Monday, June 20, 2011

НЯДЗЕЛЯ ЎСІХ СЬВЯТЫХ

мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Калі мы упершыню сустракаем Госпада, калі Бог нас прыцягвае ў Свой храм, зь якім трапятаньнем, зь якой глыбокай павагай мы уступаем у яго: усё ў ім для нас сьвята — і сьцены, і абразы, і людзі, якія зьбіраюцца ў ім. На вялікі жаль, праз нейкі час мы абвыкаем да сьвятыні, і мы прыходзім у храм, у лепшым выпадку, як у родны дом, без першаснага трапятаньня, а ў горшым выпадку — проста як у тое месца, дзе мы жадаем памаліцца самі, паставіць сьвечку... І мы забываем, што гэта — Дом Божы, што тут жыве Сам Бог, што гэта — часьціца вечнасьці на зямлі, а з тых часоў, як пачаліся ганеньні на Бога і на веруючых у Яго, храм зрабіўся месцам сховішча для Самага Бога. Гэта — сьвятое месца, працятае Боскай сьвятасьцю, сьвятасьцю Таго, Хто ў ім усяліўся пад нашу абарону, і Які нас адначасова абараняе непераможнай Сваёй сілай.
Гэтак жа мы павінны былі б ставіцца да кожнага чалавека, які носіць імя таго ці іншага сьвятога. Апостал кажа нам, што мы — храмы Жывога Бога. Так, але акрамя таго, як і зямныя храмы, мы прысьвечаны таму ці іншаму сьвятому. Як мы ставімся да тых сьвятых, імёны якіх мы носім? Хіба мы учытваемся ў іх жыцьцё, удумваемся ў іх лёс і ў асобу? Ці вучымся мы ад іх, як жыць з Хрыстом, што рабіць людзьмі, якія Боскія людзі? Калі мы так жылі б, то, аглядаючыся вакол сябе на кожнага чалавека, які знаходзіцца ў храме, мы бачылі б у ім, як я толькі што сказаў, храм Бога Жывога, прысьвечаны сьвятому, імя якога ён носіць. І як поўна глыбокай пашаны мы б ставіліся адзін да аднаго, да асобы, і да цела, і да лёсу кожнага зь нас.
І вось сёньня, калі мы сьвяткуем дзень усіх сьвятых, калі мы сьвяткуем імяніны кожнага зь нас, давайце паглядзім адзін на аднаго як бы новымі вачамі: паглядзім адзін на аднаго, верачы, што кожны зь нас — храм Сьвятога Духа а разам з гэтым храм, прысьвечаны таму ці іншаму сьвятому. І угледзеўшыся ў тое, што мы сёньня убачым, можа, на імгненьне, будзем адзін да аднаго адпаведна ставіцца: калі сустракаем чалавека, бачыць у ім храм Божы, і калі пазнаём яго імя, абгортвацца душой да сьвятога, імя якога ён носіць і поўна глыбокай пашаны ставіцца да гэтага чалавека і, сапраўды, да сьвятога, імя якога яму дадзена. Сёньня сусьветныя імяніны: паглядзім адзін на аднаго новымі вачамі. Кожны зь нас зьяўляецца сьвятыняй, целам Хрыстовым праз Хрост, храмам Сьвятога Духа. Як бы мы ні былі недасканалыя, апостал Павел не дарма кажа, што мы сьвятыню носім у гліняных пасудзінах. Так! Мы — гліняныя пасудзіны, але ў кожным зь нас спачывае узор Божы, кожны зь нас зьяўляецца месцам усяленьня Жывога Бога. Давайце зь сёньняшняга дня нанова — таму што я не веру, каб гэтага і раней не было — нанова вучыцца адзін да аднаго менавіта так ставіцца: як да сьвятыні. Амін.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.