х гг. і мела палітычны характар. Як слушна заўважыў доктар Вітаўт Кіпель, пры выразна акрэсьленай сацыяльнай неаднастайнасьці гэтую хвалю, якую складалі сяляне, інтэлігенцыя, вайскоўцы, характарызавала “моцная беларуская нацыянальная сьвядомасьць, незалежніцкая ідэалёгія й абсалютная бескампраміснасьць да камуністычнае сыстэмы”. Паводле канфэсійнай прыналежнасьці пераважная большасьць эмігрантаў была праваслаўная, адна пятая ад агульнай колькасьці — каталікі, і невялікі адсотак — пратэстанты. Першапачаткова гэтая хваля эміграцыі затрымалася ў Заходняй Нямеччыне, Аўстрыі, Бэльгіі, Ангельшчыне, Францыі. Аднак ужо на пачатку 1950—х гг. большасьць беларусаў—эмігрантаў з гэтых краінаў перабралася за акіян — у ЗША, Канаду, Аўстралію, а таксама ў Аргентыну. Час паказаў, што ў складаных варунках эміграцыйнага жыцьця царква й рэлігія, нягледзячы на закалоты й крызысы, сталіся для многіх важнымі фактарамі захаваньня беларускага традыцыяналізму й нацыянальнай саматоеснасьці. Галоўную ролю пры гэтым адыгралі новазарганізаваныя парафіі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, адноўленай у чэрвені 1948 году ў Канстанцы (Нямеччына), і першыя беларускія прыходы ў грэцкай юрысдыкцыі ў ЗША й Канадзе.