Кандак 1
Абраны Госпадам ад справы рыбацкай на пропаведзь Эвангельля і ад лоўлі рыбы на лоўлю душаў чалавечых у сьвятло праўдзівай веры, вялікі апостал, вучань, сябра і наперсьнік Хрыстовы, умалі адзінага сапраўднага Чалавекалюбца аб душах нашых. Бо Яго Ты ўпадабаў праўдзіва. Ды памілуе нас, просячых тваіх малітваў да Яго і сьпяваючых табе: Радуйся, апостал Ян, наперсьнік Хрыстовы і Багаслоў.
Ікас 1
Анёльскіх сілаў і ўсяго тварэньня Творцу, Уладыку і Госпада, апрануўшага плоць нашу і прыйшоўшага на зямлю дзеля нашага выратаваньня, убачыў ідучага каля мора Галілейскага і паклікаўшага цябе разам з братам тваім, Ян вялебны, у чыне апостальскім, пакінуўшы сеткі рыбацкія і бацьку твайго ў караблі, няўхільна ад часу таго крочыць у сьлед Выратавальніку. Праз гэта сьпяваем табе так:
Радуйся, праз любоў да Хрыста бацьку па плоці пакінуўшы; радуйся, Хрыстом Нябеснага Айца атрымаўшы.
Радуйся, сьвет і ўсе прыкрасы ягоныя адкінуўшы; радуйся, даброты нябесныя ва ўзнагароду атрымаўшы.
Радуйся, духам плоць цалкам скарыўшы; радуйся, дух твой Упадабанаму Настаўніку твайму Ісусу ў пакоры прынёсшы.
Радуйся, апостал Ян, наперсьнік Хрыстовы і Багаслоў.