прат. Сяргей Горбік
Вось ужо мінула некалькі тыдняў ад часу візыту Маскоўскага Патрыярха Кірылы ва Ўкраіну, а абмеркаваньні і дыскусіі вакол яго не сьцішваюцца. Не толькі ўсе палітычныя і рэлігійныя лідэры Ўкраіны палічылі неабходным выказаць сваё стаўленьня да гэтае падзеі, нават адзін з кіраўнікоў Украінскага Каталіцкага Ўнівэрсытэту (далей – УКУ) Міраслаў Марыновіч, грэка–каталік па веравызнаньню, выказаў нечаканую заклапочанасьць лёсам Украінскае Праваслаўнае Царквы Маскоўскага Патрыярхату (далей – УПЦ МП) у кантэксьце заяў і дзеяў Маскоўскага візыцёра… Дык у чым жа небясьпека візыту? Якія сапраўдныя мэты патрыярха Кірылы?
Паспрабуем крыху паразважаць…
Актыўная фаза разьдзяленьня Ўкраінскага Праваслаўя скончылася, нават па самым асьцярожным меркаваньням, да канца 90-х гадоў ХХ ст. Пасьля гэтага адбываліся толькі прыватныя, лякальныя міграцыі сьвятароў і вернікаў паміж усімі галінамі Ўкраінскага Праваслаўя. Пры гэтым, тут варта прыслухацца да кіраўніка прэс-цэнтру Украінскае Праваслаўнае Царквы Кіеўскага Патрыярхату (далей – УПЦ КП), уладыкі Еўстрація (Зары), які слушна заўважае, што пераходы зь УПЦ КП у УПЦ МП, аб якіх так гучна абвяшчаюць інфармацыйныя інстытуцыі УПЦ МП, здараюцца не радзей чым адбываецца зваротны працэс. Узаемная міграцыя сьвятароў і вернікаў, нават прыходаў, калі назіраць агульную статыстыку, дык наогул не ўплывае на колькасьць рэальных грамад і практыкуючых вернікаў. Пры гэтым усе папярэднія візыты Маскоўскага патрыярха аніякім чынам рэальна не стымулявалі пераходы зь УПЦ КП і Украінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы (далей – ЎАПЦ) у УПЦ МП. Наадварот, неабачлівыя заявы Маскоўскіх візыцёраў выклікалі абвастрэньне ўкраінска–рускіх адносін у самой УПЦ МП і, адпаведна, пэўны сыход украінскай часткі зь УПЦ МП.
Больш таго, сёньня і ЎАПЦ, і ЎПЦ КП далёка не такія слабкія, як гэта было ў першае палове 90-х гадоў ХХ ст. Яны не толькі маюць тысячы парафій і мільёны адданых вернікаў, шматлікі япіскапат і клір, адукацыйныя ўстановы, а і досыць моцную ўнутранаю арганізаванасьць ды матэрыяльную базу. Калі меркаваць паводле сацыяльнай самадастатковасьці грамадзкіх арганізацый, дык УАПЦ і ЎПЦ КП досыць самадастатковыя і сапраўды, як адзначаў патрыярх УПЦ КП Філарэт, могуць, пры неабходнасьці, спакойна існаваць і чакаць вызнаньня… вякамі.
Натуральна, мне могуць слушна запярэчыць: А праваслаўны, багаслоўскі аспэкт існаваньня “у ізаляцыі” і “без мілаты Боскай”? Тут варта зьвярнуць увагу апанэнтаў на тое, што пераважная частка парафіян УАПЦ і ЎПЦ КП жыве на Заходняе Ўкраіне і зьяўляецца ацэркоўленымі людзьмі зь дзяцінства. Шмат зь іх былі, па неабходнасьці і да паўстаньня Украінскіх Цэркваў, парафіянамі РПЦ МП. Няўжо гэтыя людзі не заўважылі б адсутнасьць мілаты ў УАПЦ альбо УПЦ КП? Альбо як растлумачыць шматлікія цуды ў храмах “раскольнікаў”, выздараўленьня пасьля Таямніц і па малітвах сьвятароў УАПЦ і ЎПЦ КП? Ды і аб “поўнай ізаляцыі” казаць цяжка, нават з таго боку, што Канстантынопальскі патрыярхат вядзе зь імі перамовы аб вызнаньні менавіта як Праваслаўнымі Цэрквамі.
Натуральна паўстае наступнае пытаньне: Ці разумеюць усё гэта ў Рускай Праваслаўнай Царкве Маскоўскага Патрыярхату (далей – РПЦ МП)? Так, разумеюць. Да падобнае думкі можа прыйсьці аналізуючы сур’ёзныя аналітычныя і навуковыя публікацыі праваслаўных дасьледчыкаў Расеі. А асабліва гэта бачна ў працэсе прыватнага абмеркаваньня праблемы разьдзяленьня Ўкраінскага Праваслаўя ў ліставаньні альбо кулюарах навуковых канфэрэнцый. Там, у неафіцыйнае абстаноўцы, прадстаўнікі Маскоўскага афіцыйнага праваслаўя сумленна кажуць аб тым, што “кропка невяртаньня” ва Ўкраіне даўно пройдзена; што сёньня ўсталяваньне кантролю РПЦ МП (УПЦ МП) над парафіямі УАПЦ і ЎАПЦ КП магчыма толькі праз дзяржаўны прымус і перасьлед (на ўзор сталінскага). На падобны гвалт, зь агляду на колькасны склад Украінскіх Цэркваў і палітычны лад Украіны, не рашыцца ніводны ўрад. Нават вельмі прыхільны да РПЦ МП, бо гэта будзе рэальным пачаткам грамадзянскае вайны…
Дарэчы, як прыклад і параўнаньне, можна прывесьці візыт папы Яна–Паўла ІІ ва Ўкраіну: Нягледзячы на вялікі рэзананс, гэты візыт аніяк не выклікаў масавы прыліў вернікаў у Рыма–Каталіцкі Касьцёл альбо Ўкраінскую Грэка–Каталіцкую Царкву.
Такім чынам, распавядзі аб тым, што “візыт патрыярха Кірылы мусіць спрыяць павялічэньню колькасьці УПЦ МП” альбо “памяншэньню ўплыву УПЦ КП і ЎАПЦ ва ўкраінскім грамадзтве” не адпавядае рэальнаму стану рэчаў.
Другі тэзіс (небясьпека візыту), які досыць сур’ёзна разглядае сябра кіраўніцтва ЎКУ Міраслаў Марыновіч, – гэта “увядзеньне прамога кіраваньня ў УПЦ МП шляхам дадатку да тытулу Маскоўскага патрыярха пасады “Кіеўскі”” і, як наступства, спыненьне ўкраінскіх працэсаў у ёй.
Давайце паглядзім на ЎПЦ МП адэкватным позіркам... Сёньня разам з прыхільнікамі Украінскай Памеснае Царквы, бачым тут досыць вялікую партыю прыхільнікаў “рускасьці”. Аб чым гэта гаворыць? Ды толькі аб тым, што нават калі ў выніку нейкага сабору УПЦ МП абвесьціць аб сваім непадпарадкаваньні Маскве, то аднадумства ў гэтым тут не пабачым. І, як вынік, Масква зноў абвесьціць нейкую групу “раскольнікамі”, а зь іншай зробіць “новую” УПЦ МП.
Ды і сама вага “украінізацыі” УПЦ МП ёсьць у пэўнае ступені перабольшана… У самой Расеі даўно (з канца ХІХ ст.) існуе служэньне на татарскае, чуваскае ды іншых мовах. Тут варта ўзгадаць старую савецкую тэорыю аб “нацыянальным па форме, савецкім па зьместу”. Праслаўленьне рускіх імпэратараў – забойцаў усяго ўкраінскага альбо асобаў сьвядома адмаўляўшых само існаваньне ўкраінскае нацыі, выкладаньне рускіх імпэрскіх ідэй, нават на ўкраінскай мове, ня ёсьць “узмацненьнем украінскае сьвядомасьці”.
Вынік ёсьць відавочным: Пры любых зьменах і ўкраінскіх працэсах ва ЎПЦ МП, там заўсёды застаецца “руская складавая”. Апошняя ніколі не дазволіць зьнікнуць РПЦ МП (УПЦ МП) ва Ўкраіне…
Па майму меркаваньню, менавіта замацаваньне статусу, найперш маёмаснага, прысутнасьці РПЦ МП ва Ўкраіне і быў сапраўднае і галоўнае мэтай візыту патрыярха Кірылы ва Ўкраіну.
І тут нам варта ўзгадаць адну цікавую акалічнасьць: Сёньня ЎПЦ МП валодае найбольш вядомымі сьвятынямі Ўкраінскага (не пабаюся казаць – сусьветнага) Праваслаўя. Гэта, найперш Кіева–Пячорская і Пачаеўская Лаўры. Але валодае не на правах уласнасьці, а на правах выкарыстаньня… Такім чынам вынікае, што валоданьне гэтае і некаторай іншае ўласнасьцю напрамкі залежыць ад колькаснага статусу УПЦ МП ва Ўкраіне. А падобны статус залежыць… ад замацаваньня ў сьвядомасьці праваслаўных вернікаў УПЦ МП адданасьці выключна Маскоўскаму патрыярхату.
Тут, у сьвятле разглядаемых падзей, варта ўзгадаць адну цікавую публікацыю на грэка-каталіцкім сайце РІСУ: Верніца Маскоўскага патрыярхату апісвае выпадак, калі ў час рэальнае небясьпекі яе дзіцяці (ён знаходзіўся ў рэанімацыйным аддзяленьні Тэрнопальскага шпіталю) яна пабачыла праваслаўную капліцу ў шпіталі і пабегла да яе, але… адмовілася памаліцца (асабіста) у капліцы … бо яна належыць Кіеўскаму патрыярхату!
Знаёмы лекар–псыхіятар засьведчыў, што ў падобным надзвычаным эмацыйным стане падобную забарону і рэакцыю ў верніка–хрысьціяніна традыцыйных канфэсій (праваслаўны, рыма-каталік, грэка-каталік) можа выклікаць толькі бар’ер у падсьвядомасьці. Сьмею сьцьвярджаць – падобны выпад, у кантэксьце рэакцыі падсьвядомасьці на “раскольнікаў”, у вернікаў УПЦ МП далёка не адзінокі. Вынікае, што за гады падзелу Маскоўскі патрыярхат здолеў пабудаваць мур у сьвядомасьці сваіх практыкуючых вернікаў і гэты мур, як сьведчыць навука, значна мацнейшы за ўсе юрыдычныя абставіны. Пры ўсіх спрыяльных абставінах спатрэбяцца гады каб зьнішчыць падобныя падсьвядомыя бар’еры.
Такім чынам, мы падыходзім да галоўнага: Усе заявы і выступы Маскоўскага гастралёра былі скіраваны на ўкараненьня ў сьвядомасьці вернікаў МП тэзы аб “адзінай выратавальнай РПЦ МП” і адзіным “рускім сьвеце”. І не проста ўмацаваньне, а ўмацаваньне на падсьвядомым узроўні. Бо, пры адсутнасьці магчымасьці фізычна зьнішчыць УПЦ КП і ЎАПЦ, толькі своеасаблівае праграміраваньне вернікаў дае магчымасьць утрымацца РПЦ МП ва Ўкраіне, і захаваць свой кантроль над сьвятынямі Кіеўскае Царквы, нават пры кананічным вызнаньні статуса Ўкраінскае (Кіеўскае) Праваслаўнае Царквы.
На мой погляд, менавіта падобнае праграмаваньне сьвядомасьці вернікаў УПЦ МП найбольш небясьпечнае не толькі дзеля Ўкраінскага Праваслаўя, а нават дзеля бясьпекі самой Украінскае дзяржавы. Бо, нават пры станоўчым вырашэньні кананічнага статусу Украінскае Царквы, дзеля вернікаў МП яна застаецца непрымальнай і варожай; а сама МП будзе стала рэпрадуктаваць з грамадзян Украіны, праз філязофію “рускага сьвету”, ворагаў украінскае дзяржаўнасьці.