Saturday, August 6, 2011

ПАМАЦЬ ПРАТАЯРЭЯ ІВАНА КУШНЕРА

Пятага траўня 1943 года чырвоныя сталінскія бандыты забілі вернага сына Беларусі, сьвятара Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, пратаярэя Івана Кушнера.
Справа БАПЦ, як і ўся беларуская нацыянальная дзейнасьць пад нямецкай акупацыяй, не адпавядала палітыцы Масквы. У ліпені 1942 г. немцы перахапілі радыёвую дэрэктыву з Масквы, у якой гаварылася: "Здраднікі павінныя быць высачаныя. Сьмерць здраднікам! Гэтае датычыць і сьвятароў, якія пайшлі на згоду з новымі нячысьцікамі й пачалі ім служыць". Савецкія партызаны мардавалі ў Беларусі ўсіх тых, хто прымаў удзел у Саборы. На другі дзень пасьля вяртаньня з Сабору быў замардаваны айцец Анатоль Сярпоў з Пастаўшчыны, пасьля - а. Вячаслаў Малашка, а. Мікалай Скабей, а. Антон Каліноўскі, а. Мікалай Дзяруга, прат. I. Кушнер, а. Аладка, а. К. Маеўскі. Савецкія партызаны мардавалі пераважна сьвятароў-беларусаў. Таксама й Армія Краёва, каб перашкодзіць арганізацыі беларускага нацыянальнага й рэлігійнага жыцьця ў Заходняй Беларусі, мардавала сьвядомых і актыўных беларусаў, а сярод іх праваслаўных сьвятароў. Акаўцамі былі зьверскі замардаваныя а. Іван Аляхновіч разам з матушкай, іераманах Лукаш, прат. Леванчук.
ПРАТ. ІВАН КУШНЕР
(У дваццатую гадавіну трагічнае сьмерці)

Дня 5 ліпеня 1963 г. мінула 20 гадоў ад трагічнае сьмерці а. прат. Івана Кушнера, каторы, дня 5 ліпеня 1943 году, быў забіты падчас выбуху міны, калі ехаў з Менску ў мястэчка Ракаў. Да ахвяр, якія нёс Беларускі Народ у барацьбе за сваю вольнасьць і незалежнасьць, далучылася яшчэ адна вялікая ахвяра. Загінуў беларускі сьвятар-патрыёт, які аддана працаваў над адбудовай Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, каторая была зьнішчана бальшавіцкім тэрорам.
Айцец прат. Іван Кушнер нарадзіўся ў 1908 годзе ў м. Лужкі Глыбоцкай акругі. Пасьля заканчэньня народнае школы ён паступіў у Віленскую Духоўную Сэмінарыю, якую скончыў у 1930 г. Пасьля рукапалажэньня ў сан сьвятара, у 1930 г., не пайшоў на прыход, а паступіў на Багаслоўскі факультэт пры Варшаўскім Унівэрсытэце, які закончыў у 1934 г. У 1935 г. а. Іван Кушнер абараніў магістарскую працу і атрымаў ступень Магістра Багаслоўя. У Сэмінарыі і на Багаслоўскім факультэце а. І.Кушнер быў заўсёды актыўны ў хоры, на сцэне, ды ў гуртках беларускае самадзейнасьці і абстынэнцыі.
Падчас вышэйшых студыяў служыў у праваслаўным прыходзе ў Валоміне, каля Варшавы, а пасьля заканчэньня Багаслоўскага факультэту быў назначаны ў 1934 г. настаяцелем прыходу Ятвецк на Беларусі.
У часе Другой сусьветнай вайны, у 1941 г. пакідае Ятвецк і пераяжджае ў Менск, дзе разам з іншымі беларускімі сьвятарамі і нацыянальным актывам працуе над аднаўленьнем Б.А.П.Ц.
У Менску ён быў настаяцелям царквы на Вайсковых могілках, быў сябрам Мітрапалітальнае Управы Беларускае Праваслаўнае Царквы, быў сябрам Перадсаборнае Камісіі й удзельнікам Аўтакефальнага Сабору Беларускае Праваслаўнае Царквы ў 1942 г., на якім чытаў рэфэрат «Пытаньне аўтакефаліі на Беларусі», у каторым падаў гістарычны матар’ял аб Беларускай Праваслаўнай Царкве, калі яна існавала як аўтакефальная, самастойная царква.
Цяпер, калі прайшло ўжо больш 20-ці гадоў пасьля Аўтакефальнага Сабору ў Менску (1942 г.) і час прыцьміў у памяці падзеі востра адчутага і перажытага зьместу ды трагізму змаганьня за родную царкву, за праяўленьне нацыянальнага «Я», перад намі, аднак, устаюць незабыўныя постаці барацьбітоў, узарваных мінамі, павешаных, спаленых, расстраляных, утопленых, замучаных, якія для ідэі дзяржаўнае незалежнасьці Беларусі аддалі самае найдаражэйшае - сваё жыцьцё. Да іх належыць і постаць а. прат. Івана Кушнера, які на 35-ым годзе свайго жыцьця загінуў ад міны, заложанай ворагамі Беларусі і Беларускага Народу.
Варожая рука зьнішчыла ў цьвеце год жыцьцё добрага сьвятара і шчырага патрыёта ды спрычыніла нязгасны жаль і сум матушцы, маленькай 5-цігадовай дачцы Алене, радні, прыхаджанам, сябрам і супрацоўнікам.
Няхай гэты ўспамін у 20-ую гадавіну трагічнае сьмерці будзе вянком на ягоную магілу.

Пратапрас. М. Лапіцкі



No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.