Пятага траўня 1943 года чырвоныя сталінскія бандыты забілі вернага сына Беларусі, сьвятара Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, пратаярэя Івана Кушнера.
Справа БАПЦ, як і ўся беларуская нацыянальная дзейнасьць пад нямецкай акупацыяй, не адпавядала палітыцы Масквы. У ліпені 1942 г. немцы перахапілі радыёвую дэрэктыву з Масквы, у якой гаварылася: "Здраднікі павінныя быць высачаныя. Сьмерць здраднікам! Гэтае датычыць і сьвятароў, якія пайшлі на згоду з новымі нячысьцікамі й пачалі ім служыць". Савецкія партызаны мардавалі ў Беларусі ўсіх тых, хто прымаў удзел у Саборы. На другі дзень пасьля вяртаньня з Сабору быў замардаваны айцец Анатоль Сярпоў з Пастаўшчыны, пасьля - а. Вячаслаў Малашка, а. Мікалай Скабей, а. Антон Каліноўскі, а. Мікалай Дзяруга, прат. I. Кушнер, а. Аладка, а. К. Маеўскі. Савецкія партызаны мардавалі пераважна сьвятароў-беларусаў. Таксама й Армія Краёва, каб перашкодзіць арганізацыі беларускага нацыянальнага й рэлігійнага жыцьця ў Заходняй Беларусі, мардавала сьвядомых і актыўных беларусаў, а сярод іх праваслаўных сьвятароў. Акаўцамі былі зьверскі замардаваныя а. Іван Аляхновіч разам з матушкай, іераманах Лукаш, прат. Леванчук.



