Кандак 1
Абраны цудатворца і дзівосны праведнік Хрыстовы, звышгодны ойча Антоні, зь любоўю праслаўляючы богадагоднае жыцьцё твае, аб табе песьню ўдзячнасьці Богу прыносім. Ты ж, як маючы вялікую адвагу да Госпада, ад усялякага зла нас збаў, ды з радасьцю засьпяваем табе: Радуйся, звышгодны ойча Антоні, пустэльніцкага жыцьця настаўнік.
Ікас 1
Анёльскае жыцьцё ад юнацтва ўпадабаўшы, у запаветах Боскіх хадзіць жадаў, звышгодны ойча, і ў сэрцы полымя маючы да Госпада сілаў, розум да Боскага ўзьняў, часовае і зямное сьмецьцем лічачы. Таму, задумам Боскім аб табе зьдзіўленыя, зь верай сьпяваем табе так:
Радуйся, набожных бацькоў сын годны; радуйся, у набожнасьці імі выкаваны.
Радуйся, ад юнацтва за Хрыстом крочачы; радуйся, мітусьню зямную адкінуўшы.
Радуйся, вышэйшага вінаградніку Хрыстовага працаўнік руплівы; радуйся, пустэльнікаў настаўнік вялікі.
Радуйся, выратаваньня ўсім жадаючы; радуйся, шлях праўдзівага манаства паказаўшы.
Радуйся, сьвяцільнік, полымем Боскім запалены; радуйся, камень веры ў Хрыста нязломны.
Радуйся, мілатой Духу азораны; радуйся, дарам цудатворца абдораны.
Радуйся, звышгодны ойча Антоні, пустэльніцкага жыцьця настаўнік.